Зараз усе пакаштуем

Культура

Гэты жарт запісаны на тэрыторыі Валожыншчыны. Некаторыя жартоўныя апавяданні змешчаны ў кнізе Уладзіміра Зянько “Спадчына маёй маці”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1993 годзе. Гэта ўнікальная кніга выдадзена невялікім тыражом і вельмі хутка разышлася. Дарэчы, маці аўтара Зося Сымонаўна нарадзілася ў вёсцы Ласокіна Валожынскага раёна.

Ішла аднаго разу баба з торгу з Валожына. Сонца хілілася на захад, а ісці было вёрст з восем. Умарылася яна добра. Як-ніяк – пехатой на торг ды з торгу таксама. Кусок хлеба, што ўзяла з дому, з’ела на рынку, а грошай, што ўзяла за яечкі і масла, пашкадавала пускаць на яду. Іх жа трэба было збіраць на падаткі ці што іншае.

Дык, увайшоўшы ў лес, села на пянёк трохі адпачыць. Сядзіць яна так, аж зірк, падыходзіць да яе кум. Падышоў, прывітаўся, папытаўся, дзе была. “Відаць, змарылася, – кажа ён, – ды і есці, пэўна, хочацца?” – “Ды хватае аднаго і другога”. – “Дык, можа, перакусіце, засталося ў мяне ад абеду пару бабак і кусок кумпяка”, – сказаў кум. Ён развязаў торбачку, выняў з яе і падаў бабе яду. Як жа ж яна смачна пахла! Узяла яе баба, падзякавала, а кум развітаўся і пайшоў. Хацела яна перакусіць, ды перадумала: “Будзе добры гасцінец для дзяцей, а сама ўжо як-небудзь перацярплю”.

Тады яна ўстала і пайшла.

Прыйшоўшы дамоў, акрамя іншага, расказала і пра сустрэчу з кумам і яго гасцінец, які прынесла дамоў. “Зараз усе пакаштуем”, – сказала яна. Развязала торбачку і вытрасла гасцінец на стол. Зірнула, і вачам сваім не паверыла. Замест кумпяка на стале ляжаў кусок смаляка.

Ад рэдакцыі. Паважаныя чытачы, калі вам што-небудзь вядома пра Уладзіміра Зянько – аўтара кнігі ці яго маці, просьба звязацца з намі па тэл.: 55263.



Добавить комментарий