Каб газ прыносіў толькі карысць

У рамках акцыі “Дзень бяспекі пры карыстанні газам у быце” супрацоўнікі аварыйна-дыспетчарскай службы Валожынскага РГЗ ВУ “Дзяржынскгаз” правялі сустрэчу з вучнямі гімназіі № 1 г. Валожына.

Майстар АДС Аляксей Міхайлавіч Яблонскі з супрацоўнікамі Алегам Станіслававічам Александровічам і Валянцінам Валянцінавічам Кашкоўскім растлумачылі шасці- і сямікласнікам асноўныя правілы, якія кожны павінен выконваць, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі даволі ўпэўнена адказвалі на пытанні спецыялістаў. Большасць з іх умеюць карыстацца газавай плітой, тым больш, што, згодна з правіламі, іх узрост – 12 гадоў – дазваляе гэта рабіць (іншымі газавымі прыборамі карыстацца можна з 14 гадоў). Ведаюць школьнікі і нумар, па якім неабходна тэлефанаваць у выпадку падазрэння на ўцечку газу – 104.

А. М. Яблонскі падчас невялікай, але пазнавальнай лекцыі расказаў пра карысныя якасці блакітнага паліва, што спрыяюць павышэнню ўзроўню жыцця людзей. Разам з тым было падкрэслена: газ у спалучэнні з паветрам стварае выбухованебяспечную сумесь. У гэтых выпадках дастаткова невялікай крыніцы агню, каб адбыўся выбух вялікай разбуральнай сілы і ўзнік пажар. Былі названы найбольш частыя прычыны ўцечкі: выпадкова адкрытыя краны, парушэнні цэласнасці газаправодаў, паломкі прыбораў. Нагадалі спецыялісты і пра недапушчэнне балаўства і гульняў з любым складаным, у тым ліку і газавым, абсталяваннем.

Самым цікавым момантам сустрэчы стала дэманстрацыя спецыяльных прыбораў, што дазваляюць прафесіяналам распазнаваць наяўнасць парушэнняў, – паказаны дэтэктар чаднага газу, газааналізатары, паветрадуўка (прымяняецца для ачысткі памяшканняў пры загазаванасці), узмацняльнік гуку (выкарыстоўваюць для абвяшчэння людзей у выпадку ўзнікнення небяспекі) і іншыя.

Кожны з удзельнікаў сустрэчы – вучні і настаўнікі – атрымаў ад прадстаўнікоў складанай, але такой неабходнай службы памяткі з указаннем правіл карыстання газам і тэматычныя календары.

У хуткім часе акцыя будзе мець працяг у іншых установах адукацыі.

Валянціна КАРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars