Каб вабілі гасцей “Валожынскія гасцінцы”

    Развіццё інфраструктуры зялёнага маршруту “Валожынскія гасцінцы” абмеркавалі нядаўна ўдзельнікі спажывецкага кааператыва па развіцці аграэкатурызму і прадстаўнікі СМІ падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася на базе раённай бібліятэкі.

З вітальным словам выступіў Алесь Белы – удзельнік СК “Валожынскія гасцінцы”, гаспадар аграсядзібы “Марцінова Гусь”, каардынатар ініцыятывы, што рэалізуецца ў рамках праекта ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Ён пракаментаваў прэзентацыю, падрыхтаваную з мэтай ілюстрацыі праведзенай работы. Было адзначана: асноўная ідэя задумы пад назвай “Зялёны маршрут” – павышэнне турыстычнай прывабнасці раёна. Таму ў рамках ініцыятывы створаны (удасканалены) чатыры аб’екты аграэкатурызму.

Праведзена рэканструкцыя памяшкання пад міні-пякарню пры аграсядзібе “Марцінова Гусь” (Малая Люцінка). Там жа адкрыты экамузей традыцыйнай выпечкі і мясцовых раслінных водараў “Аптэчка прыемная”.

Яшчэ адзін музей – коннага пасажырскага і гужавога транспарту – з’явіўся пры аграсядзібе “Налібоцкія васількі” (Белакорац). У былой пуні размешчана незвычайная экспазіцыя: павозкі, сані, конная амуніцыя.

Пры сялянскай фермерскай гаспадарцы “Мядовая каралева” абсталявана “Апі-хатка” для аказання турыстам аздараўленчай паслугі “сон на вуллях”. Уздоўж сцен драўлянай пабудовы размешчаны вуллі. Зверху над імі знаходзяцца ляжанкі. Здаровы сон забяспечваецца сукупнасцю фактараў (пах мёду, мікравібрацыя і гудзенне пчол, фізіялагічная тэмпература, іанізацыя паветра).

Пашыраны тэхналагічныя магчымасці творчай майстэрні “Іслач” (Ракаў) – набыты лазерны гравёр і свідравальны станок для шкла. Інтэрактыўныя майстар-класы гравіроўкі па шкле, скуры, драўніне дазваляюць турыстам самім стаць аўтарамі незвычайных сувеніраў.

У рамках ініцыятывы таксама праведзена работа па ўдасканаленні Інтэрнэт-сайта “Валожынскіх гасцінцаў”, выдадзены інфармацыйны буклет аб водных і конных маршрутах, устаноўлены інфармацыйныя стэнды, убачыла свет дзіцячая кніжка-размалёўка на аснове легенд Налібоцкага краю.

З асобнымі прэзентацыямі выступілі Анастасія Хаўрук (“Мядовая каралева”), Васіль і Алена Рубцовы (“Іслач”), гаспадар “Налібоцкіх васількоў” Васіль Шакун. Яны звярнулі ўвагу прысутных на тое, што кластарная (узаемна дапаўняльная) сістэма, створаная ўладальнікамі сядзіб, рамеснікамі, дазваляе працаваць адзінай супольнасцю, узаемадзейнічаць і дапамагаць адзін аднаму.

Аб рэалізацыі ініцыятывы Валожынскага сельвыканкама “Птушка ў аб’ектыве” расказаў яе каардынатар, член СК “Валожынскія гасцінцы”, гаспадар сядзібы “За масточкам” Дзмітрый Наканечны. Ім разам з сацыяльнымі партнёрамі – ТЦСАН і Сакаўшчынскай школай – створана пляцоўка для назірання за птушкамі (бёрдвотчынг). У раёне гэта пакуль адзіны пункт, абсталяваны спецыяльнай тэхнікай.

Меркаваннямі і задумамі падзяліліся Васіль Грынь (“Засценак Скрыплеў”), Анатоль Ганец (“Ганка”), старшыня праўлення ГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, рэгіянальны каардынатар па Мінскай вобласці праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” Ірына Пашкун. Журналістам прадэманстравалі друкаваную прадукцыю, сувеніры, фотаздымкі. Была наладжана дэгустацыя фірменных страў ад кожнай аграсядзібы – удзельніцы мерапрыемства.

Вынік сустрэчы падвяла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Башаркевіч. Прадстаўніца ўлады зрабіла акцэнт на наступным: “Мы ўсе займаемся агульнай справай – папулярызуем Валожыншчыну ў цэлым і кожны яе куток асобна. Развіццё турызму карысна не толькі для гаспадароў аграсядзіб, але і для эканомікі раёна. Чым больш гасцей завітае да нас, тым больш грошай заробіць кожная арганізацыя (незалежна ад формы ўласнасці), што зможа прапанаваць карысныя паслугі і цікавыя тавары, а для гэтага патрэбна працаваць адзінай камандай”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Каб-вабілі-гасцей-Валожынскія-гасцінцы-1

Каб-вабілі-гасцей-Валожынскія-гасцінцы-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars