Адкрытае першынство раёна па шашках, прысвечанае памяці ветэрана спорту, заўзятага аматара гэтай гульні М. Ф. Саўкіна, сабрала 15 удзельнікаў не толькі з Валожына і раёна, але і моцных шашыстаў з Барысава, Жодзіна, Стоўбцаў, Мядзеля.
Першае месца заваяваў Аляксандр Кур’ян з Барысава, другое і трэцяе – Адам Сабалеўскі з Жодзіна і Казімір Лаўрыновіч са Стоўбцаў. Тройка прызёраў адзначана грашовымі прызамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Галоўным суддзёй спаборніцтваў быў Вячаслаў Косік. Дарэчы, некаторыя ігракі прыязджалі на турнір ужо не ў першы раз, таксама з’явіліся і навічкі, у прыватнасці, шашысты, якія занялі першае і другое месцы.
У рамках круглагадовай спартакіяды школьнікаў прайшлі спаборніцтвы па рускіх шашках. У іх прынялі ўдзел сем каманд з чатырох чалавек (3 хлопчыкі і дзяўчынка).
Першае месца заняла каманда Багданаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, другое і трэцяе – Гародзькаўскага і Пяршайскага ВПК. Каманды ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі.
На працягу некалькіх дзён у Маладзечне праходзіла першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2004-2005 гадоў нараджэння, у якім удзельнічалі 11 каманд.
Мацнейшымі аказаліся баскетбалісты з Лагойска, на другой і трэцяй прыступках п’едэстала гонару – каманды нашага раёна і Маладзечанскага.
У адкрытым кубку па настольным тэнісе, прысвечаным памяці воіна-інтэрнацыяналіста В. Сліжа, прымалі ўдзел юнакі і дзяўчаты 2005-2007, 2008 гадоў нараджэння і маладзейшыя.
У першай падгрупе сярод хлопчыкаў месцы размеркаваліся такім чынам: першае – Ягор Шчогалаў, другое і трэцяе – Улад Адашкевіч і Мікалай Шчогалаў. У дзяўчат лепшы вынік паказала Дзіяна Ліхтаровіч, другое і трэцяе месцы занялі Лізавета Сучкевіч і Надзея Кавалёва. У другой узроставай групе лепшым сярод хлопчыкаў быў Стас Язубец, другое і трэцяе месцы ў Арцёма Лобача і Мацвея Таўгяня. Сярод дзяўчынак лепшы вынік у Аліны Бункевіч, другі і трэці – у Веранікі Скадорвы і Яны Сівай.
У Валожыне прайшоў турнір па валейболе сярод юнакоў 2004-2005 гадоў нараджэння. Каманда “VOL.KI” – гаспадары турніру – прымала сваіх равеснікаў са спецыялізаваных школ: Маладзечанскай ДЮСШ “Алімпік-2011” і Мінскай СДЮШОР в/к “Мінск”.
Першае месца занялі валейбалісты з Маладзечна, другое – мінчане, трэцяе дасталася нашым землякам. Усе каманды былі ўзнагароджаны грашовымі і салодкімі прызамі.
У пачатку сакавіка каманда навучэнцаў ДЮСШ Валожынскага раёна прыняла ўдзел у першынстве Мінскай вобласці ў праграме спартакіяды ДЮСШ па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2003-2004 г. н. у Мінску. Па выніках спаборніцтваў 3-е месца заняла Анастасія Смолік (вагавая катэгорыя да 40 кг).
А 28 сакавіка ў такіх жа спаборніцтвах прынялі ўдзел нашы юніёры і юніёркі 2000-2002 г. н. У выніку ў вагавой катэгорыі +90 кг 2-е месца дасталося Даніілу Жданюку, трэція месцы – у Анастасіі Зайкоўскай (да 57 кг) і Юрыя Паўлава (да 60 кг). Да абласных спаборніцтваў каманду падрыхтаваў Вадзім Аляксандравіч Калашнікаў.