Віктар Перагудаў: “Чалавек шчаслівы, калі ў суладдзі душэўнае, цялеснае і духоўнае…”

Герой сённяшняга выпуску «Сустрэч» – наш зямляк, беларускі святар, настаяцель прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец протаіерэй Віктар Георгіевіч Перагудаў. Напачатку года айцец Віктар атрымаў прэмію Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі «За духоўнае адраджэнне” за заслугі па арганізацыі сацыяльнай дапамогі дзецям-інвалідам і іншым катэгорыям грамадзян. У коле шматлікіх спраў ён знайшоў час пагутарыць з журналістамі раённай газеты і падзяліўся многімі цікавымі фактамі і назіраннямі з жыцця.

 Протаіерэй Віктар Перагудаў нарадзіўся 18 кастрычніка 1957 года ў Валожыне. У 1996 годзе скончыў Мінскую духоўную семінарыю. У 1993 годзе прыняў святарскі сан, пасля чаго быў прызначаны настаяцелем храма ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай у г. п. Івянец. З 1994 па 2007 год сумесна з вернікамі і на сродкі дабрачынцаў айцец Віктар ажыццяўляў будаўніцтва храма і крыптавай царквы ў гонар свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага, па праекце архітэктара В. Ф. Даніленкі. У 2013 годзе на месцы сястрынскага корпуса былога Івянецкага жаночага манастыра пабудаваў капліцу.

На працягу шматлікіх гадоў у прыходзе айцец Віктар ажыццяўляе шэраг сацыяльных дабрачынных праектаў, накіраваных на адрасную дапамогу дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, састарэлым і сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва. Дзякуючы гэтаму незвычайнаму чалавеку, у в. Пральнікі ў 2004 годзе на добраахвотныя ахвяраванні быў пабудаваны прыхадскі Дом міласэрнасці “Вікторыя”. Тут праводзіцца рэгулярная работа па сацыяльнай адаптацыі, аздараўленні, ацаркаўленні і рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, размяшчаецца багадзельня для састарэлых людзей, пункт раздачы гуманітарнай дапамогі, стайня для заняткаў з дзецьмі іпатэрапіяй. Акрамя таго, з 2009 года ў Пральніках вядзецца рэстаўрацыя закінутага будынка могілкавага храма-ўсыпальніцы памешчыкаў Ратынскіх у гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Пры прыходзе створана таксама маладзёжнае братэрства ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай, якое займаецца духоўна-асветніцкай і сацыяльнай працай. На працягу 19 гадоў пры падтрымцы прыхода ажыццяўляецца аздараўленне дзяцей у Швецыі ў рамках супрацоўніцтва з Чарнобыльскім камітэтам г. Смёген. У 2016 і 2017 гадах па ініцыятыве айца Віктара ў Маладзечанскай епархіі былі праведзены два міжнародныя мастацкія пленэры “Святасць зямлi беларускай” з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны і Чэхіі. Усе атрыманыя ад продажу напісаных карцін сродкі ідуць на дапамогу і падтрымку праектаў, якія рэалізуюцца прыходам.

Айцец Віктар праводзіць актыўную працу па духоўна-патрыятычным і маральным выхаванні моладзі, што пражывае на тэрыторыі, якая абслугоўвае прыход. У кастрычніку 2015 года для вывучэння, захавання і папулярызацыі беларускага дзіцячага фальклору пры нядзельнай школе храма быў створаны дзіцячы танцавальны фольк-гурт “Васілёк”, які ўзначаліла былая танцорка харэаграфічнага ансамбля “Журавінка” Наталля Гаркун. Калектыў наведаў у 2017 годзе Швецыю, дзе паспяхова выступіў з канцэртнай праграмай.

У дні святкавання Светлага Хрыстовага Ражджаства ў 2016 годзе маладзёжнае братэрства правяло першую дабрачынную акцыю “Робім цуды разам”. Сямнаццаць крызісных сем’яў рэгіёну атрымалі святочныя прадуктовыя наборы, а дзеці – салодкія падарункі. А ў дні Светлага тыдня 2017 года маладзёжнае братэрства пры падтрымцы прыхода правяло дабрачынныя выезды ў дамы адзінокіх, хворых і састарэлых людзей пад назвай “Велікоднае пасланне”.

 

 

    – Айцец Віктар, раскажыце нашым чытачам, якія пачуцці ўзнікалі пры атрыманні прэстыжнай прэміі ад кіраўніка краіны?

– Удзячнасць і радасць ад таго, што наша агульная царкоўная справа па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-інвалідаў шырока прызнана грамадствам і ацэнена на самым высокім узроўні. Прэзідэнт сказаў вельмі важныя словы: «Дзеці павінны адчуць, што яны патрэбны дзяржаве». Сёння мы і стараемся працаваць менавіта так, каб даць усвядоміць дзецям, што яны патрэбныя. Памылкова бачыць у іх толькі фізіялогію. Кожны дзень з імі – нейкае адкрыццё. Яны дапамагаюць нам заставацца людзьмі, а мы ў гэты час праходзім тэст на чалавечнасць. Яны вучаць нас шчыра, адкрыта любіць, вучаць тварыць моцную малітву… Больш за 10 гадоў займаемся дзеткамі. І ўсё больш я радуюся, што грамадства адкрываецца насустрач ім. У нас валанцёрамі працуюць нават кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі бізнес-колаў. Радуе, што столькі людзей хочуць дапамагаць, рэалізоўваючы пры гэтым сябе.

    – Царква будавалася звыш дзесяцігоддзя. Як адважыліся ўзвесці праваслаўны храм у каталіцкім, па сутнасці, мястэчку?

– Тут справа ў постаці святой Еўфрасінні. Ведаеце, я мару, што калісьці Дзень памяці нашай нябеснай заступніцы ўзыдзе ў ранг дзяржаўнага свята, як гэта практыкуецца ў многіх іншых краінах. Зачын быў пакладзены 100 гадоў назад, калі тут з’явіліся праваслаўныя манашкі. Мы не сумняваліся, што святая Еўфрасіння нас не пакіне. Падтрымала моцна і раённая ўлада. Кожная ахвяраваная вернікамі капейка лягла ў падмурак і сцены храма. Доўга будавалася царква, але вырасла яна на гістарычным, святым, намоленым месцы.

    – Ці шмат вернікаў наведваюць службы?

– Дастаткова ў Івянцы і акрузе праваслаўных. Пасля Другой сусветнай вайны сюды прыехалі настаўнікі, інтэлігенцыя. Іншая справа, што людзі былі адарваны ад царквы. Але на ўзвядзенне храма яны адгукнуліся з радасцю. З агульнай работы я вынес такі досвед: першы дзень ты капаеш сам, на другі прыходзіць дарадца, а на трэці ён і сам бярэ рыдлёўку. Але толькі пры той умове, калі ўсе тры дні ты таксама капаеш сам. Гэты прынцып праўдзівы для любой справы.

    – Вы з’яўляецеся адным з тых праваслаўных святароў-энтузіястаў, якія вядуць набажэнствы на беларускай мове. Як такое рашэнне прымалася?

– Па благаславенні Уладыкі Філарэта. Я ў свой час узначальваў маладзёжны рух Праваслаўнай царквы. Нашы пачынанні ў кірунку беларусізацыі богаслужэнняў былі падтрыманы Уладыкам. Іншая справа, што давялося істотна і калегіяльна папрацаваць, каб стварыць прыстойныя пераклады кніг. Былі да гэтага падобныя спробы, у тым ліку і замежныя, але яны не падыходзілі для службы. Тады Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі благаславіў на стварэнне біблейскай камісіі, якая стала распрацоўваць адаптаваныя, кананічныя пераклады Бібліі і іншых царкоўных кніг на беларускую мову. Насельніцтва прыняло гэта натуральна. І цяпер праца працягваецца і распаўсюджваецца.

    – Вы марылі звязаць жыццё са служэннем Богу?

– Гэта вынік доўгіх роздумаў аб сэнсе жыцця і асабістага месца ў ім.

    – Якія галоўныя якасці павінны быць у святара?

– Шчырасць і любоў. Усеабдымная, да Бога і да людзей. Забываючы пра сябе.

    – У царкве чаму павучаеце прыхаджан?

– Як правільна бачыць выратаванне душы. Радасць даецца ад адчування еднасці з Богам. Можна ўсё жыццё падаваць запіскі і ставіць свечкі, але так і не наблізіцца да Яго…

    – З чаго пачынаецца Ваш дзень?

– З удзячнай малітвы. За тое, што Бог мяне цярпіць і дае магчымасць працаваць.

    – Хто сёння дапамагае Вам у працы?

– Сям’я, у першую чаргу. Матушка-памочніца. Сёстры міласэрнасці, якія займаюцца сацыяльным складальнікам. І людзі, што гатовы ўзяць на сябе клопат па суправаджэнні дзетак-інвалідаў па жыцці, становячыся, часам і ўпотай ад уласных родных і блізкіх, але па закліку душы, іх хроснымі бацькамі. Такіх, дарэчы, усё больш…

    – Асноўнае правіла ў Вашай сям’і?

– Заўважай тых, хто вакол цябе. Спяшайся рабіць дабро. Жыві не дзеля сябе –­ дзеля іншых. Члены сям’і далучаюцца да агульных памкненняў. Цяпер распрацоўваем новую форму работы з дзеткамі – каністэрапію. Лячэнне зносінамі з сабакамі асабліва карысна для аўтыстаў. Гэту справу ўжо ўзяў на сябе зяць. Зараз ён навучаецца на анлайн-курсах, а неўзабаве ў Пральніках завядзём яшчэ і калматых памочнікаў.

    – Пра што марыць айцец Віктар?

– Царква пабудавана, сад пасаджаны, дзве дачкі, зяць… А мару я аднавіць Пральніцкую царкву, вярнуць ёй аўтэнтычнасць, напоўніць людзьмі. Ёсць яшчэ адзін праект, які выношваю. Мадэль сумеснага постінтэрнатнага суправаджэння дзяцей-інвалідаў. Дом пры царкве, дзе яны атрымаюць вопыт жыццёвы і сацыяльны, змогуць адаптавацца ў грамадстве. Дзе педагог будзе вадзіць іх у магазін і навучыць выбіраць тавары. Дзе яны будуць даглядаць за агародам і кветкамі… Такі вопыт вядомы ва ўсім свеце. Але задумка патрабуе вялікіх сродкаў. Праўда, я ўжо працую над гэтым і спадзяюся, у пэўны час пастукаю ў дзверы да спонсара.

    – Вялікі Вам дзякуй, айцец Віктар, і Божай дапамогі ў справах.

Над матэрыялам працаваў

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars