Выпальванне травы – стыхійнае бедства

Штогод з надыходам вясны выпальванне сухой травы ператвараецца ў рукатворнае стыхійнае бедства.

Часам гэта робіцца наўмысна сельгасарганізацыямі для ачысткі палёў ад непажаданай расліннасці, але значна часцей прычынай загарання становяцца нядбайнасць, неасцярожнасць, хуліганства дарослых людзей, у якіх «хапае розуму» выкінуць непатушаны недакурак з акна аўтамабіля, пакінуць вогнішча пасля пікніка або пачаць выпальванне травы проста так. Нярэдка запалку ў траву дзеля забавы кідаюць дзеці, што зусім не думаюць пра наступствы.

У 2017 годзе ў экасістэмах адбылося 1599 пажараў на агульнай плошчы 517,2 га. Ратавальнікі ліквідавалі 106 лясных пажараў, 39 узгаранняў тарфянікаў. Зафіксаваны 1454 выпадкі гарэння травы і кустоў.

Вырашыць праблему з леташняй травой і смеццем можна двума спосабамі: вывезці на звалку або спаліць. Людзі аддаюць перавагу другому, больш хуткаму і зручнаму варыянту. Аднак пра захаванне правіл бяспекі ніхто нават не задумваецца.

Яркім прыкладам няўдалага вырашэння праблемы стаў выпадак у Вілейскім раёне, калі ў 2016 годзе ад падпаленай травы ўспыхнулі тры дамы і чатыры хлявы.

З году ў год эколагі і выратавальнікі заклікаюць людзей не паліць траву на сваіх падворках. Агонь бязлітасны, ён не толькі знішчае раслінны слой, гаспадарчыя пабудовы, але і наносіць сур’ёзныя траўмы самім падпальшчыкам. Вельмі часта ахвярамі травяных пажараў становяцца пенсіянеры. Моцнае задымленне, слабасць пажылых людзей, парывы ветру – усе гэтыя складальнікі заканчваюцца трагедыямі.

У Валожынскім раёне з пачатку сакавіка ратавальнікі ўжо 15 разоў прыцягваліся на тушэнне загаранняў сухой расліннасці. Толькі за 9-10 красавіка адбылося 14 такіх выпадкаў: па адным у в. Высокае Гародзькаўскага, в. Дварэц Дорскага, в. Серкулі Івянецкага, в. Дубіна-Баярская Валожынскага сельсаветаў, два выпадкі ў Валожыне і інш. У в. Дубіна-Баярская з-за выпальвання сухой травы прама ў двары знішчаны дзве пабудовы. У в. Дварэц была вялікая пагроза распаўсюджвання агню на вёску, але выратавальнікі паспелі своечасова ліквідаваць узгаранне.

Ратавальнікі нагадваюць, што неабходна быць асцярожнымі пры навядзенні парадку:

– вывезіце смецце ў спецыяльна адведзенае месца;

– калі без спальвання не абысціся, выберыце пляцоўку так, каб выключыць пажар, адлегласць да будынкаў павінна быць не менш за 10 м, ад ляснога масіву – 20 метраў, 30 метраў – ад месцаў, дзе складзіруюцца сена або салома. Паліць адходы можна толькі ў бязветранае надвор’е, полымя трэба  пастаянна кантраляваць, ні ў якім разе не пакідаць без нагляду;

– не забывайце пра вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, лапату;

– выпальванне сухой расліннасці і пажніўных рэшткаў, траў на корані катэгарычна забараняецца.

Згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць (арт. 219, 270, 276 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Валожынскі РАНС

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars