Працуе, каб дарыць надзею

працуе-каб

Урач-неўролаг райпаліклінікі Тамара Леанідаўна УРБАНОВІЧ узнагароджана Ганаровай граматай Мінаблвыканкама.

Сціплы чалавек, яна ўсё жыццё старанна пазбягае лішняй публічнасці. Тым не менш, валожынцы добра ведаюць строгага, але спагадлівага доктара. Яе спецыялізацыю можна назваць суровай. І сапраўды, неўралогія не для слабакоў. Для таго, каб паставіць чалавека на ногі, часам даводзіцца адмовіцца ад лішняй чуллівасці.

З дзяцінства ведала: яе месца ў медыцыне. Нават матэматыка, якую любіла і разумела, не захапіла настолькі, каб зрабіць “навуку навук” справай жыцця. Марыць аб урачэбнай дзейнасці пачала пасля таго, як прачытала раман М. Герчыка “Обретение надежды”. Адразу замахнуцца на медыцынскі інстытут не асмелілася. Скончыла медвучылішча, нейкі час працавала фельчарам, і толькі калі ўпэўнілася ў тым, што медыцына – сапраўды яе лёс, падала дакументы на лячэбны факультэт.

Агульнавядомы факт: у медыцынскіх навучальных установах, асабліва вышэйшых, вучыцца цяжка. Тамара Леанідаўна сцвярджае, што ў дачыненні да яе гэта не так. Выдатная памяць, пэўны вопыт і матывацыя – вось сакрэт таго, што ўсе складаныя прадметы даваліся з лёгкасцю, хапала часу на літаратуру, кіно, тэатры. Менавіта ў гады студэнцтва захапілася даследваннем нервовых захворванняў, наведвала навуковы гурток. Ужо тады вырашыла, што мазгавая дзейнасць – самы цікавы для яе кірунак. Дарэчы, зараз неўролагам падуладны самыя перадавыя метады дыягностыкі і лячэння, яна ж прыйшла ў прафесію, калі пра камп’ютарную ці магнітна-рэзанансную тамаграфіі можна было толькі марыць. У многіх выпадках урачам даводзілася давяраць уласнай інтуіцыі. Самым прыемным у сваёй працы Тамара Леанідаўна лічыць моманты, калі не пацвярджаюцца страшныя дыягназы і хвароба адступае. Упэўнена, каб дабіцца поўнай папраўкі, доктар, пацыент і яго родныя заўсёды павінны дзейнічаць як каманда аднадумцаў.

Заўзятая аптымістка, якая сцвярджае, што ёй “усюды добра”, планавала застацца ў родным Маладзечне, але трапіла ў Валожын – і цудоўна! Мела намер пасля неабходнай адпрацоўкі здзейсніць пераезд, але выйшла замуж –  што ж, сам лёс распарадзіўся… Больш за ўсё ганарыцца сям’ёй, радуеца статусу бабулі, верыць у любоў і сяброўства. Умее працаваць у камандзе, але пры наяўнасці выбару аддае перавагу дзейнасці, калі можна адказваць толькі за ўласныя рашэнні. “Я – стапрацэнтны выканаўца, не начальнік”, – гаворыць доктар, што між іншым мае значны вопыт адміністрацыйнай работы. Хоць да авантурызму і не схільная, дапускае моманты рызыкі, лічыць, што лепш паспрабаваць зрабіць нязвыклае, чым пасля ўсё жыццё шкадаваць аб нескарыстаных шанцах…

Калегі Тамары Леанідаўны ўпэўнены: яна ўвогуле пазбаўлена эгаізму. Таму зусім нечакана гучаць яе словы: “Каб быць здаровым, неабходна любіць сябе, паўнацэнна адпачываць, дазваляць калі-нікалі штосьці вельмі прыемнае і абавязкова сябраваць з фізкультурай”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars