Скарбніца Налібоцкай пушчы

скарбніца

У рамках праекта “Распрацоўка інтэграцыйных падыходаў да кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі з улікам прынцыпу ландшафтнага планавання з мэтай атрымання шматбаковых выгод”, які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, на Валожыншчыну былі запрошаны прадстаўнікі рэспубліканскіх СМІ. Прэс-тур адбыўся напярэдадні Сусветнага дня Зямлі, які з 1971 года адзначаецца 22 красавіка.

Сустрэча праходзіла на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”. Кіраўнік праекта А. Г. Арцюшэўскі, навуковы каардынатар А. В. Казулін, дырэктар заказніка В. У. Гуркоў і супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах В. В. Шакун пастараліся, каб журналісты як мага больш даведаліся пра жывёльны і раслінны свет нашага краю, ацанілі ўнікальныя прыродаахоўныя напрацоўкі вучоных, пазнаёміліся з перспектыўнымі кірункамі дзейнасці.

Папулярны ў былыя часы лозунг “Мы не будзем чакаць міласці ад прыроды…” сваю актуальнасць страціў. Ужо даказана: чым менш чалавек умешваецца ў біялагічныя працэсы навакольнага асяроддзя, тым яны здаравейшыя. На шматлікіх ахоўных прыродных тэрыторыях зараз ідзе аднаўленне іх спрадвечнага стану. Заказнік “Налібоцкі”, што займае амаль 90 тысяч гектараў, не выключэнне. Гэты ўнікальны лясны масіў не толькі фарміруе воблік наваколля, але і падтрымлівае яго водную сетку, захоўвае сотні відаў дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, многія з якіх засталіся ў адзінкавых экзэмплярах.

Поймы ракі Іслач спрадвеку славіліся лугамі. “Вельмі ўжо добрая сенажаць цягнулася па забалочаным беразе рэчкі каля Рума амаль да пушчы. Трава расла такая, што стане чалавек – і не ўбачыш яго, а густая, як касой звярнуць! – чытаем у кнізе Лідзіі Гардынец “Ад твайго парога”, напісанай па ўспамінах мясцовых старажылаў. – Усё лета касілі, сушылі траву. Насілкамі выносілі яе на вышэйшае месца. Там рабілі стажар’і – выкладвалі ніз галлём і ставілі на яго стагі. Скідаюць стажок, абскубуць, каб кругом роўненькі быў, як першы агурочак. Такі не зацячэ нават у самы вялікі дождж. А зімой ладзілі талаку: адразу прывозілі 5-6 вазоў сена. Накладалі многа, конь ледзь зрушваў з месца, і хоць па снезе лягчэй, чым летам у калёсах, усё роўна, пакуль дабяруцца ў сваю вёску, у скаціны ўся спіна ў мыле…”

Калі прыватны статак пачаў рэзка змяншацца, патрэбнасць у выкошванні адпала. Лугі параслі хмызняком і ў значнай ступені страцілі сваю прыроду. Вучоныя разлічваюць, што аднавіць іх першапачатковы выгляд дапамогуць парнакапытныя. Папуляцыі зуброў, ласёў, аленяў, казуль неабходна павялічыць. У планах – завесці так званых быкоў Хека, якія выведзены штучна і з’яўляюцца носьбітамі генаў старадаўняга волата беларускіх лясоў – тура. Сярод «рарытэтаў» жывёльнага свету, страчаных намі, – тарпаны. Тарпанавідныя коні ўжо існуюць і ў хуткім часе могуць пасяліцца ў Налібоцкай пушчы. Гэтай кампаніі траваедных кармоў у заказніку хопіць. Падлічана, што адных зуброў нашы лясы здольны прытуліць у дзясяткі больш. Зараз жа ў заказніку і яго ваколіцах існуюць 80 асобін гэтых магутных жывёл. Пры вазе да 2,5 тоны яны з месца лёгка пераскакваюць перашкоду вышынёй у 2 метры! Магчыма, сакрэт іх уражваючай моцы ў мацярынскім малацэ тлустасцю 11 працэнтаў. Зубрыха корміць цяля звышспажыўным сырадоем паўтара года. Шкада, даіць такую “кароўку” складана…

Налібоччына мае яшчэ адзін від фаўны, які застаецца прадметам зайздрасці суседзяў, – заходнееўрапейскага глушца. Птушка звялася ў Літве, Польшчы, Чэхіі, Германіі. За самачку глушца замежныя аматары дзікай прыроды гатовы выкласці грошы, як за зубра. Продаж стане магчымым, калі папуляцыя размножыцца. У спецыяльнай вальеры заказніка “Налібоцкі” для птушак створаны ўмовы, максімальна набліжаныя да натуральных. За паводзінамі глушцоў спецыялісты назіраюць пры дапамозе скрытай відэакамеры. Відовішча захапляльнае!

У той дзень журналістам удалося пазнаёміцца з павадкамі глушца, пабачыць ласёў, высакародных аленяў, пахадзіць экалагічнымі сцежкамі, падняцца на назіральныя вышкі і, вядома ж, значна павялічыць багаж ведаў. На заключнай прэс-канферэнцыі прагучала агульнае меркаванне: прырода і яе ахова – невычэрпныя тэмы, якія цікавяць кожнага чалавека. Журналісцкай “браціі” выпала місія сачыць за зменамі ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”. Пабачанае дало падставу высока ацаніць дзейнасць яго супрацоўнікаў.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars