Ініцыятыва ініцыятыўных

Навучальны семінар “Стварэнне спецыялізаваных працоўных месцаў для моладзі з інваліднасцю” прайшоў на базе раённай бібліятэкі. падчас яго падведзены вынікі мясцовай ініцыятывы “Даступная прафесія для моладзі ў сельскай мясцовасці”, што рэалізавана ў рамках праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю».

Удзельнікаў мерапрыемства – прадстаўнікоў сацыяльных службаў і грамадскіх арганізацый з Валожына, Мінска, Маладзечна, Смаргоні, Пухавічаў, Жыткавічаў – вітала Ірына Куксік, каардынатар ад грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” праектаў, што ажыццяўляюцца пры фінансавай падтрымцы агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Ва ўступным слове яна адзначыла: «Задумы, якія рэалізуюцца на Валожыншчыне, – адны з самых цікавых на ўзроўні рэспублікі. Большасць з іх маюць сур’ёзную практычную накіраванасць, па-сапраўднаму спрыяюць сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Вырошчванне грыбоў-вешанак – бадай самая складаная і паспяховая ініцыятыва праекта».

Пра тое, як узнікла ідэя, якія этапы давялося прайсці ініцыятарам і ўдзельнікам, расказала Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч – старшыня раённай арганізацыі “БелАДІіМі”, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, кіраўнік ініцыятывы. У свой час прапанову разам з 14-ю іншымі адобрылі да ўдзелу ў міжнароднай праграме, на яе рэалізацыю выдаткаваны неабходныя сродкі. Далей былі намаганні па праходжанні экалагічнай экспертызы, закупцы якаснага абсталявання і міцэлію грыбоў, праводзіліся рамонт і спецыяльная апрацоўка падвала, узводзілася цяпліца. Адначасова спецыялісты, паглыбіўшыся ў літаратуру і Інтэрнэт-рэсурсы, вывучалі тэхналогію. Як вынік – доўгачаканая прэзентацыя гатовай прадукцыі адбылася. Зняты тры ўраджаі, праведзена некалькі майстар-класаў па кулінарнай апрацоўцы каштоўнага прадукту. Самае галоўнае, дзесяць выхаванцаў аддзялення ў бліжэйшы час атрымаюць сертыфікаты, што сведчаць пра набыццё маладымі людзьмі з інваліднасцю прафесіі “Спецыяліст па вырошчванні грыбоў-вешанак”. Нядаўна шасцярым выплачана першая ў іх жыцці зарплата.

Удзельнікам семінара была паказана прэзентацыя. Пры яе стварэнні выкарыстаны фотаматэрыялы, з дапамогай якіх захаваны кожны момант рэалізацыі ініцыятывы.

Сур’ёзныя вынікі работы не былі б магчымымі без падтрымкі мясцовай улады, якую на мерапрыемстве прадставілі начальнік і намеснік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі і М. А. Іода. Як адзначыў Леанід Вікенцьевіч, стварэнне спецыялізаваных працоўных месцаў з мэтай працаўладкавання людзей з інваліднасцю – галоўны момант ва ўзаемаадносінах райвыканкама і грамадскіх арганізацый сацыяльнага кірунку.

Уражаннямі ад удзелу ў агульнай справе падзяліліся Аляксей Шчарбачэвіч, Таццяна Баўтрэль, Павел Цыбульскі – непасрэдныя ўдзельнікі ўсіх этапаў.

Вольга Генрыхаўна Пракопчык – намеснік дырэктара ТЦСАН праінфармавала гасцей аб рабоце ўстановы. Яе калегі з іншых раённых цэнтраў мелі магчымасць задаць пытанні і атрымалі на іх падрабязныя адказы.

Удзельнікі семінара наведалі спецыялізаваную майстэрню, дзе пабачылі вынік намаганняў дружнай каманды, пазнаёміліся з умовамі працы, змаглі пераняць набыты вопыт, прынялі ўдзел у зборы новага ўраджаю. Дарэчы, у бліжэйшых планах удзельнікаў ініцыятывы – будаўніцтва яшчэ адной цяпліцы, якое адбудзецца ў бліжэйшы час.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars