З любоўю – да зямлі, да мастацтва, да песні…

з-любоўю

29 красавіка спаўняецца 50 гадоў Лізавеце Станіславаўне Пятроўскай – кіраўніку Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” і  хора касцёла св.  Дамініка ў Ракаве.

Па пладах іх пазнаеце іх…                                        

Кожнае дрэва добрае родзіць добрыя плады…

Мц 7, 16-17

     Лізавета Станіславаўна – чалавек шматграннага таленту: мае цудоўны голас, іграе на колавай ліры, акарыне, гітары, апрацоўвае народныя песні, складае свае, піша вершы, акрамя гэтага, займаецца выцінанкай і іншымі народнымі рамёствамі. Мае здольнасць мастака-графіка – створана галерэя партрэтаў родных, сяброў, знакамітых постацей Беларусі. Ёсць у яе і жывапісныя работы, напісаныя алеем. Яна добры арганізатар і ўмелы кіраўнік. Створаныя ёю калектывы “Гасцінец”, дзіцячы ўзорны “Вянок” і сямейны “Крона” сталі ўжо  брэндам культурнага жыцця Валожыншчыны. Гэта яркая, самабытная з’ява ў сузор’і талентаў Міншчыны – спевы, побытавыя танцы, сцэнічныя нумары на мясцовым матэрыяле з аўтарскай пастаноўкай, адроджаныя сямейна-абрадавыя і каляндарна-абрадавыя святы. Названыя калектывы ўдзельнічаюць у абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і фестывалях. І дзе б яны ні выступалі – заўсёды поспех. Толькі самаахвярная шматгадовая праца, энтузіязм душы, падзвіжніцтва, шчырае служэнне справе, мэта якой – працягваць традыцыі нашых продкаў, маглі даць такія плады.

Праца была высока ацэнена і звычайнымі гледачамі, і экспертамі. Асабіста Лізавета Станіславаўна і яе калектывы адзначаны шматлікімі дыпломамі і ўзнагародамі, і ўсе яны аднолькава дарагія для кіраўніка – на пэўным этапе. Назаву дзве апошнія ўзнагароды за 2017 г.:

Ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь – “Гасцінцу”;

Медаль імя Францыска Скарыны – Л. Пятроўскай за асабісты ўклад у развіццё мастацтва і культуры.

 

 

Непаўторны

свет маленства

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.

Якуб Колас

– Мая калыска, дарагі, любы сэрцу куточак, які заўсёды вабіць, кліча, хвалюе… – так ласкава называе мая гераіня родную вёску Пілюжыну, дзе ў вялікай сям’і Станіслава і Станіславы Лямбовічаў (Ліза была пятым дзіцем з шасці) пашчасціла нарадзіцца яшчэ адной дзяўчынцы.

– З малых гадоў маю ў душы дзве творчыя “стрэмкі”: музыка і маляванне. У школу хадзіла ў Вуглы, потым у Сівіцу, за чатыры кіламетры – за дарогу вунь колькі можна песень праспяваць! І калі даходзіла чарга да “Юного барабанщика”, то не магла стрымліваць слёз, кідала пець і пачынала нешта маляваць дубцом проста на дарозе. У школе любімымі прадметамі, вядома, былі спевы і маляванне, але захаплялася і геаграфіяй, гісторыяй, асабліва гісторыяй сярэдніх вякоў.

З дзецьмі любіла гуляць у розныя рухавыя гульні. Зімой каталіся на санках, лыжах, ляпілі замкі са снегу. У хаце з малодшай сястрой Хрысцінай любілі гуляць у тэатр, ад старэйшых сясцёр заўсёды адчувала апеку. Хадзілі па грыбы і ягады. Ягады здавалі, а за атрыманыя грошы куплялі неабходнае для школы, і ад таго былі рады. Дапамагалі дома па гаспадарцы, таксама працавалі на калгасных “дзялках”: палолі буракі, бручку…

Успамінаюцца рэлігійныя традыцыйныя святы: Сёмуха, калі тата прыносіў з лесу бярозкі, якімі ўпрыгожвалі ганак; Каляды, асабліва куцця і падарункі пад елачкай, пакладзеныя Дзедам Марозам. А былі падарункі сціплыя, але такія дарагія: алоўкі каляровыя, альбом для малявання, ручкі, арэшкі… Чакалі з нецярпеннем Вялікдзень, бегалі “па жаках”, а вечарам чакалі валачобнікаў. І колькі было радасці, шчасця, уцехі… А ўражанняў!

 

 

Духоўная повязь

пакаленняў

Жывём мы пад кронай сямейнага дрэва,

Нас разам з імі яднае Любоў –

                                    да зямлі,

                                                да мастацтва,

                                                да песні…

Лізавета Пятроўская

Якую б пышную крону ні мела дрэва, яно засохне, калі не будзе моцных каранёў, што трымаюць гэта дрэва, сілкуюць яго сокамі жыватворных крыніц зямлі.

Такімі каранямі для юбіляркі з’яўляюцца яе дзяды з вядомага роду Лямбовічаў-музыкантаў. Усе яны – бацька, дзед, прадзед, дзядзькі, цёткі – мелі дачыненне да музычнага мастацтва (ігралі на акардэоне, цымбалах, скрыпцы, бубне, аргане…), дзед Міхась яшчэ і рамантаваў арганы, гармонікі. У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры захоўваецца копія дыплома-пасведчання аб уручэнні яе прадзеду Кліменту Лямбовічу сярэбранага медаля за зроблены керамічны арган. Гэты музычны інструмент і дзве яго фісгармоніі яшчэ да вайны захоўваліся ў касцёлах Валожыншчыны.

На жаль, прадметы матэрыяльнай культуры не могуць жыць вечна. Але духоўныя каштоўнасці, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, будуць захоўвацца столькі, колькі будуць мець працяг у нашчадках.

А працягваць ёсць каму – музычныя здольнасці і цяга да мастацтва перадаліся ад дзядоў маладому пакаленню. Прырода не абышла ўвагай і дзяцей Пятроўскай, яны з’яўляюцца ўдзельнікамі калектываў, якімі кіруе маці. І кожны з іх – асоба, кожны праяўляе індывідуальнасць, аддае перавагу сваім прыярытэтам. Сабіну захапіў свет мілагучнай ігры на скрыпцы. Яна – навучэнка Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага. Дамініку змалку палюбілася гітара, потым пад уздзеяннем майстра-музыкі Тодара Кашкурэвіча захапіўся старажытнай дудой – і прыкіпеў да яе сэрцам. Зараз павышае сваю музычную кваліфікацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Станіслаў – самы актыўны ўдзельнік “Гасцінца”, “Вянка”, “Кроны”, што сваім адметным барытонам надае своеасаблівы каларыт народнай песні. Кастусь працуе кавалём, з-пад яго ўмелых рук выходзяць не толькі звычайныя традыцыйныя прадметы ўжытку, але і мастацкія рэчы.

 

Мае ўніверсітэты

Талент – Божы дар. І мець гэты дар – вялікае шчасце і вялікая адказнасць: як скарыстаць яго, куды накіраваць? І тут важна ўсё:  асяроддзе, выхаванне, схільнасці, людзі, якія трапляюцца на жыццёвым шляху.

Лізавета Станіславаўна прызнаецца:

– На стаўленне маёй асобы і фарміраванне светапогляду, на выбар прафесіі і перавагу займацца народнай песняй многае паўплывала. Перш-наперш гэта сямейнае выхаванне, дзе высока цанілі ўсё, што звязана з прыгожым, з творчасцю. Гэта кніжкі з дамашняй бібліятэкі, ад дзіцячых да Караткевіча. Тая таямнічая атмасфера, якая стваралася падчас вячорак у бацькоўскай хаце, калі жанчыны пад шум калаўротаў расказвалі розныя гісторыі і спявалі. Затым вучоба ў мастацкім каледжы імя А. К. Глебава, якая спрыяла гарманічнаму развіццю асобы. Гэта аднакурснікі, з якімі ўтварылі суполку “Агмень”. Яе мэтай было вывучэнне  гісторыі беларускага мастацтва і традыцыйнай культуры. Тут глыбей былі асэнсаваны фальклор, каляндарна-абрадавыя святы. Знаёмства з фальклорным гуртом “Дзянніца”, дзе неўзабаве стала салісткай. Сустрэчы з цікавымі людзьмі, асабліва падчас гастрольных падарожжаў па краінах Балтыі.

Вельмі ўдзячна кіраўніку “Дзянніцы” Ларысе Сімаковіч, якая навучыла правільна падаваць народную песню. Затым былі плённыя ўрокі па вакале Уладзіміра Неўдаха, выкладчыка музыкі, арганіста касцёла св. Роха, што на Залатой Горцы, дзе спявала ў парафіяльным хоры. Семінары-практыкумы, якія наладжваў Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці. Асаблівы паклон самім носьбітам і захавальнікам традыцыйнай народнай культуры – маім землякам, людзям простым, што дзяліліся гэтымі залацінкамі бессмяротнай спадчыны і навучалі жыццёвай мудрасці.

 

 

Перадусім – ЛЮБОЎ

Дык што ж галоўнае ў маёй гераіні, чым яна кіруецца ў сваім жыцці, творчасці, адкуль бярэ сілы, натхненне? На такое пытанне Лізавета Станіславаўна дала просты, натуральны адказ, поўны чалавечай годнасці і высакародства:

– Чэрпаю сілы ў рабоце, бо вельмі яе люблю; у зямлі, Радзіме, бо гэта асноўнае ў чалавеку; у гісторыі свайго краю, бо маю гонар, як і кожны беларус, быць нашчадкам вялікіх і слаўных постацей; у сям’і, бо гэта самае дарагое, што ёсць у кожнага, і, як звяно паміж прадзедамі і праўнукамі, адчуваю адказнасць за тое, што пакінем мы сваім нашчадкам, як будуць жыць яны, чым цікавіцца, ці будуць працягваць тыя традыцыі, якія перадалі нашы продкі мне, нашай сям’і; у веры ў дабро, розум, Божую міласэрнасць, справядлівасць і любоў. Перадусім – ЛЮБОЎ. Без любові любая праца не прынясе карысці. Без любові няма ні чалавечнасці, ні духоўнасці, ні самога жыцця.

Людвіка Таўгень,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars