У Івянецкім Доме культуры пануе творчая атмасфера: хтосьці чытае сцэнарый, вучыць словы ролі, хтосьці гуляе са сваёй лялькай, чуюцца размовы і залівісты смех. Гэта рыхтуюцца да рэпетыцыі акцёры лялечнага тэатра «Вандроўка».
«Вандроўка» заснавана яшчэ ў 1992 годзе Таццянай Мікалаеўнай Сутугінай. Рэпертуар тэатра быў заўсёды разнастайны. У асноўным ён склаўся з рускіх і беларускіх народных казак, твораў сучасных аўтараў. Тэатр стаў «узорным» і пацвердзіў гэта званне не аднойчы.
Праз пару хвілін пачынаецца рэпетыцыя. Рэжысёр тэатра Аксана Юр’еўна Сутугіна дапамагае сваім вучням ужыцца ў ролю. Цяпер яны рэпеціруюць казку «Папялушка». З ёй будуць выступаць у Валожыне і Стоўбцах. У мінулым годзе акцёры ездзілі ў вёскі Багданаў, Сакаўшчына, Камень, Пяршаі, гарады Любань, Стоўбцы, выступалі з «Калабком» у Івянецкім дзіцячым садку.
Зараз у гуртку займаюцца восем чалавек: Насця Лямбовіч, Насця Мішук, Наташа Лабэцкая, Бажэна Капуста, Каця Сафонава, Сяргей Вількоцкі, Сяргей Адамцэвіч, Каця Ахрэм. Усе яны вясёлыя, рухавыя, таленавітыя і шчырыя. Аксана Юр’еўна дапамагае ім, натхняе, вучыць.
Анастасія ЛЯВІНСКАЯ, вучаніца 11 «Г» класа Івянецкай сярэдняй школы.