На кантролі – вада і дарогі

На чарговы выязны прыём грамадзян, які старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка правёў у Дорах, завіталі 5 чалавек. У ліку ўзнятых пытанняў – кепская сітуацыя з пітной вадой, неабходнасць тэрміновага рамонту некаторых дарог, а таксама просьбы аб дапамозе ў вырашэнні асабістых жыццёвых праблем.

Жанчына, якая першай звярнулася да кіраўніка Валожыншчыны, паскардзілася на недастатковую ўвагу, якую надаюць выкананню сваіх прамых абавязкаў некаторыя работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сутнасць прэтэнзіі ў тым, што непадалёк яе дома знаходзіцца каналізацыйны адстойнік. Яго ачыстка праводзіцца рэдка, і гэта далёка не лепшым чынам адбіваецца на санітарным стане размешчаных побач сядзіб.

Яшчэ адна агучаная наведвальніцай праблема тычыцца пітной вады. Па словах жанчыны, утрыманне жалеза ў ёй у некалькі разоў перавышае норму.

Мікалай Анатольевіч даручыў памочнікам тэрмінова разабрацца з сітуацыяй і адрасаваць зварот на рэагаванне адпаведным службам. Тым больш, што па «водным» пытанні да кіраўніка раёна звярнуліся ў той дзень яшчэ два чалавекі. Кожнага праінфармуюць дадаткова ў пісьмовай форме ва ўстаноўлены законам час.

Наступная заяўніца вынесла на разгляд старшыні райвыканкама шэраг асабістых турбот. Сярод іх – адсутнасць у аграгарадку грамадскай лазні, нядобрасумленнасць суседзяў, якія пасля рамонтна-будаўнічых работ «пакінулі ў спадчыну» на тэрыторыі яе прысядзібнага ўчастка смецце, магчымасць упарадкавання агароджы каля бацькоўскага дома і інш. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады, уважліва выслухаўшы жанчыну, даў службам тыдзень часу на ўхіленне недахопаў.

Шматдзетная матуля з аграгарадка папрасіла дапамогі ў пераглядзе кошту аплаты за арэнднае жыллё. Жыццё склалася так, што яна засталася без работы, і выплачваць унушальныя сумы, гадуючы 4-х нашчадкаў, стала не па кішэні. М. А. Астрэйка парэкамендаваў заяўніцы паспрабаваць працаўладкавацца ў суседнія гаспадаркі. Адначасова можна будзе вырашыць і праблемы з жыллём. Тым больш, што жанчына на добрым рахунку і ў кіраўніцтва сельвыканкама, і на папярэдняй працы. Таму, думаецца, яе пытанне вырашыцца станоўча і хутка.

Сямейная пара, якая завітала на прыём наступнай, не скупілася на падзякі. Некаторы час таму муж і жонка набылі хутар у нашым раёне. Многія акалічнасці, што перашкаджалі ладзіць быт, былі паспяхова ліквідаваны сумесна з раённай уладай і службамі. Аднак ёсць у іх яшчэ адна «бяда»: уладальнікі хутара просяць дапамогі ва ўпарадкаванні пад’язнога ўчастка дарогі. І гэта дапамога ім будзе аказана! Як, дарэчы, і той жыхарцы аграгарадка пенсійнага ўзросту, якая зайшла да М. А. Астрэйкі апошняй. Тэмы, што яе хвалявалі, аказаліся таксама не новымі. У першую чаргу, гэта зноў-такі стан пітной вады, а  таксама неабходнасць рамонту пад’язных дарог да мясцовых могілкаў і фельчарска-акушэрскага пункта. Магчымыя варыянты дапамогі ўжо прапрацоўваюць спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы і спецыялісты-дарожнікі.

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars