Наш кірмаш: разнастайны тавар і песень жар

Напярэдадні “доўгіх” першамайскіх выхадных жыхароў і гасцей райцэнтра парадаваў святочны кірмаш, які гаспадарыў на плошчы Свабоды з 10 гадзін.

Неабходныя тавары можна было набыць у прадстаўнікоў як мясцовага гандлю, так і іншых раёнаў. Асабліва запатрабаванымі былі саджанцы дрэў, кустоў, ягад. Вялікі асартымент для ўзбагачэння садоў і агародаў прапаноўвала фермерская гаспадарка “Дзіўны сад”. Як заўсёды, стаяла чарга каля палаткі з вырабамі Валожынскага філіяла “Маладзечанскі малочны камбінат”, не абыходзілі бокам пакупнікі прапановы Валожынскага райбыткамбіната, райспажыўтаварыства, ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Побач з прафесіяналамі свае вырабы рэалізоўвалі і рамеснікі. Адразу некалькі відаў самабытных сувеніраў падрыхтавала “Скарбніца”, а члены гуртка “Мастацкі карагод” з Пяршайскага СДК (кіраўнік В. М. Калясінскі) прывезлі работы з неапаленай гліны і апрацаваных камянёў. Пяршайцы наогул былі ў фаворы. Той, хто пабываў на канцэрце, павінен узгадаць: хмары развеяліся і выглянула пяшчотнае сонейка акурат тады, калі да мікрафонаў рушыў жаночы ансамбль “Першаянка”. Прыгажуні і самі ззялі, бы зоркі, і слухаць іх было радасна, прыемна.

Многія працоўныя калектывы, установы, арганізацыі прыслалі на кірмаш свае дэлегацыі: РУП “Валожынскі жылкамунгас”, раённае аддзяленне паштовай сувязі, медыкі, прысутнічалі прафсаюзныя актывісты.

Першамай, дарэчы, свята, якое мае непасрэднае дачыненне да прафсаюзаў. Яны, а таксама аддзел культуры, ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама і выступілі галоўнымі натхняльнікамі і арганізатарамі кірмашу. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, адкрываючы афіцыйную частку мерапрыемства, адзначыла, што кожны чалавек, які сумленна ставіцца да даручанай справы, пакідае на зямлі добры след, мацуе дабрабыт сваёй краіны і дбае пра дзень заўтрашні. Асобая пашана грамадскім актывістам і людзям таленавітым. Так, сантэхнік Аляксандр Кулак і па рабоце характарызуецца станоўча, і праслаўляе нашу Валожыншчыну паэтычным словам. Ён не раз чытаў свае творы на абласной і рэспубліканскай сцэнах, чым прыносіў нямала “бонусаў” у скарбонку роднага прадпрыемства.

Хочацца аддаць даніну павагі і ўдзельнікам хору ветэранаў “Спяваючыя сэрцы”. Гэта цудоўны лёс: працоўная доблесць да пенсіі, а на заслужаным адпачынку – запатрабаванасць на масавых святах і канцэртах.

Калісьці ў першамайскіх калонах ішлі побач моладзь і пажылыя, людзі разумовай працы і рабочыя, прадстаўнікі АПК і культуры. Сёння гэта традыцыя прадаўжаецца. Нават на сцэне побач з нумарамі, падрыхтаванымі артыстамі з раённага Цэнтра культуры, выдатна глядзеліся і самадзейныя выступленні. Найбольш апладысментаў “сарвалі” песні ў выкананні салдат тэрміновай ваеннай службы. Відавочна, у воінскай часці клапоцяцца пра тое, каб хлопцы не толькі спраўляліся з баявой і фізічнай падрыхтоўкай, але і пра занятак для душы не забывалі. Такія абавязкі ўскладзены на загадчыцу клуба воінскай часці Лілію Бітэль.

…Пройдзе літаральна пару дзён – зазелянее ўсё наваколле, белыя, ружовыя кветкі вырвуцца з палону і будуць спакушаць згаладалых за зіму пчол. Парасткі, купленыя на перадсвяточным кірмашы, магчыма, сёлета яшчэ і не парадуюць вока буйным цвіценнем. Іх час – будучае. Як і тых маленькіх валожынцаў, якія разам з матулямі слухалі песні і радаваліся сонейку…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Наш-кірмаш-1

Дзяўчынкі з Ракаўскай СШ 28 красавіка прыехалі ў райцэнтр, каб паспаборнічаць з вучнямі іншых школ на лепшае веданне класічнай літаратуры. Пасля сур’ёзнага экзамену гуллівая абстаноўка кірмашу найлепшым чынам спрыяла іх адпачынку і добраму настрою.

Наш-кірмаш-2 

Наш-кірмаш-3

Далёка не кожнае камунальнае прадпрыемства можа пахваліцца тым, што ў іх калектыве працуе чалавек з душой паэта. На вершы Аляксандра КУЛАКА натхняе маляўнічая прырода роднага краю, простыя людзі, іх праца і святы.

Наш-кірмаш-4

Настасся ШЧУЦКАЯ дэманструе вырабы, пашытыя майстрыхамі КУП “Валожынскі райбыткамбінат”.

Наш-кірмаш-5

Ірына ЗЯНЬКО і Ірына КАВАЛЕНКА: святочны настрой і ў сэрцах, і на тварах людзей.

Наш-кірмаш-6

Дэлегацыя раённага вузла паштовай сувязі на чале са сваім новым кіраўніком Людмілай ШАЎРЭЙ (другая злева).

Наш-кірмаш-7

Менеджар “Дзіўнага саду” Марына рэкламуе расаду буякоў і бружмелю.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars