Будні камісіі па справах непаўналетніх

Абарона правоў непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, выратаванне іх ад згубнага ўплыву нядбайных бацькоў доўгія гады застаюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Нядаўна адбылося яе чарговае пасяджэнне, дзе былі разгледжаны некалькі спраў рознай складанасці, у асноўным – адміністрацыйныя пратаколы, хадайніцтвы аб мерах прафілактычнага ўздзеяння на бацькоў, што ўхіляюцца ад выхавання дзяцей.

Безадказныя паводзіны дарослых толькі за апошні час прывялі да таго, што некалькі падлеткаў здзейснілі супрацьпраўныя ўчынкі ці трапілі ў небяспечную для жыцця сітуацыю. Вось прыклад: двое хлапчукоў учынілі “забаву” – закідалі хату пажылых аднавяскоўцаў шклянымі бутэлькамі. У гэтым выпадку, паколькі раней падобнага не здаралася, бацькі атрымалі папярэджанне. Калі іх дзеці “пападуцца” яшчэ раз, лёгкім сполахам справа не абмяжуецца – прыйдзецца заплаціць штраф (мінімум дзесяць базавых велічынь). А вось траім ліцэістам давядзецца за свае ўчынкі разлічвацца літаральна (адна базавая за курэнне, дзве – за распіццё спіртных напіткаў,  чатыры – за абразу). Дзесяць базавых заплаціць і маці, сын якой неаднойчы здзейсніў крадзеж. Дарэчы, у дачыненні да гэтага непаўналетняга вядзецца збор матэрыялаў з мэтай накіравання ў вучэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу.

Вынікам пасяджэння камісіі стала і ўнясенне прапановы аб устаноўцы пешаходнага перахода і дарожнага знака “Жылая зона” побач з гульнёвай пляцоўкай і прыпынкам ля новабудоўлі па вуліцы Савецкай. Тут нядаўна адбылося ДТЗ з удзелам непаўналетняй.

Усё часцей трапляюць на разгляд камісіі матэрыялы, што тычацца рэалізацыі Дэкрэта № 18 у частцы адбірання ў бацькоў іх дзяцей, калі тыя знаходзяцца ў небяспечным становішчы. Па інфармацыі, якую прадаставіла намеснік старшыні камісіі І. Л. Жданюк, у бягучым годзе ўжо адбылося некалькі выпадкаў адбірання дзяцей з біялагічнай сям’і (дзевяць дзяцей з трох сем’яў). Для параўнання: у 2017 годзе – двое дзяцей з дзвюх сям’яў. Сёння сацыяльны прытулак стаў часовым месцам жыхарства для дванаццаці хлопчыкаў і дзяўчынак (трое з іх на дзяржзабеспячэнні з мінулага года). Часцей за ўсё прычына таго, што дзеці памяшчаюцца ў сацыяльную ўстанову, – злоўжыванне бацькоў алкаголем. Але ж, на жаль, ёсць выпадкі, калі і без гэтай бяды жанчыны страчваюць інстынкт маці і пакідаюць дзяцей. Сёння адна з такіх “зязюль” расшукваецца праваахоўнымі органамі. Ці вось такі прыклад: маці, “стаміўшыся” ад жыцця з мужам-выпівохам, пераехала на іншае месца жыхарства, пры гэтым “забыўшы” забраць з сабой дзяцей. Маўляў, я пагадавала, пагадуй і ты. Пра тое, што пакінуць іх з такім бацькам – значыць стварыць для іх небяспечныя ўмовы, яна “не падумала”.

Зразумела, адабранне – крайняя мера. Да моманту, калі выносіцца такое рашэнне, усе суб’екты прафілактыкі прыкладваюць намаганні, каб нармалізаваць становішча. Абавязаныя асобы працаўладкоўваюцца, праводзіцца бясплатнае лячэнне ад алкагольнай залежнасці, вырашаюцца гаспадарчыя праблемы асобных сямей.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars