Творчы праект: Соль валожынскай зямлі

Газета---калыска-творчых-кадраў...-(С.-І.-Кавяза)

…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект над назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

    На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

 

Софія Ігнацьеўна КАВЯЗА:

“ГАЗЕТА – КАЛЫСКА ТВОРЧЫХ КАДРАЎ…”

    Заўтра адзначаецца Дзень друку. Таму нездарма гераіняй праекта на гэты раз стала Софія Ігнацьеўна КАВЯЗА: 10 гадоў яна была рэдактарам нашай газеты. Журналіст па адукацыі і прызванні – трапна валодае не толькі друкаваным, але і паэтычным радком, камуніст-партыец з больш чым 50-гадовым стажам, член раённага савета ветэранаў, удзельніца клуба “Залатая восень” Валожынскага ТЦСАН. За працу і грамадскую дзейнасць узнагароджана 5 медалямі і ганаровым знакам Савецкага фонду міру, шматлікімі граматамі і падзякамі розных узроўняў, апошнюю з якіх, дарэчы, атрымала летась ад старшыні райвыканкама М. А. Астрэйкі з нагоды 30-годдзя раённай ветэранскай арганізацыі.

 

Гутарыць з Софіяй Ігнацьеўнай лёгка і проста. Такімі заўсёды былі яе матэрыялы: злабадзённымі, аб’ектыўнымі, даступнымі, зразумелымі для чытача ў любым жанры журналістыкі – інфармацыі, інтэрв’ю, замалёўцы і нават нарысе, што падуладна не ўсім. Бо ў кожнага з карэспандэнтаў свой канёк, і зачапіць за жывое, каб публікацыя мела рэзананс, зусім няпроста. Убачыць незвычайнае ў звычайным, спыніцца на імгненне ў штодзённай мітусні, прымусіць задумацца, асэнсаваць і зразумець, што ў жыцці ўсё мае сэнс, – менавіта такія пачуцці выклікалі друкаваныя радкі журналіста з творчым псеўданімам К. Сокалава.

Нарадзілася С. І. Кавяза ў вёсцы Лужок Маладзечанскага раёна. Творчы талент праявіўся з дзяцінства, хаця гадавалася ў сялянскай сям’і, як заўважае, бацька дарос толькі да брыгадзіра калгаса, а маці ўсё жыццё адпрацавала на ферме свінаркай. Дзесьці на падсвядомым узроўні ў маленстве вялікі ўплыў аказалі бабуліны казкі: цэлы “клуб” унукаў збіраўся ў такія моманты на печы, у дзіцячым вуллі ўтваралася цішыня, і наваколле напаўнялася чароўным, таямнічым сусветам. Таксама старэйшы на 7 гадоў брат хадзіў у школу, а Соня каля яго заўсёды круцілася. Яшчэ маленькай навучыў чытаць, і кніжкі яе поўнасцю захапілі. У школе добра пісала сачыненні, за што настаўнікі ўвесь час хвалілі. Пасля пачала складаць вершы – нават асмелілася і даслала ў рэдакцыю Маладзечанскай газеты “Святло Камунізму”. І неспадзявана адтуль атрымала пісьмо з просьбай даслаць сваю фатаграфію. У раёнцы ёй адвялі цэлую старонку і надрукавалі нізку вершаў. Неўзабаве рэдактар газеты Іван Сцяпанаў зрабіў прапанову накіраваць таленавітую дзяўчыну ў літаратурны інстытут у Маскву. Але Соня не рашылася: шчыра прызналася, спрацавала тое, што вялікага паэта з яе не атрымаецца, а пісаць хацелася.

Заканчэнне школы супала з адкрыццём Бярэзінскага торфабрыкетнага завода, і ўвесь выпуск – 10 хлопцаў і 10 дзяўчат – па камсамольскай пуцёўцы пайшлі туды працаваць. Паколькі ёй было толькі 16 гадоў, на вытворчасць не пусцілі – далі работу сакратар-машыністкі. Тут добра асвоіла машынапіс, які ў далейшым вельмі спатрэбіўся ў журналістыцы. Пры дасягненні паўналецця перавялі апаратчыцай хімводаачысткі, аднак марыла дзяўчына зусім пра іншае, таму паступіла на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна. Гэта былі цікавыя студэнцкія гады, няхай не моцна багатыя ў матэрыяльным плане, але вучоба дала прафесію на ўсё жыццё. Тым не менш С. І. Кавяза з прыемнай настальгіяй узгадвае “ту заводскую проходную, что в люди вывела меня”, бо ў працоўным асяроддзі заўважылі яе лідарскія задаткі і выбралі сакратаром цэхавай камсамольскай арганізацыі, а пасля – членам камітэта камсамола, дэлегатам камсамольскага з’езда.

У наш раён Софія Ігнацьеўна патрапіла ў 1967 годзе, можна сказаць, выпадкова. У Маладзечанскай раённай газеце творчыя пасады былі занятыя, і калі маладому журналісту прапанавалі работу літсупрацоўніка ў валожынскай раёнцы, яна адразу ж пагадзілася, а неўзабаве была прызначана загадчыкам аддзела пісьмаў. Рэдагаваў “Працоўную славу” на той час Мікалай Сяргеевіч Чайка, адказным сакратаром працаваў Юльян Станіслававіч Высоцкі, загадчыкам сельгасаддзела – Сямён Ісакавіч Штэйнер. Усе былі поўныя энергіі – “ради нескольких строчек в газете” гойсалі па раёне на чым давядзецца: на матацыкле, на машыне, на падводзе, а часам і пешшу. Газета ж вымагала вялікай працы, бо выходзіла тры разы на тыдзень. Таму, нягледзячы на маладосць і нявопытнасць, ніхто не гладзіў па поўсці: пісалі аператыўна, адразу ж пасля прыезду з камандзіроўкі. А колькі тады будавалася-адкрывалася, і не толькі ў раёне. У прыватнасці, Софія Ігнацьеўна да гэтага часу памятае, з якой адказнасцю рабіла рэпартажы з урачыстага адкрыцця Пяршайскай бальніцы, Івянецкай СШ, Кургана Славы, Хатыні, мемарыяльнага комплексу “Загінуўшых чакаюць вечна” ў вёсцы Доры, дзе прысутнічаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт.

Дзелавыя якасці С. І. Кавязы заўважыла кіраўніцтва раёна, да таго ж пасыпаліся прапановы з іншых рэгіёнаў вобласці. Аднак з Валожыншчыны яе нікуды не адпусцілі і перавялі на пасаду інструктара райкама партыі, затым загадчыка агульнага аддзела, у далейшым – ідэалагічнага аддзела. У райкаме заседжвацца не давалі: партыйныя работнікі ўвесь час знаходзіліся ў народных масах, унікалі ў справы гаспадарак, умовы працы людзей, шукалі моладзь з кіраўніцкай стрункай. Кожны пры сабе меў блакнот, кадры камплектавалі амаль са школьнай парты. Нямала кіраўнікоў, якія пасля былі ў раёне, прайшлі праз загартоўку райкама партыі – гэта была такая навука, якой і зараз можна павучыцца. Усе сумленна працавалі, верылі ў ідэалы камунізму, служылі лепшаму жыццю. Пераасэнсаваць і пераацаніць тое, што дала камуністычная партыя простым людзям, немагчыма. Таму, нягледзячы на ўсе пераўтварэнні, якія адбыліся ў вялікай і магутнай калісьці дзяржаве – СССР, Софія Ігнацьеўна не здрадзіла ёй і застаецца адным з нешматлікіх “старых” членаў раённай арганізацыі КПБ. І ў доказ сваёй прыхільнасці прывяла такі прыклад.

“Мая матуля пераехала да мяне ў 1965 годзе. Неяк раз у яе запыталася, ці хацела б яна вярнуцца ў той час, калі была свая зямля, гаспадарка. Ні на хвіліну не задумваючыся, яна адказала: “Не”. Памятаю, яшчэ на досвітку на 1 Мая ці на 7 лістапада драмлю, а матуля ўжо флаг на балконе вывешвае – так шанавала савецкія святы. Яна гэта зразумела, асэнсавала і, можна сказаць, рабіла ўсё па закліку душы. Хаця была набожным чалавекам і жыла па царкоўным календары. А як атрымала пенсію – колькі ж было радасці! Неўзабаве ёй уручылі і пашпарт: доўга разглядала свой фотаздымак ў новым дакуменце, які, па сутнасці, даў магчымасць адчуць сябе грамадзянінам. Вось так і я – да гэтага часу застаюся верная ідэалам роўнасці, дабра і справядлівасці”.

У 1989 годзе адной з першых у рэспубліцы С. Ф. Кавязе прапанавалі ўзначаліць калектыў рэдакцыі. Перабудова, чарнобыльская бяда, змены не толькі ў дзяржаўным ладзе, але і ў свядомасці людзей – усе перыпетыі часу Софія Ігнацьеўна вытрымала з гонарам. Рэдактара “чацвёртай улады” паважаў кіраўнік раёна Валянцін Іванавіч Малішэўскі, падтрымліваў маральна і матэрыяльна, даваў газеце без перабольшвання зялёную вуліцу. Пісаць аб’ектыўна і абгрунтавана, даваць пабольш крытыкі, паказваць чалавека працы – такой была ўстаноўка. За гонар яна лічыць тое, што нікога ў той няпросты час не звольніла з работы, захавала калектыў, у якім усе творчыя работнікі былі з журналісцкай адукацыяй. Таму цяперашнім работнікам “Працоўнай славы” былы рэдактар пажадала быць смялейшымі, не баяцца крытыкаваць, бо крытыка, як рэклама, – рухальнік прагрэсу. Журналістам менш імкнуцца дужа прыгожым рабіць матэрыял – трэба адточваць свой стыль, дзеля чаго неабходна “перелопатить тысячу тонн словесной руды”, больш пісаць пра моладзь, не забывацца пра паэтаў і празаікаў – газета заўсёды была калыскай творчых кадраў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Валянціны Краўневіч

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars