Искореним социальное сиротство

Общество

…Малая плакала, спрабавала ўцячы, але чужая цётка, моцна ўтрымліваючы яе руку, падсадзіла на прыступкі аўтобуса і загадала займаць месца. Мама нешта крычала незнаёмцам, але за дачку не ўступілася.

Парог аддзяленне сацыяльнага прытулку ў Валожыне дзеці звычайна пераступаюць са страхам, але ён праходзіць даволі хутка. Вось і тая дзяўчынка адразу ж з цікавасцю пачала аглядаць новае месца.

Зараз у раёне налічваецца 150 дзяцей, якія, як і тая дзяўчынка, жывуць у складаных умовах, што створаны па “міласці” нядобрасумленных мамаў і татаў. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў – апошняя мера, да яе прыбягаюць толькі калі  вычарпаны ўсе сродкі ўздзеяння. Звычайна гора-бацькам даецца паўгода, каб навесці парадак у доме, уладкавацца на работу, кінуць піць. Дзяцей на гэты час пад апеку бярэ дзяржава. Малыя найперш праходзяць поўнае медыцынскае абследаванне.  «Навічкоў» лечаць, апранаюць у дабротнае адзенне, забяспечваюць прадметамі асабістай гігіены, школьнымі прыладамі. Дзеці атрымліваюць пяціразовае, узмоцненае вітамінамі харчаванне, а таксама ўсё тое, што патрэбна маленькаму чалавечку, каб адчуваць сябе шчаслівым, – падарункі, забаўкі, незапланаваныя гасцінцы, экскурсіі і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Акрамя ўсяго, выхаванцаў прытулку вучаць падтрымліваць парадак у шафе з асабістымі рэчамі, засцілаць ложак, правільна карыстацца сталовымі прыборамі, беражліва ставіцца да цацак.

“Здараецца, што за паўгода прабывання ў нас дзіця пазнае больш, чым за некалькі гадоў у бацькоўскім доме”, – гаворыць дырэктар УА “Валожынскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” С. І. Мучынская.

– Падабраўся калектыў аднадумцаў, выдатных прафесіяналаў, – працягвае далей гаворку Святлана Іванаўна. – Старанны і адказны чалавек загадчыца аддзялення прытулку В. С. Бразінская. Сярод выхавацеляў – педагогі вышэйшай і першай катэгорыі. Гэта М. А. Бараноўская, В. І. Гіль, Л. В. Башаркевіч, С. С. Нікалаёнак, І. Э. Белановіч, сацыяльны педагог Г. І. Карнаух, псіхолаг У. У. Гарбачэўскі. Спецыялісты аддзялення клапоцяцца не толькі пра дзяцей, але і вядуць вялікую выхаваўчую работу з бацькамі. Месца працы для ўсіх нас – нешта значна большае, чым месца атрымання заробку…

Вось з гэтым пагадзіцца можна з лёгкасцю: бо такой чысціні і ўтульнасці па абавязку дабіцца немагчыма.

З любоўю, з поўнай самааддачай ставіцца калектыў да сваіх выхаванцаў. “Адпраўляем іх дадому і ледзь не плачам, кожнаму ў дарогу збіраем “пасаг”: адзенне, цацкі, кнігі, – расказвае дырэктар. – Быць такімі дабрадзеямі нам дапамагаюць спонсары: грамадскае аб’яднанне “БлагоТвори”, работнікі мытні аэрапорта “Мінск-2”, а таксама прадпрыемствы нашага горада”.

Дарэчы, у сучасных рыначных умовах трэба яшчэ пастарацца, каб адшукаць дзейсныя рычагі ўздзеяння на патэнцыяльных спонсараў. Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва Алена Жданюк прапанавала нестандартны ход. Кожны выхаванец прытулку пад сваёй фатаграфіяй напісаў самую запаветную мару. Такім чынам было аформлена цэлае “дрэва жаданняў”, якое “падарожнічала” з аднаго працоўнага калектыву ў другі. ПУП “Валожынскі кааппрам” і ДП Валожынскі філіял “Мінаблпаліва” дапамаглі прытулку набыць пасцельную бялізну, гімназія № 1 – ласункі і цацкі, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” – кнігі і школьныя прылады. А вось пра падтрымку, якую нядаўна аказала прытулку ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, хочацца расказаць больш падрабязна.

Дырэктар прадпрыемства Р. У. Вайніцкі наведаўся ў прытулак асабіста. Абышоў памяшканне, усё акінуў гаспадарскім вокам і дакладна вызначыўся з дапамогай. Праз тыдзень у прытулку стаялі новыя дзверы, вырабленыя фірмай “Мэбля Леў”, усе вокны ў санітарным блоку ўпрыгожвалі жалюзі, у кабінетах з’явіліся зручныя паліцы, на кухні – шклопакеты. Закуплена цацак на паўмільёна рублёў. Кожны хлопчык атрымаў машынку, кожная дзяўчынка – ляльку-прынцэсу.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий