прайшла ХХII Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «СМІ ў Беларусі»
Падзея адбывалася з 3 па 5 мая. У выстаўцы прынялі ўдзел больш за 50 экспанентаў, якія прадстаўлялі каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Упершыню былі прадстаўлены СМІ з Салехарда Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Экспазіцыйная плошча выставы – больш за 1 тыс. кв. м.
Выстаўка «СМІ ў Беларусі» адлюстроўвае ўвесь спектр інфармацыйнай прасторы краіны. Яе ўдзельнікі – друкаваныя і аўдыявізуальныя рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ, інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, аператары і дыстрыб’ютары кабельнага тэлебачання, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, выдавецтвы.
Шматлікія наведвальнікі азнаёміліся з экспазіцыямі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных і электронных СМІ, спецыялізаванымі і ведамаснымі выданнямі, газетамі вышэйшых навучальных устаноў і прамысловых прадпрыемстваў, навуковых арганізацый.
Выстаўка прапанавала насычаную праграму, якая ўключала ў сябе прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, флэш-акцыі і многае іншае.
Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмеркавалі значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролю СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы выстаўкі.
Новаўвядзеннем сёлетняй выстаўкі СМІ стаў Дзень рэгіянальнай прэсы, паколькі яна адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы важную ролю. Яшчэ адной асаблівасцю стаў Дзень дзяцей і моладзі.
Па традыцыі на выстаўцы «СМІ ў Беларусі» ўшаноўваюць пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара». Узнагароды 14-га конкурсу былі ўручаны 3 мая.
У прыватнасці, Гран-пры ўдастоены праект БелТА «Мінск і мінчане» да 950-годдзя сталіцы Беларусі.
Статуэтку «Залатая Літара» ўручыў генеральнаму дырэктару БелТА Ірыне Акуловіч міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Гран-пры ў намінацыі «Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ» ўручаны газеце «Жодзінскія навіны» за праект «З любоўю да малой радзімы. Жодзіна».
Газета «7 дней», якая выдаецца БЕЛТА, атрымала статуэтку за праект «Узнагароды суверэннай Беларусі» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі». Аглядальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Беларусі УП «БелТА» Міхаіл Маціеўскі адзначаны дыпломам у гэтай намінацыі.
«Залатой Літары» за лепшыя матэрыялы эканамічнай тэматыкі ўдастоена газета «Могилевская правда», сацыяльна-эканамічнай тэматыкі – агенцтва «Мінск-Навіны». Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця прадставіў рэдактар аддзела спорту газеты «Советская Белоруссия» Сяргей Канашыц.
Сярод раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ перамогу святкавалі «Лідская газета», баранавіцкая газета «Наш край», газета «Перспектива» Гродзенскага раёна. Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі падрыхтавала рэчыцкая газета «Дняпровец», гісторыка-краязнаўчай тэматыкі – «Наш час» з Ваўкавыска.
Газета «Знамя юности» атрымала ўзнагароду за прадстаўленыя публікацыі маладзёжнай, дзіцяча-юнацкай тэматыкі.
Новая конкурсная намінацыя гэтага года – «Лепшы сумесны праект з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі». Пераможцам названы дадатак «Карані і кроны» рэдакцыі газеты «Звязда». Яшчэ адна навацыя – намінацыя «Работа ў сацсетках». Журы вылучыла газету «Астравецкая праўда».
Лепшым інтэрнэт-праектам названы праект «Захад-2017» Ваеннага інфармацыйнага агенцтва Узброеных Сіл Беларусі «Ваяр».
Узнагарода ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі» ўручана газеце «Гродзенскі ўніверсітэт».
Па матэрыялах БелТА