Абавязак кліча ў строй

У раённым Цэнтры культуры прайшло традыцыйнае мерапрыемства для юнакоў, якія ў бліжэйшы час папоўняць рады ваеннаслужачых рэспублікі.

“Дзень прызыўніка” адкрыў начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Вітальевіч Нахай. Ён звярнуўся да маладых людзей з наказам ставіцца да службы як да школы сталення. Афіцэр адзначыў: “У наш неспакойны час вельмі важна быць гатовымі абараніць свой народ і родную зямлю. Хоць палітыка Беларусі накіравана на мірнае суіснаванне з усімі краінамі свету і наш кіраўнік заўсёды выступае за дыпламатычнае вырашэнне канфліктаў, менавіта баявая магутнасць беларускай арміі забяспечвае непарушнасць суверэнітэту рэспублікі, яе тэрытарыяльную цэласнасць. Да таго ж падчас воінскай службы хлопчыкі становяцца сапраўднымі мужчынамі, мацнеюць духам, развіваюць свае фізічныя магчымасці, знаходзяць верных сяброў”.

Пра важнасць грамадзянскага абавязку кожнага, хто падлягае прызыву, разважаў старшыня грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”, палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Віктаравіч Баклінаў. Па-бацькоўску ён даў некаторыя парады, нагадаў: самае галоўнае для салдата – з гонарам выканаць абавязак, пры гэтым захаваць здароўе і пачуццё ўласнай годнасці.

Яшчэ адзін чалавек у пагонах – намеснік начальніка РАУС па ідэалогіі і кадравым забеспячэнні Сяргей Аляксандравіч Гелда – таксама падкрэсліў значнасць сілавога блока для ўмацавання любой краіны і пажадаў будучым абаронцам выдатнай службы і падтрымкі з боку камандзіраў, сяброў і родных.

Мацярынскі наказ пачулі юнакі ад Таццяны Алегаўны Шакун з Валожына. Яе сын Яўгеній у хуткім часе апране ваенную форму і поруч з сынамі многіх матуль стане ў армейскі строй. Зразумела, для бацькоў найбольш важна, каб служба іх дзяцей была мірнай, каб кожнаму была гарантавана бяспека. “Мы любім вас, дарагія, молімся за вас і вашых камандзіраў”, – такія словы прагучалі з яе вуснаў.

Уласным вопытам падзяліўся сяржант воінскай часці № 30695 Мікіта Лашч. Так атрымалася, што служыць малады чалавек накіраваўся ў 26 гадоў. Зараз яму 27, за плячамі – вучоба ва ўніверсітэце. Хутка давядзецца вярнуцца да грамадзянскага жыцця, дзе яго чакаюць жонка, сваякі і добрае месца працы.

Як заўсёды, парадавалі будучых вайскоўцаў артысты РЦК Аляксандр Шаўчэнка, Карына Кашырская, Дзмітрый Завацкі, салісты студыі Таццяны Рыснік, ваеннаслужачыя Аляксандр Бруй, Фёдар Цэдрык, Іван Шкаль, Іван Курач. Па-сапраўднаму зацікавілі прысутных і конкурсныя моманты, наладжаныя прадстаўнікамі часці. Мікіта Лашч і Уладзіслаў Аляшко выклікалі будучых навабранцаў на спаборніцтвы па разборцы-зборцы аўтамата Калашнікава і падыманні гіры. Валожынскія хлопцы Аляксей Мойса і Уладзіслаў Кісялёў з гонарам вытрымалі выпрабаванні.

Вясенняму прызыву бягучага года падлягаюць 28 жыхароў раёна. Пачынаючы з 15 мая, некалькімі этапамі яны будуць накіраваны ў часці рэспублікі. Большасці давядзецца несці службу на Міншчыне. Завяршыцца вясенні прызыў 31 мая.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Абавязак-кліча-ў-строй-1

Палкоўнік У. В. БАКЛІНАЎ з прызыўнікамі Аляксандрам РАДЗІВІЛКАМ, Аляксеем БАЦЯНОМ, Уладзімірам КРАМЯНЕЦКІМ, Дзмітрыем РАМАНЧЫКАМ, Уладзімірам ЗАНЯМОНЦАМ.

Абавязак-кліча-ў-строй-2

 Аляксей МОЙСА і Мікіта ЛАШЧ.

Абавязак-кліча-ў-строй-3  

Таццяна Алегаўна ШАКУН і яе сын Яўгеній.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars