Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

    Добрая навіна прыйшла ў раённую бальніцу. Калектыў прызнаны пераможцам абласнога агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2017 год сярод гарадоў з насельніцтвам да 20 тысяч жыхароў.

Агляд праводзіцца сумесна галоўным упраўленнем аховы здароўя Мінскага аблвыканкама і абласным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

 

    У красавіку былі падведзены вынікі 6-га міжнароднага конкурсу праектна-даследчых работ школьнікаў, студэнтаў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі “Прызма”. Ён праходзіў у Маскве на базе сярэдняй школы № 1551. Сярод 82 удзельнікаў былі навуковыя работы і двух прадстаўнікоў нашага раёна.

У намінацыі “Наватар” прызёрам стала настаўніца гісторыі Сакаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Марына Васільеўна Чэрнік. Сваю пошукава-даследчую работу краязнаўчага клуба “Вытокі” Марына Васільеўна абараняла непасрэдна ў Маскве. У намінацыі “Вектар” дыстанцыйна ўдзельнічала навуковая работа па рускай мове вучаніцы гімназіі № 1 Наталлі Маслоўскай (настаўніца Т. І. Саевіч).

 

    У Віцебску праходзіла першынство Рэспублікі Беларусь па баскетболе сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння. У ім удзельнічалі зборныя каманды ўсіх абласцей і дзве каманды горада Мінска. Старшым трэнерам каманды сталічнай вобласці з’яўляецца настаўнік гімназіі № 1 Л. У. Хвядчэня.

За зборную каманду Мінскай вобласці выступалі прадстаўнікі Маладзечна, Вілейкі, Лагойска, Дзяржынска, Барысава і Валожына. У каманду ўвайшлі гімназісты Даніла Калугін, Аляксей Яблонскі, Аляксандр Філіпеня і вучні СШ № 1 райцэнтра Даніла Лужынскі і Максім Занямонец. Баскетбалісты зборнай Мінскай вобласці выйгралі ў каманды Мінск-1 з лікам 73:41, Віцебскай вобласці – 69:52, Брэсцкай – 74:16, Мінск-2 – 73:47. А вось камандзе Гродзенскай вобласці прайгралі і занялі агульнае другое месца. Лепшым цэнтравым турніру прызнаны Даніла Лужынскі.

 

    Семінар-практыкум для клубных работнікаў раёна на тэму “Святы і абрады вяснова-летняга перыяду. Абрадавыя песні і карагоды” адбыўся на базе Сакаўшчынскага сельскага Цэнтра культуры.

Дырэктар установы Алена Феліксаўна Рыснік пазнаёміла калег з работай падначаленай установы, расказала пра фарміраванні па інтарэсах, якія створаны тут. Асноўны ўхіл робіцца на тканне паясоў на ніту, тут сабрана добрая калекцыя паясоў, развіваюцца і іншыя віды дэкаратыўнай творчасці. Пад кіраўніцтвам Наталлі Феліксаўны Хаванскай удзельнікі семінара выраблялі птушку-вяснянку. Гаспадары расказалі пра асноўныя святы свайго рэгіёну, паказалі абрад першага выгану жывёлы на пашу, які адбываецца на Юр’е. Фальклорны калектыў “Нарэчанька” выканаў абрадавыя песні. Абрады “Гуканне вясны” і “Купалле” паказалі прадстаўнікі Івянецкага гарпасялковага Дома культуры. Удзельнікі дзяліліся ўласным вопытам. Завяршыўся семінар-практыкум развучваннем гукальных абрадавых песен і карагодаў. Практычную частку правяла кіраўнік Ракаўскага “Гасцінца” Лізавета Станіславаўна Пятроўская.

 

   У Маладзечне прайшлі занальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе “Белыя маланкі” ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і моладзі, што займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчага профілю па месцы жыхарства. У кожнай камандзе было па чатыры ігракі.

Каманда дзяўчат нашага раёна, якую рыхтаваў да спаборніцтваў Дзмітрый Язубец, заняла першае месца, юнакоў – другое (трэнер Дзмітрый Пазнякоў). Пераможцы прымуць удзел у фінальных спаборніцтвах 26 красавіка ў Дзяржынску.

 

    З 11 па 15 красавіка праходзіў Тыдзень моды ў Беларусі – Belarusfashionweek. Для стварэння макіяжу мадэляў была запрошана кампанія «Мэры Кэй».

Два адборачныя туры прайшла і наша зямлячка Ганна Харук, якая другі раз удзельнічала ў Тыдні моды. Толькі ў другі тур выйшлі 56 візажыстаў-прэтэндэнтаў, з якіх былі адабраны 28 чалавек. Ганна стварала макіяж мадэлям, што ўдзельнічалі ў дызайнерскіх паказах адзення. Вельмі карысным для візажыстаў стаў майстар-клас ад топ-стыліста Беларусі Аляксандра Кірынюка. Набыты вопыт Ганна Харук будзе прымяняць у сваёй штодзённай рабоце.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars