Пачытайце “зубравіцкую сагу”

Культура

2011 год у СНД аб’яўлены Годам гісторыка-культурнай спадчынай. У сувязі з гэтым цікавай тэндэнцыяй апошніх месяцаў у кнігавыданні стала з’яўленне кніг, аўтары якіх спрабуюць прыцягнуць увагу да пераасэнсавання нацыянальнай гісторыі, культуры і ментальнасці беларускага народа.

Тэма знаходзіць адлюстраванне ў навуковых і мастацкіх публікацыях, якія ўсе разам фарміруюць тое, што часта называюць “нацыянальнай ідэяй”, “брэндам краіны”. Гэта ўнікальныя кнігі, выданні выдавецтваў “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, “Мастацкая літаратура”, “Літаратура і мастацтва”, якія папулярызуюць творчасць класікаў беларускай літаратуры і нашых сучаснікаў.

Сярод такіх кніг варта адзначыць энцыклапедычнае выданне 2010 года “Культура Беларусі”. Тым, каго цікавіць жыццё знакамітых жыхароў Валожына і ваколіц, славутых ураджэнцаў Івянца, Ракава, Багданава, бібліятэка прапануе кнігу даследчыка і краязнаўца Алеся Карлюкевіча “Радзімазнаўства: Мясціны. Асобы” і мастацкую кнігу Уладзіміра Ліпскага “Усе мы – радня”.

Прыхільнікам сур’ёзнай гістарычнай літаратуры можна парэкамендаваць раман Леаніда Дайнэкі “Назаві сына Канстанцінам”. Чытач перанясецца ў ХV-ХVI стагоддзі, Рым, Вялікае Княства Літоўскае, Канстанцінопаль, які штурмуюць туркі-асманы.

Гістарычную тэматыку прадаўжае і раман-містыфікацыя ў апавяданнях Янкі Сіпакова “Зубрэвіцкая сага”. Пачынаецца кніга паляваннем нашых продкаў на мамантаў, а заканчваецца падзеямі Другой сусветнай вайны, нашэсцем немцаў на Беларусь, якая тады знаходзілася ў складзе Савецкага Саюза.

Нельга не адзначыць зборнік “Самая чароўная кветка” – новую кнігу серыі “Вера. Надзея. Любоў”. Яна падкупляе шчырасцю і праўдзівасцю пачуццяў, глыбінёй пранікнення ў сутнасць чалавечага існавання. Хачу параіць гэту кнігу ўсім жанчынам, бо яе галоўная тэма – каханне, менавіта яно хвалюе сэрца, узвышае душу, напаўняе жыццё радасцю. Асабліва падабаюцца ў зборніку творы сучасных аўтараў Алены Брава, Дзіяны Балыкі, Евы Дудоргі, Алеся Ветаха, Таццяны Мушынскай, Ірыны Шатыронак і інш.

Тэму “жаночай прозы” працягвае аўтабіяграфічная аповесць Алены Брава “Комендантский час для ласточек”, якая апублікавана ў адзінаццатым нумары часопіса “Нёман” за 2010 год. Хочацца параіць яе пачытаць дзяўчатам, якія збіраюцца выходзіць замуж за іншаземцаў з далёкіх экзатычных краін. Вельмі па-сапраўднаму апісаны ў аповесці кубінскі быт. Галоўныя гераіні, паступова адкрываючы для сябе чужы свет, усведамляюць каштоўнасць уласнага асяроддзя – сваёй радзімы, культуры, нацыянальнай душы. І расце нежаданне прыстасоўвацца да чужыны. Аповесць пачынаецца з пошукаў асабістага шчасця, а заканчваецца пратэстам супраць “жыцця, якое ёсць не-жыццё”.

Цікава будзе пазнаёміцца нашым чытачам і з раманам Віктара Праўдзіна “Нелюбімыя гінуць”. У гэтым сучасным творы ідзе размова пра трагічны, нават пагібельны лёс трох жанчын, якія паказваюцца то ў Беларусі, то ў Нямеччыне, то ў калісьці квітнеючым горадзе Грозным. У ЦРБ гэты раман прадстаўлены пакуль толькі першай кнігай пад назвай “Выпрабаванне”.

І напрыканцы хочацца пажадаць усім нашым чытачам заўсёды любіць і шанаваць родную мову, чытаць па-беларуску і не абмінаць айчынную літаратуру.

Іна РОДЗЕВІЧ, бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий