У камандзе з татам і мамай

15 мая ва ўсім свеце адзначалі Дзень сям’і. Гэта вельмі важнае свята, бо паўнацэннае чалавечае шчасце можна адчуць толькі там, дзе пануюць любоў, узаемаразуменне і клопат.

У райцэнтры ў гэты дзень на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу прайшло сямейнае спартыўнае свята “Тата, мама, я – спартыўная сям’я!”, у якім пажадалі прыняць удзел пяць сем’яў з Валожына. Яно стала сапраўдным падарункам для жыхароў горада і раёна.

Пасля ўрачыстага адкрыцця і прадстаўлення членаў журы ўдельнікі сямейных каманд прыступілі да спаборніцтваў. Ім выпала магчымасць паказаць свае сілу, спрыт, хуткасць і трываласць. Бацькі адклалі ўсе справы і правялі час разам з дзецьмі, бо разумеюць: толькі ўласным прыкладам можна далучыць дзіця да здаровага ладу жыцця, прывіць любоў да спорту. У час турніру кожны не толькі стараўся паказаць сябе з лепшага боку, але і адчуваў адказнасць за сваіх блізкіх. Таты, матулі і дзеці радаваліся і хваляваліся адзін за аднаго, стараліся дапамагчы слушнай парадай і справай. У зале панавала атмасфера поўнага згуртавання.

Спартыўнае свята атрымалася на славу. Журы падвяло вынікі спартакіяды. Пераможаных тут не было. У намінацыі “За волю да перамогі!” лепшай стала сям’я Рамана і Ганны Шурыгіных з маленькай дачушкай Аляксандрай. Дыплом ім уручыла першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Ю. Ф. Лагуціна. У сваю чаргу старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Г. Ф. Рай павіншавала сям’ю Віталя, Сняжаны і Пятра Нахай з перамогай у намінацыі “Самая мэтанакіраваная сям’я”. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч прадставіў “Самую дружную сям’ю” Аляксандра, Таццяны і Яны Сівых. “Самую актыўную сям’ю” Паўла, Веранікі і Кірыла Тарасевічаў віншавала старшыня РГА “Белая Русь” А. І. Клачко.

У галоўнай намінацыі свята “Самая спартыўная сям’я” перамогу святкавалі Анатолій, Надзея і Марыя Баркоўскія. Дыплом ім уручыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская. Гэта сям’я была адзначана і раённым грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь”.

Кожная сям’я, акрамя дыплома, атрымала памятны падарунак. Ім пажадалі заставацца такімі ж дружнымі, вясёлымі, таленавітымі, каб у іх заўсёды панавалі лад, згода, паразуменне.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Г. Ф. Рай скарысталася цудоўнай магчымасцю выказаць словы падзякі творчым сем’ям горада, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі шматлікіх раённых свят: Ларысе Дзмітрыеўне і Рыгору Іванавічу Гладчанкам і Алене Міхайлаўне, Аляксандру Мікалаевічу, Яне і Ганне Санюковічам. Яна павіншавала іх са святам і ўручыла памятныя падарункі.

На працягу ўсяго мерапрыемства спартыўным зоркам дарылі песні і танцавальныя нумары самадзейныя артысты і калектывы раённага Цэнтра культуры, ваеннаслужачыя. Для дзяцей працавалі пазнавальна-забаўляльныя пляцоўкі, якія арганізавалі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і раённая дзіцячая бібліятэка Валожынскай ЦРБС.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Нахай

    Сям’я Віталя і Сняжаны Нахай падчас спартыўнага свята “Тата, мама, я – спартыўная сям’я!” перамагла ў намінацыі “Самая мэтанакіраваная сям’я”.

Шурыгіны

    Раман і Ганна Шурыгіны са сваёй маленькай дачушкай Аляксандрай.

Тарасевічы

    Сям’я Паўла, Веранікі і Кірыла Тарасевічаў падчас аднаго са спаборніцтваў.

Сівыя

    Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч уручыў дыплом “Самая дружная сям’я” Аляксандру, Таццяне і Яне СівыМ.

Баркоўскія

Анатолій, Надзея і Марыя Баркоўскія да эстафеты гатовы.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars