Спартыўнае свята на герояў багата

Спорт

Аддзелу фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама ёсць чым ганарыцца! Рыхтуюцца выхаванцы для школы алімпійскага рэзерву (сёлета там вучыцца Алена Альхімовіч з Івянца),  валожынцы падымаюцца на прыступкі п’едэсталаў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў (найбольшыя вынікі дасягнуты ў настольным тэнісе і лёгкай атлетыцы), паспяхова ідзе пошук новых накірункаў турыстычнай дзейнасці.

За апошні год у раёне значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная спартыўная база. Эксплуатуюцца ДЮСШ АФП, 28 спартыўных залаў, 1 стадыён, комплексная спартыўная пляцоўка для рухавых гульняў, 2 стралковыя ціры, больш за 70 адкрытых спартыўных пляцовак, 6 трэнажорных залаў. Дарэчы, на абсталяванне некаторых аб’ектаў бюджэтныя сродкі не спатрэбіліся: камерцыйная кемлівасць супрацоўнікаў аддзела дапамагла зарабіць грошы і пусціць іх на набыццё неабходнага інвентару. Такім чынам забяспечана работа 115 спартыўных секцый, якія наведваюць 1865 чалавек. Нарматыў бюджэтнага забеспячэння на фізічную культуру і спорт у разліку на аднаго жыхара раёна склаў 49803 рублі, што амаль у тры разы перавышае неабходны мінімум.

Безумоўна, цяжкасці ў спартсменаў існуюць, але іх пераадольванне толькі загартоўвае моцных духам. Няма басейна, то можна і ў Маладзечна штотыдзень ездзіць. Абыходзяцца нашы дзеці і без стацыянарнага спартыўнага лагера. Цудоўнай альтэрнатывай яму служаць перасоўныя палатачныя лагеры, байдарачныя і веласіпедныя падарожжы. Заахвочванне юнага пакалення валожынцаў да заняткаў спортам набыло маштабнасць. Спрыяюць гэтаму трэнеры і інструктары ДЮСШ (дырэктар В. І. Паўлаў) і цеснае супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі.

Пры падвядзенні вынікаў за 2010 год начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму І. С. Малашкевіч пастаралася назваць кожнага школьніка, які не стаіць у баку ад спорту. Дзеці выходзілі на сцэну пад апладысменты сваіх сяброў, атрымлівалі падарункі і граматы. Спартсменам года на гэты раз стаў чэмпіён Рэспублікі  Беларусь і чэмпіён вобласці па кросу, член зборнай вобласці па лёгкай атлетыцы Аляксандр Бубен. Дарэчы “каралева спорту” – лёгкая атлетыка – прынесла поспех і ганаровае званне “Лепшы трэнер” Аляксандру Станіслававічу Чарняўскаму.

Спорту, як і каханню, падуладны ўсе ўзросты. Раённая арганізацыя ветэранаў спорту найбуйнейшая ў вобласці, і поспехі яе членаў таксама штогод папаўняюць скарбонку ўзнагарод. Нядаўна, напрыклад, віншавалі М. І. Шыяна, які выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па рускіх шашках.

Развіваецца фізічная культура і ў працоўных калектывах. Не бывае сорамна за прадстаўнікоў ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”, ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, РУП “Валожынскі жылкамунгас”, але самым спартыўным па выніках мінулага года аказаўся калектыў ДРБУ № 167. Гэта прадпрыемства і стала пераможцам па выніках круглагадовай спартакіяды, а яго інструктар-метадыст Дзмітрый Васільевіч Ажарэльеў названы лепшым у сваёй намінацыі.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *