Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

У напружаным рэжыме працуюць швачкі валожынскага Дома быту. Акрамя пашыву сезоннага калекцыйнага адзення, якое рэалізуецца праз уласны магазін і комплексныя прыёмныя пункты, супрацоўнічаюць з вялікімі і малымі фірмамі з Мінска і Маладзечна па пашыве спецадзення. У першую чаргу выконваюць заказы сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна.

11 мая больш за сто адзінак касцюмаў з камуфляжнай тканіны для працаўнікоў ААТ “Агра-Дубінское” былі дастаўлены ў гаспадарку. Зараз швачкі працуюць над пашывам спецадзення для работнікаў ААТ “Слодыч”, з якім КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” супрацоўнічае не першы год.

 

14 выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната пабывалі ў гасцях у ваеннаслужачых адной з мінскіх воінскіх часцей. Такую экскурсію арганізаваў Фонд Ефрасінні Полацкай.

Не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі мелі магчымасць памаршыраваць разам з салдатамі на пляцы, пакаштаваць салдацкай кашы і ўвогуле на працягу дня знаёміліся з жыццём салдат тэрміновай службы. І хаця самі выхаванцы па стане здароўя ніколі не апрануць воінскую форму, ім было надзвычай цікава патрымаць у руках сапраўдную зброю і сфатаграфавацца разам з сённяшнімі абаронцамі Айчыны.

 

Многія ўжо ведаюць пра высакародную справу, якой займаюцца Алена і Ігар Крэйнісы. У вёсцы Алешчаняты Гародзькаўскага сельсавета яны абсталявалі вальеры, дзе ўтрымліваюць бяздомных сабак і шукаюць ім гаспадароў і новы дом.

Газета “Аргументы и факты” аб’явіла сярод чытачоў конкурс “Человек с собакой вдруг…”. Кранальную гісторыю пра адну са сваіх гадаванак – Ладу – змясціла і А. Крэйніс. У гэтыя дні ў сацыяльных сетках ідзе адкрытае галасаванне. Яно працягнецца да 27 мая. Шаноўныя чытачы, у вас ёсць час, каб прагаласаваць за гісторыю Лады, і, магчыма, у сабакі пачнецца новае жыццё. Дарэчы, у конкурсе ўдзельнічае яшчэ адзін член вялікай сабачай сям’і Крэйнісаў – Альбар. Пра яго асобна напісала куратар.

 

З 11 па 13 мая на базе Нацыянальнага аздараўленча-адукацыйнага цэнтра “Зубраня” прайшла ХIII спартакіяда арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскай вобласці. У ёй прынялі ўдзел 28 каманд. Праграма ўключала валейбол, настольны тэніс, шашкі, шахматы, дартс, лёгкаатлетычны крос, турыстычную эстафету, скачкі ў даўжыню.

Каманда нашага жылкамунгаса ўдзельнічала ва ўсіх відах спорту і заняла 18-е месца. У мінулыя гады ўдзельнікі разбіваліся на дзве падгрупы па колькасці працуючых у калектыве, і вынік мог быць лепшым. У дзясятку мацнейшых прадстаўнікі валожынскай каманды ўвайшлі ў лёгкаатлетычным кросе – 6-е месца, настольным тэнісе – 7-е. Каманду рыхтаваў да спаборніцтваў новы інструктар па спорце – Вадзім Журкевіч, які працуе ў калектыве зусім непрацяглы час.

 

11 мая ў Івянцы па вуліцы Дзяржынскага адкрыўся магазін гандлёвай сеткі “Дабраном”. Першых пакупнікоў сустракалі цукеркамі з шампанскім. У новай гандлёвай кропцы кожны дзень скідкі на самыя розныя тавары, што прыцягвае пакупнікоў.

Раней будынак належаў райспажыўтаварыству. Апошнія гады ён пуставаў. У новых гаспадароў быў намер адкрыць у ім аптэку, што, зразумела, не пашкодзіла б пасёлку. Але, на вялікі жаль, не знайшлося работнікаў са спецыяльнай адукацыяй. І вось – новая гандлёвая кропка. Варта заўважыць, што магазінаў гэтай сеткі ў раёне больш пакуль няма.

 

Перад вучнямі і настаўнікамі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў не так даўно выступала інструментальнае трыа “Кансананс” Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

У выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, цымбалістак Таццяны Шумаковай і Наталлі Аруцюнавай, піяніста Валерыя Баравікова прагучалі творы розных эпох і жанраў – ад класікі да джаза. Выступленні музыкантаў-прафесіяналаў – добры стымул юным музыкантам для вучобы і ўдзелу ў разнастайных конкурсах. Фартэпіянны дуэт у складзе Яны Сівай і Кацярыны Ігнатовіч стаў удзельнікам ХХII адкрытага фестывалю-конкурсу “Веснавы праменьчык-2018”, які праходзіў у Маладзечне. За ўдзел у конкурсе вучаніцы педагога Т. В. Пазновіч атрымалі спецыяльныя дыпломы.

 

     Культурна-пазнавальны праект “Вандроўка”, распрацаваны летась работнікамі культуры па найбольш знакавых мясцінах раёна, пачаў новы сезон.

На гэты раз вандроўку ад Сакаўшчыны да Дубіны праз іншыя населеныя пункты на шляху зрабілі члены прафсаюза дзіцячага санаторыя “Налібоцкая пушча”. Нават тыя, хто пражыў усё жыццё на Валожыншчыне, адкрылі для сябе шмат новага з гісторыі роднага краю. Арганізатары праекта пачулі шмат падзячных слоў.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars