Гонар за сына – радасць для маці

Гонар-за-сына

Уладзіслаў Сяргеевіч Гурскі па выніках работы ведамства за 2017 год прызнаны лепшым маладым следчым. Добрасумленнае стаўленне да службовых абавязкаў дазволіла ўраджэнцу нашага горада, супрацоўніку Кастрычніцкага (г. Мінска) райаддзела Следчага камітэта, разам з дзевяццю калегамі атрымаць першую ў прафесійным жыцці ўзнагароду – Падзяку, якая была ўручана падчас урачыстага прыёму Д. У. Канаплянікам. Цырымонія адбылася ў памяшканні гарадской ратушы сталіцы і трансліравалася некалькімі тэлевізійнымі каналамі.

Не зважаючы на невялікі стаж службы (паўтара года), У. Гурскі змог паказаць сябе ўмелым супрацоўнікам – не аднойчы паспяхова расследаваў складаныя крымінальныя справы. “У Следчым камітэце робіцца ўсё для таго, каб моладзі працавалася камфортна, а бацькі маглі радавацца дасягненням сваіх дзяцей. Мы шчыра ўдзячныя Наталлі Фёдараўне, яе мужу Сяргею Мікалаевічу за выхаванне сына, які, хоць і знаходзіцца ў пачатку прафесійнага шляху, паспеў стаць моцным прафесіяналам”, – сказаў Юрый Васільевіч. Было выказана спадзяванне, што дасягненні юнака стануць для яго маладых землякоў прыкладам, магчыма, арыенцірам у выбары прафесіі.

У святочнай абстаноўцы, створанай кіраўніцтвам райспажыўтаварыства, да віншаванняў далучыліся і калегі Наталлі Фёдараўны. Большасць з іх ведаюць Уладзіслава з дзяцінства, а ў той дзень змаглі бачыць яго на відэазапісе. Падчас невялікага выступлення старшы лейтэнант падзяліўся ўражаннямі ад службы, выказаў падзяку родным, ад якіх пастаянна адчувае падтрымку.

Маладая і прыгожая маці дарослага сына-афіцэра, безумоўна, была ўзрушана нечаканай увагай. Тым не менш, паведаміла, што Уладзіслаў у свой час самастойна прыняў усе важныя рашэнні, якія тычацца яго прафесійнага жыцця. Спачатку паступіў на ваенны факультэт БДУ (спецыяльнасць “Правазнаўства”), затым прыклаў намаганні, каб трапіць на службу ў Следчы камітэт. Зараз ён зноў студэнт. Другі раз паступіў у сваю альма-матар, калі адчуў, што для некаторых кірункаў работы неабходны спецыяльныя веды ў сферы фінансаў.

Прадстаўнік Следчага камітэта пакінуў свае каардынаты і параіў будучым абітурыентам з Валожына, а таксама іх бацькам, адкінуўшы сарамлівасць, звяртацца да яго па ўсіх пытаннях набыцця належнай адукацыі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Гонар-за-сына

Гонар-за-сына1

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars