Жывеш тут і цяпер

    2018 год абвешчаны Годам малой радзімы. Я хачу расказаць пра той маленькі куток Беларусі, у якім жывуць цудоўныя людзі – мае суседзі, сябры, аднавяскоўцы.

Кашчэлічы – старадаўняя вёска. На яе паўночнай ускраіне знаходзіцца гарадзішча, узнікненне якога датуецца раннім жалезным векам – з V ст. да н. э. да V ст. н. э. У 60-х гадах мінулага стагоддзя на гэтым месцы былі знойдзены археалагічныя каштоўнасці I-IV стст. н. э.: штрыхаваная кераміка, косці жывёл, камяні. Зараз там усталяваны знак з апісаннем мясцін і вяздзецца навуковая работа.

Наша вёска – гэта тры рады дамоў, што ўтульна размясціліся паміж пагоркаў. Унізе працякае ручай, які калісьці быў ракой. Вакол – палі, лясы. А якая ў Кашчэлічах прырода! Узімку ўсё замірае пад белым кажушком, вясной – ажывае, летам – квітнее, а восенню фарбы здзіўляюць сваім хараством! Да нас у вёску заходзяць казулі, прыбягаюць зайцы, а на суседскім участку ёсць слуп, дзе буслы звілі гняздо і не першы год выседжваюць птушанят. Вось і ў гэтым годзе птушкі ўжо прыляцелі і наводзяць парадкі пасля зімы. У народзе кажуць: буслы жывуць толькі там, дзе добрая атмасфера.

Мясцовыя жыхары ў асноўным пажылыя. Яны памятаюць зусім не радасныя дні вёскі. Адной са старажылаў ужо 89 гадоў. Моладзь раз’ехалася, але не забывае малую радзіму – наведвае, дапамагае старэйшым. Усе яны працавітыя, разумныя. Мы, старыя, часта раімся з імі, пытаемся, як зрабіць лепш.

З кожным годам усё больш дамоў заставалася без гаспадароў, зарасталі агароды і сады, дарога на галоўнай вуліцы ператварылася ў непраезную. Але тры гады таму да нас сталі прыязджаць гараджане-дачнікі, сярод іх ёсць многа маладых людзей. І вёска зноў ажыла. Акультурваюцца ўчасткі і дамы. Паступова жыццё ў вёсцы становіцца насычаным і цікавым. У 2017 годзе, дзякуючы нашай настойлівасці, на вуліцы Цэнтральнай пачалі рамантаваць дарогу. У гэтым годзе паабяцалі скончыць работы.

Мы лічым, што не месца красіць чалавека, а чалавек – месца. Толькі мы самі можам навесці парадак у двары, на ўчастку, вакол дома, на сваёй вуліцы і ў роднай вёсцы. І не важна, дзе ты нарадзіўся, а важна, што жывеш тут і цяпер.

Тамара БУДНІКАВА,

жыхарка в. Кашчэлічы

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars