Ад людской пашаны выконваюцца і планы

Общество

  «Уменне знаходзіць агульную мову з людзьмі, падтрымаць размову, выслухаць і даць параду вельмі дапамагае асноўнай рабоце», – лічыць прыёмшчыца заказаў Бабровіцкага комплекснага прыёмнага пункта Людміла Аляксандраўна Насовіч.

  У вёсцы яна чалавек параўнальна новы, не тутэйшая, але менавіта ўласцівая таварыскасць дапамагла жанчыне хутка асвоіцца на новым месцы работы. За год спасцігла многія нюансы, адкрыла ў сабе неўласцівыя якасці арганізатара. Раней жанчына 10 гадоў адпрацавала на фабрыцы “Камсамолка” ў Маладзечне, потым 6 гадоў – вышывальшчыцай трыкатажных вырабаў у Валожынскім Доме быту. Менш за ўсё даводзілася кантактаваць непасрэдна з людзьмі, дагаджаць кожнаму, каб не ўпусціць кліента. А гэта нялёгкая навука.

  Умовы для работы ў Бабровічах адны з лепшых. Такога памяшкання-модуля больш нідзе няма, набылі і ўстанавілі яго падчас будаўніцтва аграгарадка. Цёпла, светла, утульна, прасторна. Для аднаго чалавека, а большасць дзён так і бывае, аж занадта. Па-сучаснаму абсталяваны рабочыя месцы для цырульніка, абутніка, швачкі. Выдзелены спецыяльны пакой для размяшчэння рытуальнай атрыбутыкі. Як швачка-матарыстка 3 разраду, сама прыёмшчыца мае дазвол непасрэдна на месцы падрубіць ці ўкараціць штаны, уставіць замок-“маланку” ў спадніцу, штаны. На такую паслугу ў вёсцы таксама ёсць попыт. Іншы раз паступае заказ з раёна на пашыў масоўкі – рукавіц для спецаддзення.

  Вытворчыя заданні Людміла Аляксандраўна практычна заўсёды выконвае. Перад прыездам цырульніка развешвае ў найбольш людных месцах аб’явы, з новым таварам абавязкова наведаецца на пошту, у кантору, да культработнікаў. Ды і самі вяскоўцы ніколі не мінаюць комплексны прыёмны пункт, бо размешчаны ён у добрым месцы. Найбольш запатрабаваныя ў іх рэгіёне паслугі – пральня, рамонт абутку і адзення. Што тычыцца мыцця бялізны, то людзі ў апошні час разабраліся ў зручнасці. Аддаюць не толькі бялізну, але і курткі, якія цяжка вымыць у хатніх умовах, забіраюць чыстыя і, галоўнае, адпрасаваныя. Ні табе вады насіць, ні грэць яе, ні паласкаць ды вывешваць. Асабліва ацанілі гэты від паслуг адзінокія мужчыны.

  Чатыры разы ў месяц Л. А. Насовіч па ўстаноўленаму графіку аб’язджае населеныя пункты свайго рэгіёна – збірае заказы, развозіць выкананыя, рэалізуе гатовыя тавары. Добра разыходзіцца пасцельная бялізна з баранавіцкай бязі, якую шыюць валожынскія швачкі. Спрыяюць гэтаму якасць тканіны і сучасныя расфарбоўкі, задавольвае людзей і цана. Яе сястра, прыехаўшы з Расіі ў госці, набыла адразу 7 пасцельных камплектаў.

  Дарэчы, уменнем ладзіць з людзьмі Людміла Аляксандраўна абавязана таму, што вырасла ў мнагадзетнай сям’і. Іх пяцёра сясцёр, хаця і раз’ехаліся з бацькоўскага дому, але заўсёды гатовы прыйсці адна адной на дапамогу. Вось і гэтай восенню сястра з Капыльскага раёна дала кліч, каб прыехалі дапамагчы выкапаць бульбу, хто змог, прыехаў. Калі збіраюцца на якое свята, то толькі родных, самых блізкіх, за сталом – 28 чалавек. Розныя прафесіі абралі яе сёстры, розныя маюць захапленні, а вось да шыцця здольнай аказалася толькі Людміла. Сапраўды залатыя рукі мае. Ім падуладны і арыгамі, і вышыўка (чатыры гады таму навучылася вышываць крыжыкам),  і вязанне кручком (атрымліваюцца  прыгожыя летнія блузкі). Я зразумела, чаму так па-дамашняму ўтульна ў памяшканні комплекснага прыёмнага пункта. Там паўсюдна работы прыёмшчыцы. Яны ствараюць настрой, сюды хочацца прыйсці неаднойчы. А як зайшоў чалавек, то абавязкова нешта купіць ці закажа, набудзе ён, захоча і сусед, сваяк. А ўсё разам спрыяе не толькі чалавечым зносінам, а і выкананню планавых заданняў.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий