На варце міру і спакою

Восем дзесяцігоддзяў выконвае задачы па забеспячэнні непарушнасці рубяжоў Беларусі 153-я Кёнігсбергская ордэна Чырвонай Зоркі асобная радыётэхнічная брыгада асобага прызначэння. Урачыстасці, прысвечаныя слаўнаму юбілею, прайшлі ў Валожыне ў мінулую пятніцу.

Ужо зранку на пляцоўцы перад будынкам штаба было людна – пачалі збірацца запрошаныя. Ветэранаў віталі дзеючыя афіцеры. Сярод ганаровых гасцей – Аляксандр Сяргеевіч Куранаў. Ён – адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння брыгады.

Мітынг у гонар велічнай даты па трыдыцыі прайшоў на тэрыторыі вайсковай часці 30695. Да асабовага саставу, шаноўных гасцей звярнуўся камандзір Андрэй Віктаравіч Калач. Падчас выступлення ён адзначыў уклад у развіццё злучэння яго былых кіраўнікоў. Дарэчы, на свяце прысутнічалі двое колішніх камандзіраў – Рамуальд Уладзіміравіч Вайніцкі і Сяргей Вячаслававіч Галіеў.

З вітальным словам да ваеннаслужачых, грамадзянскага персаналу і гасцей звярнуўся начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення-намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Павел Віктаравіч Ціханаў. У гэты дзень многія афіцэры, прапаршчыкі і салдаты атрымалі заслужаныя ўзнагароды – ганаровыя граматы і падзякі, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.

Ад імя раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” слова трымаў палкоўнік у адстаўцы Станіслаў Эдуардавіч Паўлюць. Ад афіцэраў, якія, па сутнасці, з’яўляюцца партнёрамі валожынскіх калег, выступіў Сяргей Пятровіч Заікін – камандзір вайсковай часці 75158.

Пасля ўрачыстага маршу, у якім прынялі ўдзел усе падраздзяленні, камандаванне брыгады запрасіла прысутных на экскурсію па тэрыторыі часці. Адбыўся паказ узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Наведаліся госці і ў музей баявой славы.

Мерапрыемства мела працяг у кінатэатры “Юнацтва”. Распачаўся ўрачысты сход з невялікага экскурсу ў гісторыю. Спецыяльна для ўдзелу ў святкаванні юбілею прыбыў выконваючы абавязкі Міністра абароны Рэспублікі Беларусь Алег Аляксеевіч Белаконеў. Падчас выступлення ён адзначыў: немагчыма пераацаніць заслугі радыёразведчыкаў перад Айчынай, якія на высокім узроўні паказалі свой прафесіяналізм яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І сёння, у мірны час, –  на варце спакойнага жыцця Беларусі.

Уручэнне ўзнагарод мела працяг і на сцэне. Строга і зладжана (так умеюць толькі людзі ў форме) адзін за адным падымаліся на сцэну тыя, хто найбольш ярка праявіў сябе падчас нясення няпростай службы. З рук высокапастаўленага военачальніка імянную зброю атрымалі былы і дзеючы камандзіры – Рамуальд Уладзіміравіч Вайніцкі і Андрэй Віктаравіч Калач, начальнік штаба Аляксандр Уладзіміравіч Макараў.

Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага выканаўчага камітэта М. А. Астрэйка. Мікалай Анатольевіч адзначыў: “Гісторыя брыгады, якая столькі часу размяшчаецца на тэрыторыі раёна, даўно стала неадрыўнай часткай гісторыі Валожыншчыны, яе своеасаблівым сімвалам. Мы ганарымся тым, што маем магчымасць называць сваім адно з найбольш знакамітых воінскіх злучэнняў краіны”. Кіраўнік мясцовай улады ўручыў камандзіру падзяку і каштоўны падарунак. Прагучалі пажаданні шчасця, міру і годнага выканання задач, што стаяць перад радыёразведчыкамі.

Сапраўдным упрыгажэннем свята стаў канцэрт ансамбля Узброеных Сіл, у якім прынялі ўдзел і самадзейныя артысты Валожынскай брыгады.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтар

На-варце-міру-і-спакою-2

Перад прысутнымі выступіў выконваючы абавязкі міністра абароны Рэспублікі Беларусь Алег Аляксеевіч БЕЛАКОНЕЎ.

На-варце-міру-і-спакою-3

Многія ваеннаслужачыя атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі Паўла Віктаравіча ЦІХАНАВА.

На-варце-міру-і-спакою-4

На-варце-міру-і-спакою-5

На-варце-міру-і-спакою-6

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars