Пасланне, аздараўленне, перапіс насельніцтва і бяспека на вадзе –

163628d9436b6ff998e2c168cb5080a6

такія тэмы былі агучаны і абмеркаваны падчас чарговага Дня інфармавання, які адбыўся на мінулым тыдні ў райвыканкаме.

КЛЮЧАВЫЯ АСПЕКТЫ ПАСЛАННЯ

Даклад па асноўным пытанні парадку дня – ключавых аспектах Паслання Прэзідэнта Беларусі да народа і Нацыянальнага сходу – агучыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Выступоўца нагадаў, што кіраўнік дзяржавы ў сваім штогадовым звароце закрануў пытанні, якія вызначаюць далейшую стратэгію развіцця краіны на ўнутранай і міжнароднай арэнах. У Пасланні А. Р. Лукашэнка падрабязна спыніўся на механізмах удасканалення нацыянальнай эканомікі, перспектывах кадравай палітыкі, ролі чалавечага капіталу ў жыцці грамадства, паведаміў аб важных напрамках рэалізацыі сацыяльнай і цэнавай палітыкі, неабходнасці працягваць працу па стварэнні ўмоў для магчымасці атрымліваць дастойную заработную плату. Таксама сярод тэм, узнятых Прэзідэнтам краіны, – занятасць, карупцыя, канстытуцыйная рэформа, інфармацыйная палітыка,  знешняя палітыка і нацыянальная бяспека.

Па словах кіраўніка дзяржавы, «галоўная мэта застаецца нязменнай: мы будуем дзяржаву для народа». А. Р. Лукашэнка перакананы: «Квітнеючай можа быць толькі тая краіна, дзе існуе баланс адказнасці дзяржавы і грамадства за выкананне сваіх абавязкаў. Дзе кожны клапоціцца не толькі пра сябе, але і пра Радзіму. Дзе любыя выклікі і пагрозы не расколваюць грамадства, а аб’ядноўваюць, дапамагаюць выстаяць у сучасным свеце».

ЛЕТНЯЯ АЗДАРАЎЛЕНЧАЯ КАМПАНІЯ –

яшчэ адно важнае пытанне, якое было агучана прадстаўніком аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У бягучым годзе ўстаноўлены па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь памеры дзяржаўных сродкаў на патанненне кошту адной пуцёўкі ў аздараўленчыя, спартыўна-аздараўленчыя лагеры. Сярэдні кошт пуцёўкі ў аздараўленчых лагерах Валожынскага раёна (напрыклад, у профільным 9-дзённым ваенна-патрыятычным або працы і адпачынку) складае 98 рублёў 50 капеек (бацькоўская даплата – 23 рублі 50 капеек); у 18-дзённым лагеры з дзённым знаходжаннем 87 рублёў (бацькоўская даплата – 15 рублёў).

Для набыцця пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, бацькам (законным прадстаўнікам непаўналетняга) неабходна звярнуцца ва ўстанову адукацыі, дзе вучыцца дзіця.

На Валожыншчыне плануецца аздаравіць 1485 непаўналетніх. Стацыянарнага лагера ў нашым раёне няма, таму па дамоўленасці з Вілейскім і Дзяржынскім аддзеламі адукацыі, спорту і турызму выдзелены 50 пуцёвак. Будзе прадоўжана практыка адкрыцця абаронна-спартыўных, ваенна-патрыятычных лагераў і змен для вучняў падуліковых катэгорый з прыцягненнем да супрацоўніцтва прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. Таксама будуць адкрыты лагеры для дзяцей, якія цікавяцца замежнымі мовамі, натуральнымі навукамі.

У летні перыяд 2018 года на Валожыншчыне будуць арганізаваны 16 лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе 14 устаноў адукацыі (будуць працаваць на працягу ўсяго лета), а таксама профільныя: ваенна-патрыятычны лагер «Патрыёт» на базе в/ч 30695, спартыўна-аздараўленчы лагер «Алімпіец», аздараўленчы «Астравок здароўя» на базе Мінскай абласной аздараўленчай базы «Галактыка», лінгвістычны лагер «Дыялог» на базе Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната, лагер для высокаматываваных дзяцей «Алімп» на базе Вішнеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, а таксама эколага-краязнаўчы лагер «Спадчыннікі» на базе Чэхаўшчынскай школы-інтэрната. Там жа працягнуць працаваць прафарыентацыйны лагер «PROFстарт» і аздараўленчы лагер «Дружба», дзе сумесна аздараўляюцца дзеці-інваліды і іх здаровыя аднагодкі. Праца ў такім тандэме з’яўляецца ўзорам інклюзіўнай адукацыі і выхавання талерантнага стаўлення да людзей з асаблівасцямі.

ПЕРАПІС-2019

З 4 па 30 кастрычніка 2019 года ў Беларусі пройдзе маштабная кампанія, якая закране літаральна кожнага жыхара нашай краіны. Гэта, вядома ж, перапіс насельніцтва.

Перапіс – важнейшая крыніца інфармацыі, неабходная для пабудовы дэмаграфічных, сацыяльна-эканамічных прагнозаў развіцця, прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, якія тычацца размяшчэння працоўных рэсурсаў, фарміравання бюджэту, выдзялення сродкаў на ахову здароўя, адукацыю, культуру і спорт. Перапіс дае адказы на многія пытанні, звязаныя з якасцю жыцця насельніцтва. Важны ён і для маладых сем’яў, бо вызначае, якая дапамога з боку дзяржавы ім патрабуецца. Па даных перапісу насельніцтва будуць разлічваць выдаткі бюджэту на сацыяльныя патрэбы… Такая кампанія праводзіцца раз у 10 гадоў.

Аб чым беларусаў спытаюць падчас перапісу? Ёсць базавы «набор»: пол, узрост, нацыянальнасць, занятасць, адукацыя, мова, узровень даходаў, забяспечанасць жыллём і г. д. Але жыццё дадае і новыя тэмы. На першы план у 2019 годзе выйдзе працоўная міграцыя, а таксама адукацыя, атрыманая беларусамі за межамі краіны. Жыхароў сельскай мясцовасці папросяць назваць колькасць дрэў, якія растуць у садзе, каб правільна падлічыць валавую прадукцыю сельскай гаспадаркі.

Прайсці апытанне падчас перапісу насельніцтва 2019 года можна будзе трыма спосабамі: самастойна праз інтэрнэт, на стацыянарным участку або дома (наведае перапісчык).

Рашэннем райвыканкама зацверджана палажэнне аб часовай камісіі садзейнічання перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 года ў Валожынскім раёне. У яе склад увайшло 37 членаў. Старшынёй часовай камісіі назначаны намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. Галоўная задача камісіі – забяспечыць узгодненыя дзеянні дзяржаўных органаў і аператыўнае рашэнне пытанняў, звязаных з арганізацыяй і правядзеннем перапісу насельніцтва. Выпрацаваны шэраг першачарговых задач.  Землеўпарадкавальнай службе даручана тэрмінова прыняць меры па ўдакладненні пераліку межаў і рэгістрацыі населеных пунктаў Валожынскага раёна ў адзіным рэестры Рэспублікі Беларусь. Аддзелу архітэктуры і будаўніцтва, РУП «Валожынскі жылкамунгас», Івянецкаму пасялковаму і сельскім выканаўчым камітэтам – навесці парадак у адраснай гаспадарцы, г. зн. забяспечыць упарадкаванне назваў вуліц, нумарацыі дамоў і кватэр з устаноўкай (абнаўленнем) аншлагаў, нумарных знакаў, таблічак. Наперадзе і іншая вялікая работа…

ДА ВАДЫ – БЕЗ БЯДЫ

Бяспецы паводзін на рэках і вадаёмах прысвячаўся вялікі матэрыял, які нядаўна быў апублікаваны на старонках раённай газеты. Пра асноўныя правілы, якія дазволяць захаваць жыццё і здароўе падчас купання, гаварылася і на дні інфармавання насельніцтва. Варта толькі дадаць, што, згодна з рашэннем райвыканкама, у арганізацыях, прадпрыемствах і ўстановах Валожыншчыны цяпер праводзіцца Тыдзень бяспекі на водах. У яго рамках праходзяць інструктажы і прафілактычныя мерапрыемствы, экскурсіі на выратавальныя пасты ТВВОД. Дарослых і падлеткаў навучаюць спосабам выратавання тых, хто цярпіць бедства ў час купання, знаёмяць з мерамі адказнасці за пакіданне дзяцей без нагляду альбо распіццё алкаголю перад заплывам… Адным словам, клапоцяцца, каб плаванне прыносіла толькі карысць і задавальненне. Выкананне пунктаў рашэння будзе строга пракантралявана ў пачатку наступнага месяца.

Наш кар.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars