Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

У маі аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці выдзеліў дзве субсідыі беспрацоўным, якія былі зарэгістраваны ў аддзеле.

Два прэтэндэнты на атрыманне субсідыі для адкрыцця сваёй справы прайшлі навучанне ў Мінску. Пасля прадаставілі бізнес-планы і фінансава-эканамічнае абгрунтаванне. Проста на павер дзяржаўныя грошы не выдзяляюцца. Адзін чалавек вырашыў займацца грузаперавозкамі, другі – рамонтна-аддзелачнымі работамі.

 

Вытворчыя магутнасці пральні раённага камбіната бытавога абслугоўвання задзейнічаны пад поўную загрузку. Не так даўно бытавікі выйгралі новы тэндар – па абслугоўванні летнікаў.

Цяпер у нашай пральні будуць мыць бялізну з аздараўленчага лагера “Палачанка”, які размешчаны ў ваколіцах Ракава і знаходзіцца на балансе ААТ “Усход”.

 

Дзясяты год запар чацвёртакласнікі сярэдняй школы № 1 райцэнтра ўступаюць у піянеры на Кургане Славы. Сёлета ва ўрачыстай абстаноўцы гальштукі былі павязаны 56 хлопчыкам і дзяўчынкам трох чацвёртых класаў.

Спачатку для будучых піянераў правялі экскурсію па Кургане Славы, расказалі пра гісторыю яго ўзнікнення. Урачыстая лінейка праходзіла на самым піку кургана. Гальштукі піянерам павязалі іх настаўніцы Святлана Эдвардаўна Родзевіч, Вольга Аляксандраўна Іваноўская і Таццяна Алегаўна Шакун. Да вучняў першай школы далучыліся 9 школьнікаў Сакаўшчынскага ВПК. Адзін з іх таксама быў прыняты ў рады піянераў. Затым два аўтобусы са школьнікамі з Валожыншчыны накіраваліся ў мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

 

У мінулым годзе ў дзіцячай бібліятэцы райцэнтра на абанеменце і ў чытальнай зале быў зарэгістраваны 2861 чытач. Сярод іх не толькі дашкольнкі і вучні па 9-ы клас уключна, непасрэдны чытальніцкі кантынгент бібліятэкі, але і старшакласнікі, студэнты, настаўнікі і бацькі юных чытачоў. Сёлета з пачатку года ў бібліятэку запісаліся 1176 чытачоў і 991 чытач наведвае чытальную залу.

Традыцыйна калектыў падводзіць вынікі года і называе самых лепшых сваіх чытачоў. Не так даўно іх прозвішчы вывешаны на першым паверсе будынка, пры ўваходзе ў бібліятэку. У спісе школьнікі, якія летась прачыталі больш за 50 кніг і актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, што ладзіла дзіцячая бібліятэка. Не першы год у лідарах вучаніца 5 класа гімназіі № 1 Маша Жамоздзік, на рахунку якой больш за 100 прачытаных кніг. Актыўныя наведвальнікі бібліятэкі – другакласніца Марына Гомель і яе сястра-васьмікласніца Святлана, якія таксама займаюцца ў гімназіі. Часта наведваюцца сюды і васьмікласнік СШ № 2 райцэнтра Сяргей Мамонька, што чытае шмат энцыклапедычнай літаратуры, цікавіцца часопісамі; вучаніца 6 класа гэтай школы Яна Мартынская; васьмікласніца СШ № 1 Яна Санюковіч; брат і сястра Арцём і Насця Менцюкі, якія вучацца ў 8 і 4 класах гэтай школы. Лічыцца: сучасныя дзеці і падлеткі больш часу праводзяць з гаджатамі, чым з кнігай у руках. Бібліятэкары ж перакананы, што дастаткова і тых, для каго кнігі на першым месцы.

 

9 мая на школьным стадыёне ў пасёлку Багданаў па традыцыі прайшоў футбольны турнір памяці воіна-інтэрнацыяналіста Паўла Падрэза. Сёлета ён адбыўся ў 30-ы раз. У юбілейным турніры прынялі ўдзел 4 каманды. Перад тым, як пачаць спаборніцтвы, прадстаўнікі каманд з’ездзілі на могілкі і ўсклалі кветкі на магілу Паўла Падрэза. На адкрыцці турніру прысутнічала маці героя Яніна Юльянаўна, якой галоўны суддзя спаборніцтваў М. М. Рабцаў уручыў падарунак.

Першыя гульні паміж камандамі Валожына і Вішнева, Багданава і Івянца завяршыліся з лікам 4:0 і 4:1. У фінале за трэцяе месца спрачаліся каманды Івянца і Вішнева. Прызёрамі сталі івянчане, якія выйгралі сустрэчу з лікам 3:0. Прыгожай і ўпартай была гульня за першае месца паміж камандамі Валожына і гаспадароў. З лікам 3:2 перамаглі футбалісты райцэнтра. Тройка прызёраў атрымала грашовыя прэміі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Лепшымі ігракамі названы Андрэй Пракаповіч, Аляксей Патапчанка і Андрэй Жамоздзік з каманды-пераможцы, а таксама Мікалай Гурук з Івянца і Эдуард Дасіневіч, пляменнік Паўла Падрэза, з багданаўскай каманды.

 

    Работнікі народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” не толькі ладзяць выставы ўмельцаў у сваім памяшканні, але і арганізуюць паездкі па цікавых мясцінах Беларусі.

Не так даўно члены аб’яднання і жыхары горада пабывалі на экскурсіі ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна, дзе знаходзіцца музей-сядзіба М.-К. Агінскага. Экскурсавод расказала пра кожны пакой у музейным комплексе. Асабліва ўразіла экскурсантаў адноўленая аранжарэя, дзе сабрана шмат экзатычных раслін і кветак.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars