Да шматлікіх узнагарод кіраўніка Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Лізаветы Станіславаўны Пятроўскай дабавілася ашчэ адна.
Не так даўно на ўрачыстай вечарыне з нагоды яе 50-годдзя дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Р. І. Вайцяхоўская ўручыла юбілярцы нагрудны знак Міністэрства культуры рэспублікі “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
20 мая ў Гродне прайшлі святкаванні, прысвечаныя 100-годдзю заснавання грамадскай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна” і 25-годдзю адраджэння яе дзейнасці на Беларусі.
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі госці з Польшчы і Літвы, дэлегацыі з розных рэгіёнаў Беларусі, дзе ёсць раённыя аддзелы. Наш раён прадстаўлялі настаўніцы польскай мовы А. Макарэвіч, В. Відзевіч і Т. Сініцкая. Пачаліся мерапрыемствы са святой імшы ў фарным касцёле. Навучэнцы ліцэя, які існуе ў Гродне пры гэтай арганізацыі, падрыхтавалі святочны канцэрт. У яго праграму былі ўключаны і іншыя нумары. Журналісты польскага радыё бралі інтэрв’ю ў прысутных. Нашым настаўнікам, як і многім іх калегам, былі ўручаны памятныя медалі і дыпломы за ўклад у асвету і прапаганду польскай мовы.
З 9 па 14 ліпеня ў Польшчы пройдзе чэмпіянат свету па фехтаванні сярод людзей з захворваннямі апорна-рухальнага апарату. У складзе зборнай Беларусі на чэмпіянаце рыхтуецца выступіць выхаванка Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната Кацярына Мышко.
Зараз у шасцікласніцы час напружанай падрыхтоўкі да адказнага старту. Яна знаходзіцца ў Маладзечанскай санаторнай школе, дзе трэнеру Іне Рамановіч прасцей праводзіць трэніроўкі. У Івянецкім доме-інтэрнаце дзяўчынка пражывае з верасня 2010 года. А да гэтага часу выхоўвалася ў Ждановіцкім спецыялізаваным дашкольным дзіцячым доме. Кацю трэнеры заўважылі на спаборніцтвах “Спешыал Алімпік”, у якіх даўно прымаюць удзел выхаванцы дома-інтэрната. Прапанавалі займацца фехтаваннем на шпагах. І праз некаторы час яна перыядычна ездзіла на зборы. Акрамя здольнасцей і працаздольнасці ў дзяўчынкі ёсць яшчэ адзін козыр: яна ляўша. ТДА “Віталюр” набыло для Каці Мышко спартыўнае абмундзіраванне коштам 500 еўра.
У аграсядзіб нашага раёна добрая рэпутацыя далёка за межамі краіны. Многія з іх стварылі выдатныя ўмовы не толькі для пражывання гасцей, але і для іх разнастайнага культурнага адпачынку.
З пачатку года ў аграсядзібе “Налібоцкія васількі” пабывалі больш за 20 расіян, больш за 80 жыхароў Польшчы, наведваліся таксама прадстаўнікі Нарвегіі, Германіі, Японіі. Ганаровы консул Беларусі ў Японіі разглядаў магчымасць аздараўлення японскіх сем’яў на аграсядзібах Беларусі. Жыхары Польшчы прыязджаюць на радзіму продкаў, а гаспадар Васіль Уладзіміравіч Шакун дапамагае ім у пошуках закінутых вёсак, могілак не толькі на тэрыторыі нашага раёна, але ў суседніх – Маладзечанскім, Смаргонскім, Ашмянскім. Цікавяць палякаў і Налібоцкая пушча, пра таямніца якой гаспадар можа расказваць бясконца, і Івянец.
Трэнер Арцём Барысавіч Балабан не толькі сам прыхільнік валейбола, але і стварыў каманду “Vol.k.i”, якая набірае моц і з году ў год дабіваецца лепшых вынікаў.
З 14 па 20 мая валожынская каманда ў складзе васьмі юнакоў 15-17-гадовага ўзросту прымала ўдзел у міжнародным турніры ў Польшчы. Камандзіраваны юныя спартсмены былі па лініі раённага аддзела “Польска Мацеж Школьна”. У турніры ў Аструдзе ўдзельнічалі 8 каманд з Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Расіі, гаспадары выставілі дзве каманды. “Vol.k.i” занялі ганаровае трэцяе месца і вярнуліся дадому з медалямі, кубкам, дыпломамі і новым валейбольным мячом. Сяргей Паплаўскі атрымаў прыз як лепшы ігрок каманды. Усе юнакі ў Польшчы былі ўпершыню, таму вельмі дарэчы былі экскурсіі, знаёмства з польскай культурай, музеямі, храмамі, падрыхтаваныя арганізатарамі турніру.
18 мая ў Падбярэзскім сельскім Доме культуры выступалі самадзейныя артысты Дайлідскага СДК Іўеўскага раёна. А ў нядзелю, на каталіцкую Сёмуху, нашы артысты давалі канцэрт у аграгарадку Дайліды.
У праграме бралі ўдзел вакальная група народнага хору “Спяваючыя сэрцы”, салісты Падбярэзскага СДК – сямейны дуэт Святлана і Ігар Гурбаны, Людміла Вансовіч, Лілія Маразоўская. Гучалі гумарэскі, байкі ў выкананні загадчыцы аўтаклуба Антаніны Шадрынай, кіраўніка хору Галіны Філяноўскай, народныя і эстрадныя песні.