Калі справа па душы

У будучым годзе сацыяльныя работнікі адзначаць 100-годдзе сваёй службы. Усе ўстановы, якія маюць дачыненне да гэтай сферы, ужо рыхтуюцца да ўрачыстасці.

На мінулым тыдні ў Ракаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце стартаваў абласны фестываль мастацкай самадзейнасці, прымеркаваны да юбілейнай даты. У першым туры пазмагацца за званне самых творчых, крэатыўных і таленавітых выпала калектывам Вілейскага ТЦСАН, Лагойскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, Валожынскага ТЦСАН, Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, Мядзельскага ТЦСАН, Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця, Маладзечанскага ТЦСАН, Маладзечанскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, Лагойскага ТЦСАН, Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, ТЦСАН Мінскага раёна.

На суд гледачоў і журы яны прадставілі канцэртныя праграмы, якія адпавядалі пэўным патрабаванням: працягласць не больш за 10 хвілін, жанравае адзінства, мастацкае выкананне нумароў, сцэнічны імідж. Ацэньвалі выступленні старшыня камітэта па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне аблвыканкама А. А. Семянчук, яго намеснік Т. А. Дамарацкая і яшчэ чатыры асобы, службовыя абавязкі якіх звязаны з сацыяльнай і культурнай сферамі. У якасці ганаровага госця прысутнічаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі.

Калектыву Ракаўскага дома-інтэрната давялося нямала папрацаваць для арганізацыі і правядзення фестывалю. Інжынер па ахове працы А. І. Мянцюк і бухгалтар А. А. Цімаховіч пагадзіліся быць вядучымі. Дзякуючы іх прыветлівасці, канкурсанты акунуліся ў атмасферу добразычлівасці і амаль не хваляваліся. Большасць выступаючых аддалі перавагу песням. Былі гэта і папулярныя хіты, і народныя, і самастойна напісаныя акурат з нагоды юбілею сацыяльнай службы. Танцы, вершы, спартыўныя і тэатралізаваныя мініяцюры таксама знайшлі сваё ўвасабленне на сцэне.

Канчатковы вердыкт журы пакуль што не вынесены, і хто прадставіць рэгіён у другім туры – невядома. Але на думку прысутных, найбольш яркім аказалася выступленне валожынцаў. Іх праграма насіла назву “Гэта было нядаўна, гэта было даўно…”. Яна вызначалася жанравай разнапланавасцю пры ідэйным адзінстве. Натхняльнікамі і стваральнікамі сцэнарыю сталі загадчыца аддзялення Ірына Кавяза і псіхолаг Алена Жданюк. У склад творчай групы ўвайшлі 22 супрацоўнікі сацыяльнай службы. Гэта выдатныя спецыялісты, старанныя работнікі. Яны і на сцэне не разгубіліся, даказваючы: той, хто выдатна спраўляецца з даручанай справай, і іншымі талентамі не абдзелены.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Аляксандры ІОДА, спецыяліста па сацыяльнай рабоце

Калі-справа-па-душы-1

Калі-справа-па-душы-2

Калі-справа-па-душы-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars