Да нас прыйшоў ТэраКот!

У мінулую суботу прыхільнікаў народнай творчасці сабраў фестываль керамікі “ТэраКот”, які ўпершыню праводзіўся на Валожыншчыне.

Нават няўстойлівае надвор’е не засмуціла аматараў адпачынку на свежым паветры. У Ракаве, на пляцоўцы ля Цэнтра народнай творчасці, дзе размясціліся выставачныя рады, было людна. Амаль да самага берага Іслачы распасціралася святочная прастора. Блізкасць касцёла і старажытнага гарадзішча дапамагала адчуць подых стагоддзяў, здавалася, зніклі граніцы эпох. Традыцыйныя рамёствы, удзельнікі і наведвальнікі ў гістарычных строях, афармленне кожнага выставачнага месца і сцэнічнай пляцоўкі – усё стварала належную атмасферу. Падсілкавацца прысмакамі клікалі харчовыя шатры.

Народныя ўмельцы пачалі размяшчаць выставы задоўга да адкрыцця мерапрыемства. Кожны стараўся больш выгадна падаць вынік уласнай творчасці. У выкананні керамістаў з розных куткоў Беларусі, у тым ліку і нашых мясцовых – з Івянца і Ракава, можна было назіраць вырабы ў аўтарскіх тэхніках і з керамічнай масы рознай рэцэптуры.

Большасць рэчаў майстры прапаноўвалі на продаж, чым парадавалі жыхароў раёна і гасцей з замежжа. На ўра разыходзіліся посуд, пано ў выглядзе жанравых сцэнак, карціны. Уразіла кераміка з роспісам пад фарфор. Здавалася, гэтыя міні-скульптуры трапілі на свята з паліц антыкварнай крамы. Згодна з задумай арганізатараў, тут можна было не толькі палюбавацца на гатовыя вырабы, але і стаць непасрэдным удзельнікам стварэння рукатворнай прыгажосці. Адбою ад дзетвары не мелі рамеснікі, якія праводзілі майстар-класы па лепцы і роспісе. Самыя актыўныя станавіліся ўдзельнікамі конкурсаў, зараблялі фестывальную валюту – «тэракоцікі».

Найбольшай папулярнасцю карысталася пляцоўка, дзе гаспадарыў мастак-кераміст з Мінска Сяргей Молчан. Яго ганчарнае кола ўвесь час было ў рабоце. Каб пасядзець за рулём велакрузера ці глінагруга, а тым больш паспрабаваць падчас “катання” штосьці зваяць, хлопчыкі і дзяўчынкі выстойвалі цэлую чаргу. Гэты незвычайны агрэгат прадаставіў кіраўнік сталічнага клуба майстроў Вадзім Козіч.

Ганна Янчэўская прадставіла гурток Пугачоўскага СДК. Кіраўнік з выхаванцамі працуюць з так званай несапраўднай глінай. Масу для лепкі вараць з крухмалу і соды. Вырабы размалёўваюць фарбай – прыгожа і незвычайна.

Людна было ля вітрын, на якіх выстаўляліся вырабы з тканіны, воўны, саломы. Цікавую выставу абсталявалі мясцовыя работнікі культуры. Аўтарскія лялькі Вольгі Кашкурэвіч прыцягвалі ўвагу адметнымі для пэўных мясцовасцей строямі. Сувенірная прадукцыя аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”, як заўсёды, радавала вока, карысталася попытам у пакупнікоў.

Сурвэткі, ігольніцы, брошкі з ільну ў выкананні гаспадыні аграсядзібы “Раўнавага” Ларысы Мытнік вабілі жанчын, работа кузні прыцягвала ўвагу мужчынскай паловы ўдзельнікаў. Гаспадары сядзібы “Мядовая каралева” выставілі вырабы з воску, творчая майстэрня “Іслач” – са шкла.

Вось прагучалі пазыўныя, што паклікалі прысутных на ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Вядучая – прадстаўнік ГА “Гільдыя керамістаў” Софія Сівер-Духоўнікава – пачала з кароткага экскурсу ў гісторыю ганчарнай справы на Беларусі. Старшыня гільдыі Святлана Цап выказала шчырую падзяку Валожынскаму райвыканкаму і работнікам культуры за разуменне і падтрымку. Вітальныя словы ў адказ прагучалі з вуснаў Вікенція Мікалаевіча Адамовіча – начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Аляксандра Антонавіча Мякінкі – старшыні Ракаўскага сельвыканкама. Дарэчы, у якасці гасцей на свята завіталі і Мікалай Анатольевіч Астрэйка – старшыня райвыканкама, і Ігар Уладзіміравіч Шакун – намеснік старшыні.

З надзеяй на тое, што цудоўнае мерапрыемства прыжывецца на яго радзіме, Фелікс Янушкевіч – мастак, гаспадар прыватнай галерэі ў Ракаве, чалавек, які добра ведае гісторыю Ракава, у тым ліку і яго ганчарныя традыцыі, – падарыў гільдыі керамістаў кавалак штрыхаванай гліны, якая знойдзена амаль на месцы правядзення фестывалю.

Трошкі пазней гукі музыкі і спеваў паклікалі гледачоў на канцэртную праграму, якая аказалася насычанай і шматжанравай. Для гасцей спявалі, танцавалі, ігралі на розных музычных інструментах самадзейныя артысты з Валожына, Ракава, Івянца, Вілейкі, Мінска. Правесці канцэрт дзіцячага ансамбля “Менестрэлі” Ракаўскай ДШМ на адкрытай пляцоўцы не дазволіў дождж, гледачоў запрасілі ў памяшканне ЦНТ. Але хутка сонца зноў адарыла прысутных сваім святлом, таму астатнія калектывы – “Іслачанка” Ракаўскай ДМШ, харэаграфічныя калектывы “Канфеці”, “Апельсін”, вакальная група “Элегія” Ракаўскай СШ, драматычны гурток “Жаронцы”, гурт “Чыжыкі”, узорны фальклорны гурт “Вянок” ЦНТ, рэтра-бэнд “Добры настрой” аграсядзібы “Ганка” заражалі гледачоў энергіяй, клікалі ў скокі пад яркімі прамянямі.

Падчас закрыцця фестывалю былі падведзены вынікі конкурсаў, пераможцы атрымалі сувеніры. Са спецыяльнымі праграмамі выступілі заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” Ракаўскага ЦНТ, народны інструментальны ансамбль “ARS LONGA” Ракаўскай ДМШ, народны калектыў народнага гумару “Дубінскія фанабэры” Дубінскога СЦК, народны агітацыйна-харэаграфічны калектыў “Журавінка” Івянецкага ДК, народны ансамбль народнай песні “Сваякі” Валожынскага РЦК.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Да-нас-прыйшоў-ТэраКот-1

Да-нас-прыйшоў-ТэраКот-2

Да-нас-прыйшоў-ТэраКот-3

Да-нас-прыйшоў-ТэраКот-4

Да-нас-прыйшоў-ТэраКот-5

Да-нас-прыйшоў-ТэраКот-6

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars