Як у садзе ў маёвым таньчылі мы да рання…

Ноч у маёвым садзе зноў сабрала сяброў – прыхільнікаў народнай песні, гульні, кухні і танца. Некамерцыйны праект запушчаны ў мінулым годзе Васілём Грынем – гаспадаром аграсядзібы “Засценак Скрыплева” і ўдзельніцамі гурта “Кола” Маладзечанскага палаца мастацтва.

Аўтары задумы засталіся задаволены першым мерапрыемствам, таму рашыліся на правядзенне другога. Між іншым, “Маёвы сад-2018” сабраў больш гасцей, чым мінулы, а геаграфія ўдзельнікаў пашырылася. Мінск, Маладзечна, Гродна, Вілейка, Полацк, Бабруйск,  Барысаў… Прысутнічалі госці з Расіі, Літвы, Германіі, Велікабрытаніі. Суседзі – жыхары вёсак Гародзькі, Гарадзечна, Ганькавічы, якія год таму атрымалі асалоду ад удзелу ў вечарынцы, на гэты раз прывялі на “маёўку ў Грыня” сваіх родных і знаёмых.

Новаўвядзеннем на гэты раз стала выстава старадаўніх вясельных здымкаў. Сабраць іх дапамаглі мясцовыя жыхары. Асноўны ж сцэнарый мерапрыемства застаўся без змяненняў. Людзі слухалі музыку, спявалі, частаваліся. Поліўка з крапівы, пачастункі ад дубінскіх гаспадынь, гарбата. Усе гэта падмацоўвала гасцей, бо асноўны баль тут  правілі танцы, а яны, як вядома, патрабуюць сіл і энергіі. Пад гукі скрыпкі, цымбалаў, гармоніка і барабана (гурт Алеся Лася) госці дружна скакалі польку, лявоніху, кракавяк. Калі ж хацелася трохі перадыхнуць, прасілі музыкаў выдаць “штосьці больш павольнае”. Радавалі сваёй творчасцю гурты народнай песні, у тым ліку “Мярэжа” Юліі Ліцвінавай з Дайнавы.

Ноч у маёвым садзе доўжылася аж да світання. Бліжэй да раніцы, калі стала халадаць, вясёлая грамада перабралася на веранду, дзе танцы прадоўжыліся. Стук абцасаў аб дошкі часам глушыў гукі музыкі. Нават тыя, хто быў упэўнены, што не знаёмы з беларускімі танцамі, аказваліся на вышыні. Актыўным, няўрымслівым людзям было весела і цікава, а іншых у маёвым садзе не было.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота Генадзя СКАЛАБАНА, Святланы КЛЕПІКАВАЙ

Як-у-садзе-ў-маёвым-таньчылі-мы-да-рання-1

Як-у-садзе-ў-маёвым-таньчылі-мы-да-рання-2

Як-у-садзе-ў-маёвым-таньчылі-мы-да-рання-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars