У рамках падрыхтоўкі да маштабнай дзяржаўнай кампаніі ў раёне праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх – неабходнасць абазначэння да 1 верасня бягучага года офісных збудаванняў і жылых дамоў населеных пунктаў нумарнымі знакамі, табліцамі з назвамі вуліц.
Кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў цяпер праводзяць інфармацыйна-тлумачальную работу з членамі працоўных калектываў аб неабходнасці такой меры. Гэта трэба, каб канкрэтны дом у экстранных выпадках змаглі знайсці службы хуткай дапамогі, МНС, міліцыі, газу, водаканала, электрасетак, каб своечасова даставілі пошту, заказ тавараў і г. д. Парадак у адраснай гаспадарцы палегчыць працу членаў участковых выбарчых камісій, перапісчыкаў пры правядзенні перапісу насельніцтва.
Як дзейнічаць?
Можна заказаць дамавы знак у рэкламнай майстэрні (або іншай спецыялізаванай арганізацыі) або выканаць яго самастойна (у тым ліку і намаляваць фарбай на фасадзе жылога дома) у адпаведнасці з прыведзенымі ніжэй правіламі.
ПРАВІЛЫ
размяшчэння дамавых знакаў на фасадах жылых і грамадскіх будынкаў і збудаванняў
- Дамавыя знакі павінны размяшчацца з боку праезнай часткі (магістральных вуліц, вуліц населеных пунктаў, радзей – унутрыквартальных праездаў) пераважна на галоўным фасадзе будынка на аптымальнай для агляду кропцы фасада і вышыні.
- Дамавыя знакі не павінны загараджацца іншымі будынкамі і збудаваннямі, аб’ектамі добраўпарадкавання, сродкамі вонкавай рэкламы (шыльдамі) і г. д.
- Дамавыя знакі на наступных будынках і збудаваннях павінны ўтрымліваць нумар і назву вуліцы:
— тых, якія пачынаюць або завяршаюць нумарацыю будынкаў і збудаванняў на канкрэтнай вуліцы;
— размешчаных на скрыжаваннях двух або больш вуліц (як правіла, яны маюць падвойную адрасацыю);
— размешчаных у сярэдзіне працяглага квартала забудовы;
— якія адносяцца да вуліцы, адрознай ад той, куды выходзіць галоўны фасад;
— адрасаванне якіх цяжка ідэнтыфікаваць на мясцовасці.
У іншых выпадках дамавыя знакі могуць прадстаўляць сабой просты нумарны знак.
- Дамавыя знакі павінны быць дакладнымі і інфармацыйнымі, адпавядаць прысвоенаму пры дзяржаўнай рэгістрацыі адрасу, а таксама афіцыйнай назве вуліцы на дзяржаўных мовах.
- Дамавыя знакі павінны быць выразна чытальнымі пры перамяшчэнні як пешшу, так і на транспарце з крайняй правай паласы руху; шрыфт надпісаў павінен быць досыць буйным, шчыльным і кантрасным па адносінах да фонавай заліўкі.
Аддзел статыстыкі Валожынскага раёна