Душу ўкладвае ў вучняў

…Перад вачамі – карцінкі ўспамінаў. Яны розныя. Нараджэнне дзіцяці… Першы зуб, першы крок, выпускны ў дзіцячым садзе. Першы клас… Як радуецца малыш, упершыню пераступаючы парог школы! І як хвалююцца бацькі: ці будзе камфортна роднай крывінцы ў новым калектыве, ці лёгка будзе яму вучыцца? Гэтыя пытанні хвалявалі чатыры гады таму і нас, бацькоў цяпер выпускнога 4 «А» класа сярэдняй школы № 1 г. Валожына.

Фотаздымак з першай настаўніцай – Святланай Эдвардаўнай Родзевіч. З першай сумеснай усмешкі на агульнай фатаграфіі і пачалася дружба педагога і першакласнікаў. Не сакрэт, няпроста часам давалася кожнае слова, кожны склад, кожная літара. Але як радавалася яна маленькім поспехам сваіх вучняў!

І ўсё ж задача першага настаўніка не толькі навучыць дзяцей чытаць і пісаць, а зацікавіць іх да вучобы, з’яднаць у дружны калектыў, развіваць здольнасці кожнага вучня і бачыць у ім асобу. Святлана Эдвардаўна арганізоўвала экскурсіі ў Мінск, паездкі ў цырк. Падчас вандровак дзеці вучыліся разумець адзін аднаго. Дзякуючы яе мудрым парадам, вучні не раз станавіліся пераможцамі ў розных інтэлектуальных і творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах.

Святлана Эдвардаўна – добры арганізатар, майстар на ўсе рукі. Да любога свята можа прадумаць і правесці незабыўнае мерапрыемства. Настаўніца ўмее знайсці падыход да кожнага дзіцяці, нават самыя няўпэўненыя ў сабе выступаюць на сцэне «на біс». А якія танцавальныя нумары яна рыхтуе з хлопцамі! Усю душу ўкладвае ў сваіх выпускнікоў.

За далікатнай знешнасцю С. Э. Родзевіч хаваецца моцны характар з непахіснай верай у дабро і справядлівасць, а сэрца напоўнена вялікай любоўю да людзей. Строгі, але ў той жа час добры і справядлівы настаўнік, да якога можна звярнуцца за дапамогай і падтрымкай не толькі дзецям, але і бацькам. Заўсёды знойдзе час выслухаць, падтрымае добрым словам. Яна рэалізавала сябе ў жыцці: выдатны педагог, надзейны сябар, клапатлівая маці, добрая жонка – словам, Чалавек з вялікай літары.

Пяты клас… Новыя прадметы, новыя адкрыцці. Новыя педагогі. І ўсё ж першая настаўніца, мы ўпэўнены, назаўжды застанецца ў сэрцах нашых дзяцей. А мы жадаем Святлане Эдвардаўне моцнага здароўя, душэўнага спакою, аптымізму, а таксама дапытлівых вучняў.

Бацькі 4 «А» класа СШ № 1 г. Валожына

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars