Подых мінуўшчыны яднае і натхняе

Подых-мінуўшчыны-яднае-і-натхняе-4

      Ноч у музеі. Акцыя з такой назвай даўно набыла статус сусветнай. Вечарына ў яе рамках праведзена ў краязнаўчым музеі. Супрацоўнікі ў чарговы раз паказалі рэсурсны патэнцыял установы культуры, яе магчымасці.

На гэты раз галоўнымі героямі мерапрыемства сталі славутыя літаратары Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Канстанцыя Буйло. Праз мастацкае слова і камп’ютарную прэзентацыю наведвальнікам нагадалі біяграфіі вядомых землякоў, асноўныя вехі іх творчасці. У першую чаргу акцэнт быў зроблены на сувязі пісьменнікаў з Валожыншчынай.

З нашай малой радзімай цесна быў звязаны і пясняр зямлі беларускай – Янка Купала (жонка Уладзіслава – ураджэнка вёскі Вішнева, сяброўка Канстанцыі Буйло). Таму наступным эпізодам мерапрыемства стаў паказ спектакля “Прымакі”. Юныя артысты з СШ № 1 – удзельнікі студыі “Летуценнікі” (кіраўнікі Ала Бітэль, Ганна Кізік, Людміла Саухіна) – яскрава і эмацыянальна ўвасобілі вобразы купалаўскай п’есы ў інтэр’еры музея.

Пазней гасцей запрасілі пачаставацца гарбатай і хатнімі прысмакамі. За работу імправізаванага кафэ на свежым паветры адказвалі прадстаўніцы дзіцячай бібліятэкі Алена Трасцянка і Святлана Янкоўская. Тут жа, пад яркімі прамянямі сонца, адбыліся літаратурныя чытанні. Дзеці і дарослыя з натхненнем дэкламавалі вядомыя паэтычныя творы Канстанцыі Буйло і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Сярод выканаўцаў – педагогі і іх вучні, журналісты, работнікі культуры.

Асноўная нагрузка падчас падрыхтоўкі лягла на плечы музейных работнікаў. Наталля Лоўчая і Ніна Бобрык не толькі падрыхтавалі сцэнарый, аформілі святочную прастору, але і выступілі ў ролі вядучых. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі Вікенцій Адамовіч, Сяргей Садоўскі, Алена Збірэнка, Андрэй Язерскі, Людвіка Таўгень, Алена Лаўрыновіч, Вікторыя Трахімовіч, Ала Журкевіч, Хрысціна Сухадолец, Ала Макарэвіч, фотамастак з Мінска Мікалай Ліннік.

Як заўсёды, наваколле напоўнілі гукі спеваў і музыкі. Калектыў “Сваякі” і салістка РЦК Вера Лявіцкая парадавалі стыльнай, адаптаванай да тэмы дня праграмай.

З кожным годам наведвальнікаў незвычайнага мерапрыемства становіцца больш. Пенсіянеры, моладзь, кіраўнікі і работнікі ўстаноў – усе тыя, хто шануе мінуўшчыну і роднае слова, на выдатна ацанілі намаганні арганізатараў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Подых-мінуўшчыны-яднае-і-натхняе-1

Подых-мінуўшчыны-яднае-і-натхняе-2

Подых-мінуўшчыны-яднае-і-натхняе-3

Подых-мінуўшчыны-яднае-і-натхняе-4

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars