Какими трудовыми достижениями отмечен 2010 год на Воложинщине?

Общество

Кожны адрэзак часу напоўнены стваральнымі справамі людзей. А тым больш цэлы год! Як з зярнятак нараджаецца моцны і важкі колас, так і з працоўнага ўкладу кожнага чалавека ствараецца  наш агульны дабрабыт. А дзякуючы старанню цэлых працоўных калектываў, прадпрымальнасці мудрых кіраўнікоў, пераўвасабляецца і наш Валожынскі край, расце яго слава і сярод іншых рэгіёнаў Міншчыны.

З нагоды заўтрашняга свята перадавікоў усіх сфер і галін вытворчасці мы звярнуліся да сваіх субяседнікаў з наступным пытаннем:

Віктар Іванавіч ГАЛАБУРДА, дырэктар філіяла “Валожынскі РБУ” ААТ “Універсалрамбуд”:

– Думаю, не будзе перабольшаннем, калі скажу, што ў нашым калектыве стала працаваць прэстыжна. Цяпер мы дазваляем сабе весці строгі адбор жадаючых уладкавацца на прадпрыемства. Сярод асноўных фактараў, па якіх падначалены калектыў высока каціруецца на рынку працы, можна назваць стабільна высокі заробак. Па выніках мінулага года ён, у прыватнасці, дасягнуў у сярэднім 1 мільёна 200 тысяч рублёў, а ў апошнія месяцы года складаў  ужо 1 мільён 400 тысяч рублёў і нават вышэй.

Наш калектыў значна павялічыўся: калі раней у яго складзе было 49 чалавек, то цяпер звыш 100. Адчувальна выраслі і маштабы вытворчасці. У параўнанні з 2009 годам аб’ём будаўніча-мантажных работ узрос на 55 працэнтаў і склаў 3 мільярды 700 мільёнаў рублёў. Зазначу, што мы не толькі  займаемся рамонтамі на розных вытворчых і сацыяльных аб’ектах, але і актыўна будуем. Летась здалі ў Івянцы 5 жылых дамоў і столькі ж у Выганічах. А сёлета неўзабаве распачнём узводзіць па генпадраду саракакватэрны жылы дом у мікрараёне Ганчары горада Валожына, будуем і 4 катэджы ў СГУ “Бабровічы”.

Касцяк прадпрыемства складаюць муляры, тынкоўшчыкі, маляры, запатрабаваны і прадстаўнікі іншых прафесій. Усім ім хачу выказаць словы ўдзячнасці за старанне, вялікае пачуццё абавязку. Настрой задавальнення пануе ў калектыве і ад таго, што кандыдатура нашага муляра Іосіфа Антонавіча Кужоўніка як лепшага па прафесіі вылучана для занясення на раённую Дошку гонару па выніках работы за 2010 год.

Ала Віктараўна КЛІМКОВА, дырэктар ДУА “Вішнеўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа”:

–  У такой  установе, як наша, проста па маральных крытэрыях не дазволена працаваць і вучыцца напаўсілы! Бо, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, тут створаны ўсе ўмовы для эфектыўнага вучэбна-выхаваўчага працэсу. Удумайцеся толькі ў такую красамоўную лічбу: летась з інавацыйнага фонду выдаткавана 600 мільёнаў рублёў на рамонт і набыццё патрэбнага абсталявання для ўстановы. Створаны максімальна камфортныя ўмовы для знаходжання дашкольнікаў, яны, не гіпербалізуючы скажу, проста казачныя.

Мінулы год быў удалы і для ўзняцця прэстыжу, аўтарытэту нашага працоўнага калектыву. 88,3 працэнта старшакласнікаў паступілі ў ВНУ і ССУ. Скарбонка дасягненняў і перамог таксама прыкметна папоўнілася. Мы перамаглі ў абласным спаборніцтве сярод устаноў адукацыі ў выхаванні культуры здароўя і здаровага ладу жыцця, а таксама ў рэспубліканскім конкурсе «Праваслаўныя святыні Беларусі» (настаўніца В. А. Юша, адзінаццацікласнік Сяргей Маляйковіч). Атрымалі таксама дыплом 2 ступені на абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ вучняў (настаўніца Т. В. Бітэль, дзевяцікласнік Максім Клімкоў). Заваявалі пальму першынства і сярод школьных лясніцтваў Міншчыны (настаўніца Т. В. Стасяловіч). Прывезлі дыплом 3 ступені з абласнога конкурсу работ “Мая сям’я – мой гонар” (педагог Л. Г. Гаркуша).

Генадзь Уладзіміравіч БЫЧКОЎСКІ, дырэктар  СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”:

– Сельскагаспадарчая вытворчасць, асабліва раслінаводства, у многім залежаць ад кліматычных фактараў, капрызаў надвор’я. Але мінімізаваць гэты негатыўны ўплыў  заўсёды дапамагае прафесіяналізм людзей. І я шчыра ўдзячны за руплівасць хлебаробам, галоўным спецыялістам, механізатарам, усім, хто стварае наш агульны дабрабыт. Мінулы год быў для калектыву вызначальным і паваротным у працоўным летапісе: упершыню сельгаспрадпрыемства выйшла на рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, праўда, яна складае пакуль толькі 0,2 працэнта. Але гэты паказчык, лічу, стане адпраўной кропкай для далейшых поспехаў і дасягненняў.

Летась у гаспадарцы намалочана 3280 тон зерневых і зернебабовых культур пры сярэдняй ураджайнасці 41 цэнтнер з гектара. За мінулы год надоена 2975 тон малака, у разліку на адну карову атрымана па 5191 кілаграму. Ёсць і здабыткі ў іншых сферах.

З нагоды раённага Свята працы будзе апраўдана ўспомніць прозвішчы людзей, старанне і руплівасць якіх былі ключавымі ў развіцці гаспадаркі. Назаву некаторых з іх. Гэта механізатар Аляксандр Аляксандравіч Іода, вадзіцель Іван Сяргеевіч Сівы, інжынер па ахове працы, старшыня прафкама  Леангіна Эдвардаўна Ражанская, аператар машыннага даення Яніна Тадэвушаўна Станкевіч. Гэтыя і многія іншыя працаўнікі – мой надзейны тыл, мая галоўная апора. Радуе, што яны ўспрымаюць свае прафесіянальныя абавязкі як важнае звяно ў развіцці сельгаспрадпрыемства.

Да друку падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий