Год, напоўнены стваральнай працай

Общество

2010 год, які быў аб’яўлены Прэзідэнтам краіны Годам якасці, ужо стаў гісторыяй, але ён меў важнае значэнне, бо завяршаў пяцігодку, характарызаваўся яркімі і важнымі падзеямі. Гэта і выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы, юбілейная дата Вялікай Перамогі, IV Усебеларускі народны сход, і, вядома ж, галоўная падзея ў жыцці краіны – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь…

Гэта год стваральнай працы па выкананню асноўных планавых заданняў пяцігодкі, зацверджаных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, у тым ліку і нашага рэгіёна. У эканоміцы Валожыншчыны вядучае месца займае сельская гаспадарка, а праца ў гэтай галіне не з лёгкіх.

Здабыткі аграрыяў заслугоўваюць удзячных слоў. Летась у раёне вытворчасць валавой прадукцыі сельскай  гаспадаркі склала 128 мільярдаў рублёў. Намалот зерня дасягнуў 65 тысяч тон. У гэтых паказчыках нястомная, сапраўды гераічная праца руплівых хлебаробаў – экіпажаў зернеўборачных камбайнаў у складзе А. І. Жамойдзіна і П. М. Шапавала, А. І. Жамоздзіка і А. І. Лукашанца, І. Я. Ішкова і Э. Э. Кушаля з СВК «Пяршаі-2003», Г. С. Чышэвіча і С. С. Бандарэвіча з  УП «Івянецкая крыніца», Г. З. Яблонскага і У. С. Яроты з СВК «Лоск». На хлебнай ніве дастойна вытрымала працоўны экзамен і моладзь, у ліку такіх перадавікоў А. Клімовіч, Д. Кандаураў з Пяршайшчыны.

Адным з асноўных напрамкаў сельскагаспадарчай галіны з’яўляецца жывёлагадоўля. Павялічылася вытворчасць малака і мяса. Летась больш за 8 тысяч кілаграмаў малака на карову надаілі Таццяна Баляславаўна Зенька з СВК «Манькаўшчына» і Алена Аляксандраўна Страчынская з СВК «Пяршаі-2003».

Шмат зроблена, аднак яшчэ больш трэба зрабіць. Важнейшая задача нашых сельгасарганізацый — фарміраванне канкурэнтаздольнай, устойлівай вытворчасці прадукцыі шляхам укаранення новых тэхналогій, рэканструкцыі і будаўніцтва вытворчых аб’ектаў і, вядома ж, удумлівая кадравая палітыка. Бо вырашаць праблемы развіцця АПК пад сілу толькі спецыялістам, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі, якія прайшлі добрую прафесіянальную падрыхтоўку.

З нагоды Свята працы трэба адзначыць зладжаную, эфектыўную работу прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці – Валожынскага філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат», ААТ «Валожынскі льнокамбінат» і іншых.

Самым буйным горадаўтваральным прадпрыемствам, лідарам па вытворчасці прамысловай прадукцыі ў раёне з’яўляецца ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка». За 2010 год аб’ём вытворчасці прадукцыі тут павялічыўся на 34% пры прагнозе 9%, вытворчасць спажывецкіх тавараў забяспечана на 114% пры прагнозе 110%.

За 2010 год арганізацыямі раёна выпушчана прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах на 41 мільярд рублёў, што склала 114% пры прагнозе 108%.

Летась аб’ём экспарту тавараў павялічыўся на 31% пры прагнозным росце 23%, павялічыўся на 48% і аб’ём экспарту паслуг. Асноўным экспарцёрам у раёне лічыцца «ІрыёнВуд» (яго ўдзельная вага ў агульным аб’ёме экспарту складае 25%). Названае прадпрыемства – адно з буйных вытворцаў клееных канструкцый з дрэва для будаўніцтва жылых дамоў у Беларусі.

Пэўныя поспехі ў мінулым годзе дасягнуты і ў лясной гаспадарцы, у рабоце пасажырскага транспарту і грузаперавозках, на прадпрыемствах сувязі, у спажыўкааперацыі. З захаваннем лепшых традыцый ганчарнай вытворчасці працуе калектыў Івянецкага завода мастацкай керамікі.

Стабільнасць вызначае і работу філіяла “Валожынскі РБУ” ААТ “Універсалрамбуд”, філіяла ДУ «Мінаблпаліва», райгаза і іншых прадпрыемстваў.

Нас радуе павелічэнне долі прадпрымальніцтва ў эканоміцы раёна. На працягу апошніх гадоў назіраецца станоўчая дынаміка росту колькасці людзей, занятых у малым бізнэсе.

За мінулы год у эканоміку раёна інвесціравана больш за 200 мільярдаў рублёў. Значная частка інвестыцый накіроўваецца на тэхнічнае абнаўленне, мадэрнізацыю. Летась здадзены ў эксплуатацыю жывёлагадоўчы комплекс у СВК «Пяршаі-2003» на 720 галоў жывёлы.

2010 год можна назваць паказальным у развіцці будаўнічай галіны. Здадзена  больш за  25 тысяч кв. м жылля. Пабудаваны аграгарадкі ў Багданаве, Вішневе, Судніках. Летась 57 сем’яў работнікаў сельгаспрадпрыемстваў справілі наваселле.

Стабільная жыццядзейнасць раёна залежыць і ад работы ўстаноў сацыяльнай сферы. Значнасць яе падкрэслівае той факт, што на працягу 2010 года на яе фінансаванне выдаткавана 42 мільярды рублёў, што складае каля 65,5% раённага бюджэту. Адметнай падзеяй стаў увод у эксплуатацыю новага лячэбна-прафілактычнага корпуса райбальніцы. Для ўсталявання здаровага ладу жыцця, развіцця фізічнай культуры і спорту адрамантаваны комплексная спартыўная пляцоўка для рухавых гульняў у мікрараёне Сельгастэхніка горада Валожына, трэнажорная зала ў Івянцы, пачаты рамонт спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брылькі».

Нямала робяць работнікі культуры для захавання традыцый нацыянальнай спадчыны, стварэння аптымальных умоў для развіцця самадзейнасці і народных промыслаў. Нам ёсць чым ганарыцца: са 108 самадзейных калектываў 13 маюць званне народны і ўзорны. А фальклорны калектыў «Гасцінец» з Ракава стаў стыпендыятам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Нельга не адзначыць і работу нашых педагогаў, намаганнямі якіх ствараюцца ўмовы для павышэння якасці адукацыі, удасканалення грамадзянскага, патрыятычнага выхавання дзяцей.

Школьнікі раёна прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Вялікае значэнне мае і эфектыўная работа службы сацыяльнай абароны насельніцтва. Аказваецца дапамога малазабяспечаным грамадзянам, інвалідам, ветэранам, вялікая ўвага надаецца працоўнай занятасці насельніцтва.

Я выказваю словы шчырай удзячнасці працаўнікам раёна за адданасць сваёй справе, праяўленыя майстэрства, уменне, руплівасць, за высокі прафесіяналізм.

Галоўная наша мэта — далейшы рост дабрабыту, паляпшэнне ўмоў жыцця людзей. Я ўпэўнены, што ўсе разам мы прыкладзём максімум старання для таго, каб усё запланаванае на 2011 год было паспяхова выканана, а Валожыншчына ўвайшла ў лік рэгіёнаў Мінскай вобласці з высокаразвітай эканомікай. Наша задача – раскрыць прафесіянальны, інтэлектуальны, творчы патэнцыял кожнага чалавека, мабілізаваць волю, энергію, ініцыятыву працоўных калектываў дзеля росквіту нашага краю, дзе многія любяць і ўмеюць працаваць з поўнай аддачай душы.

Уладзімір Антонавіч НАУМОВІЧ, старшыня раённага выканаўчага камітэта.



Добавить комментарий