ДАПАМОГА ЛІШНЯЙ НЕ БЫВАЕ: шматдзетнай сям’і з аграгарадка Вішнева Валожынскага раёна, якая перажывае трагічную смерць матулі ў вадзе, абяцаюць падтрымку і клопат

…Надвячэрнюю цішыню Вішнеўскага вадасховішча парушалі рэзкія крыкі: “Вера! Вера! Вера, адгукніся!” Аднак усё было дарэмна: вада ўжо знайшла чарговую сваю ахвяру…

У сацыяльных сетках сітуацыя апісваецца скупа. Шматдзетная 27-гадовая матуля з невялікага аграгарадка на Валожыншчыне Вера К. (прозвішча не называем па этычных прычынах) бавіла час у кампаніі з мужам і некалькімі маладымі людзьмі. Спіртное прысутнічала. Жанчына пайшла купацца, стала тануць. Як выратавалі, папярэдзіўшы: да вады больш ні-ні. Аднак ушчуванні не дапамаглі, і чарговы заплыў стаў апошнім у яе маладым жыцці…

Трагедыя не толькі ў тым, што не стала чалавека. Сям’я, дзе гадуюцца тры дачушкі, страціла маму, якая горача любіла іх, даражыла кожнай праведзенай разам хвілінай.

У сельвыканкаме паведамілі: абодва бацькі мелі праблемы з алкаголем. Сітуацыя, па вялікім рахунку, не выбіваецца за рамкі звычайнасці: на жаль, сустракаецца такое дастаткова часта. У  2016 годзе было вынесена рашэнне савета прафілактыкі: дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Аднак забіраць іх з дому не сталі. З татам і мамай пачалі перыядычна (а некаторыя – і штотыднёва) сустракацца спецыялісты Вішнеўскага сельвыканкама, мясцовай школы-сада, амбулаторыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнітва, раённага аддзела ўнутраных спраў. Гутарылі, пераконвалі пакінуць заганную звычку і парваць з “зялёным зміем” раз і назаўсёды. Дырэктар гаспадаркі, дзе працавалі абодва бацькі, таксама падключыўся да агульнай справы. Рэгулярна гэтай сям’і аказвалася гуманітарная, адрасная дапамога, выдзяляліся матэрыяльныя сродкі на лячэнне, набыццё паліва і іншыя патрэбы. Сачылі, каб у дзяўчынак хапала ежы і вопраткі, каб яны былі здаровыя і дагледжаныя.

І гэта працавала! Матуля выконвала прадпісанні ўрачоў і іншых спецыялістаў, з ўсяе моцы намагалася развітацца з алкаголем не таму, што гэтага хацелі іншыя. Яна сапраўды горача перажывала за сваіх любімых крывінак і верыла, што нарэшце наступіць дзень, калі яна скажа чарцы цвёрдае “НЕ!” Аднак час ішоў, і спакуса зноў пераадольвала волю Веры…

Вёска, як кажуць, чуткамі поўніцца. Папаўзлі па ваколіцах плёткі, што жанчыну ў ваду звёў алкаголь, што ў таты і бабулі, якія цяпер гадуюць маленькіх Надзейку, Палінку і Юлечку, хутка іх адбяруць… Шчыра просім прабачэння ў родных, блізкіх і знаёмых сям’і К. за гэты горкі напамін. І спяшаем расставіць усе кропкі над “і”.

Па-першае, афіцыйныя звесткі аб утрыманні алкаголю ў крыві жанчыны стануць вядомы толькі напрыканцы наступнага месяца па выніках праведзенай судова-крыміналагічнай экспертызы. Таму не варта “добразычліўцам” наракаць раней часу. Хаця б у памяць пра Веру.

Па-другое, дзеткі, як і раней, застануцца разам са сваімі роднымі. Гэта цвёрдая пазіцыя органаў апекі і папячыцельства. Нягледзячы на пэўныя праблемы з цягай да спіртнога ў таты, падстаў для разлучэння з дзецьмі няма. З мужчынам працуюць спецыялісты, а па выніках апошніх даследаванняў, праведзеных у сям’і, дзяўчынкі дагледжаныя і акуратныя ў школе і дома, заняткі наведваюць рэгулярна. У іх ёсць неабходны вучэбны рыштунак, добрая вопратка і абутак. У доме назапашана неабходная колькасць паліва на зіму. Хаця бацькі і выпівалі, ніякай агрэсіі ў адносінах да дочак яны ніколі не праяўлялі і ахвотна ішлі на кантакт з правяраючымі. У вячэрні час дзеткі пастаянна знаходзяцца пад наглядам дарослых – цяпер таты і бабулі. А не так даўно тата і мама пракансультаваліся, як правільна аформіць дакументы для паездкі Надзеі на аздараўленне ў Германію…

Перад Днём абароны дзяцей сям’ю зноў наведаюць прадстаўнікі розных службаў і ведамстваў. На гэты раз – з падарункамі. Яны спадзяюцца, што хоць трохі змогуць змякчыць нясцерпны боль страты. А цвёрдая рука падтрымкі і дапамогі ў такой сітуацыі лішняй не бывае…

Сяргей САДОЎСКІ,

Валожынская раённая газета “Працоўная слава”

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars