Гучаў званок шчымліва, урачыста…

    Мерапрыемства, прысвечанае заканчэнню вучэбнага года, прайшло ў гімназіі № 1 г. Валожына. Прасторны школьны двор, асвечаны яркім сонцам, апошні раз у 2017-2018 навучальным годзе сабраў разам вучняў, іх бацькоў і педагагічны калектыў установы адукацыі.

Вось ужо адбыўся традыцыйны выхад галоўных герояў урачыстасці – выпускнікоў 11-х класаў, з дапамогай лідара вучнёўскага самакіравання Веранікі Ляшкевіч і пераможца конкурсу “Вучань года-2018” Арцёма Галоўскага ўзвіўся ўвысь дзяржаўны флаг. Вядучыя запрашаюць да мікрафона шаноўных гасцей: Ігара Уладзіміравіча Шакуна – намесніка старшыні райвыканкама і Алену Іванаўну Мілюткіну – намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Вітаючы дружны гімназічны калектыў, Ігар Уладзіміравіч павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з паспяховым заканчэннем вучэбнага працэсу. Ён падкрэсліў: “Летнія канікулы – цудоўны час, які нават дарослыя ўспамінаюць з радасцю і гарэзлівай усмешкай. Гэта выдатная магчымасць адпачыць, набрацца сіл, а пасля з натхненнем зноў вярнуцца да школьных будняў. Самае галоўнае, каб кожнае імгненне вольнага часу было бяспечным, прыносіла радасць і задавальненне”. З рук прадстаўніка ўлады вучні і настаўнікі за высокія дасягненні ў вучобе і працы атрымалі прэміі ад раённага выканаўчага камітэта. У намінацыях “Інтэлектуальная вяршыня”, “Спартыўны алімп”, “Творчыя перамогі” ўзнагароды ўручаны 55-і школьнікам і 13-і настаўнікам. З перамогай у раённым конкурсе “Вучань года-2018” лепшых гімназістаў віншавала А. І. Мілюткіна. Падчас выступлення дырэктара гімназіі Алены Іванаўны Клачко таксама адбылося ўручэнне ўзнагарод. На гэты раз перажыць хвалюючыя хвіліны давялося бацькам, якія найбольш актыўна ўдзельнічалі ў жыцці навучальнай установы.

Шмат цёплых слоў падарылі сваім вучням першая настаўніца адзінаццацікласнікаў Наталля Мікалаеўна Яблонская, іх класны кіраўнік Жанна Аляксандраўна Бобрык, прадстаўніца бацькоўскага камітэта Элеанора Антонаўна Мінкевіч.

Пранізліва-кранальнымі атрымаліся эпізоды з удзелам першакласнікаў і дзяўчат і юнакоў, чые школьныя гады з гэтага моманту – ужо гісторыя. Арганізатары лінейкі знайшлі даволі арыгінальны падыход да самой працэдуры “Апошняга званка”. Пачэсны круг са званочкам у руках зрабілі выпускнік і выпускніца 11 класа Карына Клачко і Уладзіслаў Бобрык.

Вядома, што развітальны вальс не ў кожнай школе з’яўляецца абавязковым пунктам лінейкі. Але ж, калі гэты момант наступае, ён становіцца сапраўдным упрыгожаннем пратакольнага мерапрыемства, дорыць прысутным усмешкі і замілаванне, лёгкую настальгію пра былое і цвёрдую ўпэўненасць у будучыні. А калі ўрачыстасць завяршаецца феерверкам з рознакаляровых шароў, выпушчаных у блакіт неба з рук самых старэйшых і самых малодшых яе ўдзельнікаў, узнікае адчуванне сапраўднага свята. Безумоўна, у выпускнікоў, настаўнікаў і бацькоў яшчэ шмат хвалюючых дзён – экзамены, ЦТ, паступленне… Пажадаем ім поспеху! А тым, для каго канікулы ўжо рэальнасць, – асалоды ад летняга адпачынку.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Гучаў-званок-шчымліва,-урачыста-1

Гучаў-званок-шчымліва,-урачыста-2

Гучаў-званок-шчымліва,-урачыста-3

 

    Вучнёўская “сям’я” з 586 хлопчыкаў і дзяўчынак, 65 настаўнікаў, тэхработнікі, а таксама бацькі і проста цікаўныя людзі прынялі ўдзел у свяце апошняга званка ў СШ № 1 г. Валожына. Гэтыя сцены сёлета пакідае 47-ы выпуск. І, вядома, адзінаццацікласнікі сталі галоўнымі героямі ўрачыстасці…

23 амаль зусім дарослыя юнакі і дзяўчаты да апошняй у сваім жыцці школьнай лінейкі старанна падрыхтаваліся: адмысловыя прычоскі, шаўковыя стужкі з надпісам “Выпускнік-2018”. Асабліва хацелася любавацца на дзяўчат. Стыль “настальжы” – карычневыя сукенкі, карункавыя каўнерыкі, белыя фартушкі – з моды не выходзіць. Як расказалі Алёна Врублеўская, Вікторыя Кісель, Марыя і Паліна Загорскія, даўнейшыя ўборы ім пашылі мамы. Цікава, што жанчыны і самі такую форму ўжо не насілі. Але кожнае новае пакаленне хоць раз у жыцці ў яе апранаецца…

Адзначыць апошнюю ў навучальным годзе ўрачыстасць разам з настаўнікамі і вучнямі СШ № 1 прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы І. А. Пукала і загадчык метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. І. Каранік. Мяркую, і ганаровым гасцям, і іншым сабраным прыемна было вітаць дзяцей, якія дабіліся выдатных вынікаў. Дыплом III ступені абласнога ўзроўню рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне” атрымала дзесяцікласніца Марыя Цмыкава. Займаецца дзяўчынка ў настаўніцы І. А. Кербедзь. Не адзін раз “зрывалі” апладысменты глядзельнай залы юныя артысты тэатральнага гуртка “Летуценнікі”, які ўзгадавалі сваімі сэрцамі А. І. Бітэль і Г. К. Кізік. Школьная агітбрыгада пад кіраўніцтвам Я. С. Ярота пры музычным суправаджэнні Л. А. Саухінай таксама заваявала ў вобласці Дыплом III ступені. У школе 47 выдатнікаў. 30 вучняў, якія паказалі сябе эрудытамі ці даследчыкамі, таленавітымі творцамі ці выніковымі спартсменамі, атрымалі на лінейцы грашовыя прэміі. Ксенія Родзевіч з 3 “А”, Уладзіслаў Кулак з 4 “В”, Марыя Цмыкава з 10 “А” сёлета сталі пераможцамі раённага конкурсу “Вучань года-2018”. Перад імі, а таксама ўсімі іншымі школьнікамі цяпер стаіць задача выдатна адпачыць, набрацца сіл, каб пакараць новыя вяршыні ў гэтай бязмежнай краіне Ведаў…

120 хлопчыкаў і дзяўчынак змогуць паправіць сваё здароўе на канікулах у аздараўленчым лагеры, які будзе працаваць пры школе. Для старэйшых вучняў арганізаваны лагер працы і адпачынку “Пунсовыя ветразі”: КСУП “Сакаўшчына-Агра” дае магчымасць дзецям падзарабіць на праполцы буракоў.

Гэта, як і экзамены, выпускны баль, рамонт класаў і іншых памяшканняў, яшчэ наперадзе. Пакуль што ўсе радуюцца прыходу самай бестурботнай пары. Вядома, працэс вучобы важны і цікавы. Але ж нават даросламу чалавеку неабходна хоць зрэдку дазволіць сабе лёгкае свавольства: адключыць назойлівы будзільнік, паглядзець тэлевізар…

Сёлета ў маладых педагогаў школы Любові Давыдзькавай, Настассі Данько, Юліі Бабовіч – першы ў жыцці працоўны водпуск. І гэта таксама маленькае асабістае свята…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Гучаў-званок-шчымліва,-урачыста-4

Гучаў-званок-шчымліва,-урачыста-5

Гучаў-званок-шчымліва,-урачыста-6

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars