У майскіх колерах радзіма мастака…

У-майскіх-колерах-радзіма-мастака

26 мая ў вёсцы Багданаў сабраліся юныя мастакі з Беларусі і Літвы, каб паўдзельнічаць у VIII рэгіянальным пленэры-конкурсе «Зямля і неба Фердынанда».

Мэта мерапрыемства – яшчэ раз узгадаць пра творчую спадчыну Фердынанда Рушчыца, развіць творчыя здольнасці дзяцей і ўдасканаліць іх мастацкі густ. Арганізатарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Вішнеўская дзіцячая школа мастацтваў, раённае аддзяленне ГА “Польска мацеж школьна на Беларусі”.

Згодна з раскладам, старт пленэру дала ранішняя служба ў касцёле Св. Міхала. Затым усе ўдзельнікі рушылі да месца апошняга спачыну мастака. Здаецца, што тут, у цяні разложыстых дрэў, воддаль ад сучасных камунікацый, застыў час. Чыстае неба, яркае сонца, майскія фарбы – усё гэта калісь прымушала нашага славутага земляка станавіцца да мальберта. Сённяшнія яго паслядоўнікі таксама замілаваныя хараством Багданаўшчыны…

Муровыя рэшткі сядзібы Рушчыцаў, нядаўна вызваленыя з палону хмызнякоў, прывабілі многіх удзельнікаў пленэру сваім маляўнічым выглядам. Хапала жадаючых адлюстраваць на палатне рачулку, касцёл, панараму вёскі Дзясятнікі, пляцоўку, дзе некалі ўзвышаўся стары млын.

Больш за 40 канкурсантаў са школ мастацтваў нашага раёна, Мінскай гімназіі-каледжа № 26, Ракаўскай і Валожынскіх СШ, Рудамінскай гімназіі (Літва) сёлета рызыкнулі памерацца творчымі сіламі. Малодшую групу мастакоў складалі хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. Дарэчы, работы юных прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва аказаліся больш цікавымі. Так, васьмігадовая Ксенія Рудая з Дораў (настаўніца Т. В. Кулік) паказала нядрэнную тэхніку валодання алоўкам, фарбамі. Разам з выхаванкай настаўніцы Гародзькаўскай школы мастацтваў Д. В. Каваленка Кацярынай Грынь дзяўчынка прымала віншаванні з нагоды перамогі.

Каму аддаць “лаўровы” вянок у старэйшай групе, журы таксама доўга спрачалася. Першыя месцы і тут дасталіся адразу дзвюм удзельніцам: Эсфір Вішнеўскай з Ракаўскай школы мастацтваў (яна вучыцца ў Валянціны Вячаславаўны Мамонька) і госці з Літвы Эдыце Краскоўска.

Як адзначыў старшыня журы, член Саюза мастакоў Беларусі Уладзімір Сайкоў, сёлетні конкурс парадаваў высокім узроўнем работ, яўна назіраецца станоўчая тэндэнцыя творчага росту.

Раённае аддзяленне ГА “Польска мацеж школьна на Беларусі” паклапацілася, каб тыя, хто заваяваў у конкурсе прызавыя месцы, не засталіся без падарункаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі павезлі дадому неабходныя для творчасці рэчы: альбомы, фарбы, алоўкі. Атрымалі памятныя адзнакі і настаўнікі. Варшаўская арганізацыя “Nec Metrgitur”, заснаваная праўнукам Фердынанда Рушчыца, перадала каля дзясятка міні-выстаў з фотаздымкамі жыцця славутага майстра жывапісу.

Усе работы з пленэру папоўняць экспазіцыю музея Фердынанда Рушчыца і будуць выкарыстоўвацца для разнастайных выстаў, лекцый, дакладаў.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars