Вяночкі звівалі, хораша спявалі

Общество

У чаканні аўталаўкі мы з задавальненнем слухаем расказы адной са старэйшых жыхарак вёскі Даўбені Алімпіяды Сямёнаўны Паташ пра жыццё-быццё ў даваенныя гады. А яна распавядае, якія існавалі тады звычаі і абрады, якой была мода і, вядома ж, якія ў той час спявалі песні. А песні вясковых жанчын, трэба сказаць, былі нязменным атрыбутам вяселляў. Спявалі так, што маладая аблівалася слязамі. Самымі галасістымі, па ўспамінах бабулькі, былі Кацярына Голуб, Марыя Кароль, Ганна Кароль, Марыя Іода, Алена Герштыновіч, Аліма Бацян (на жаль, усе яны ўжо пайшлі з жыцця).

Перад выездам маладых да шлюбу за стол садзілі толькі дзяўчат. Яны вілі вяночак: бралі самаробны медны пярсцёнак, апляталі яго жытнёвымі каласкамі і зялёнай рутай. Затым вяночак перадавалі адна адной, і апошняя клала яго ў сподачак з жытам і ўрачыста перадавала маршаліцы. Тая прыколвала вяночак у валасы нявесты. Калі зеляніна заставалася, яе рвалі на дробныя часткі і россыпам кідалі на дзяўчат. Лічылася, каму на галаву ўпадзе, тая хутка і замуж пойдзе.

У гародзе рута яшчэ не паспела,

Маладая дзевачка вяночка не звіла.

Маладая дзевачка вяночка не звіла,

Яна пад рутаю зялёнай спаць лягла.

Пайшла родная мамачка дочку будзіць,

Але з жаласці не стала будзіць:

Няхай жа мая дочачка крыху паспіць,

Як паедзе ў чужыя людзі – недаспіць.

Маладая чапляла вэлюм і ехала ў царкву. Пасля шлюбу муж вёз жонку да сябе, зноў садзіліся госці за вясельны стол, а спявачкі працягвалі:

Была я ў мамачкі адна на раду,

Аддала мяне мамачка замуж маладу.

Загадала мамачка з мужам добра жыць,

Чатыры гадочкі ў госці не хадзіць.

Жыла я гадочак, жыла я й другі,

За працай руплівай не знала тугі.

На трэці гадочак я зажурылася,

Да мамачкі ў госці мне захацелася.

Папрасіла б коніка – знаю, не дадуць,

Лепей у бароначку яго запрагуць.

Пайшла бы пяхотачкай – знаю, не дайду,

Абярнуся зязюлечкай – вазьму й паляту.

Прыляцела ў садочак, на вішаньку села,

Аб горасці сваёй песеньку запела.

А ў хатцы мамачка песеньку пачула,

Хуценька сыночкаў сваіх пабудзіла.

«Уставайце, сыночкі, сокалы мае:

Што гэта за птушачка ў садзе ў нас пяе?»

Самы старшы братка з ложка ўстае,

А сярэдні братка ружжо падае.

Самы меншы братка ружжа не дае,

Бо ўжо надта хораша птушачка пяе.

Выйшлі сыны з маці зязюльку сустракаць,

Сталі зваць у хатку, за стол запрашаць.

А мая ты мамачка, у хатку не пайду,

Бо баюся наклікаць я на вас бяду,

Бо сваімі слёзкамі абрусік залью,

А сваімі крылцамі шкляначкі паб’ю.

Ляцела зязюлечка із гасцей дадому

Праз садок зялёны, праз садок вішнёвы.

На калінку села, каліначку з’ела:

Вось такі частунак я ў мамкі мела.

Гэту песню я запісала ад Аляксандры Уладзіміраўны Більдзюк, мудрай, разумнай жанчыны, якая, на жаль, у нашай вёсцы ўжо не жыве.

Вера ВЯРШЫЦКАЯ,

в. Даўбені.



Добавить комментарий