Новые строительные площадки появляются в Воложине

Общество

Гавораць, што нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку. Таццяна Аляксандраўна Чупрыс паспрабавала паспрачацца з гэтым і пасля трохгадовага перарыву ўзначаліла аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. За гэты час многае змянілася, больш увагі стала надавацца не проста добраўпарадкаванню населеных пунктаў, а іх непаўторнаму абліччу, адміністрацыйныя і будынкі сацыяльна-культурнага прызначэння набылі яркую афарбоўку, актывізавалася будаўніцтва. Пра гэта і многае іншае наша гутарка, у большасці яна тычылася непасрэдна раённага цэнтра.

–  Таццяна Аляксандраўна, летам мінулага года падчас знаёмства новага губернатара вобласці Б. В. Батуры з актывам раёна ён сказаў, што не ўбачыў у нашым горадзе “изюминки”. Непасрэдна ад вашай службы залежыць многае, каб горад паўставаў перад гасцямі ва ўсёй прыгажосці. Што робіцца для гэтага?

– Пакуль што шукаем тую самую “изюминку”. На мой погляд спецыяліста, у Валожыне дастаткова прыгожых месцаў, каштоўных і непаўторных помнікаў гісторыі і архітэктуры, але іх не адразу заўважыш. Як бы там ні было, першае ўражанне пра населены пункт ствараецца пры ўездзе. Пастараемся ва ўсёй прыгажосці адкрыць погляду сярэднюю школу № 2. Распрацавалі каляровую гаму, у якую сёлета афарбуецца будынак. Улічваючы гарысты рэльеф, будуць зроблены цікавыя ландшафтныя кампазіцыі.

На сённяшні дзень псуе эстэтычны выгляд Валожына аўтавакзал, хаця сам па сабе ён непадобны да тых, што ёсць у іншых раёнах вобласці. Будаваўся некалі па індывідуальнаму праекту, але, відавочна, даўно прыйшоў у заняпад. Колькі гадоў плануецца пачаць рэканструкцыю вакзала, але кіраўніцтва аўтатранспартнай галіны не знаходзіць сродкі.

Тэрмінова трэба штосьці вырашаць з будынкам былога магазіна “Культтавары”, які з’яўляецца ўласнасцю райспажыўтаварыства. Ён таксама прыгажосці не надае.

– Якія новыя будаўнічыя пляцоўкі чакаюцца ў райцэнтры?

– Заканчваюцца праектныя работы, і неўзабаве пачнецца будаўніцтва трохпавярховай гасцініцы на 50 месцаў. Плануюцца надзвычай хуткія тэмпы работ, бо гэты аб’ект будзе выкарыстоўвацца для размяшчэння дэлегацый падчас правядзення фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011”, які пройдзе ў суседнім Маладзечне. Прапішацца новы аб’ект у дзіцячым гарадку. На першым паверсе будзе кафэ на 20 месцаў. А кропак грамадскага харчавання ў Валожыне таксама адчувальны недахоп.

Таксама ў бягучым годзе пачне ўзводзіцца двухпавярховы прасторны будынак суда. Месца для яго выбрана на вуліцы Шчарбіны, ля кафэ “ХХI стагоддзе”.

– Таццяна Аляксандраўна, у мінулым годзе быў здадзены першы ў Валожыне сацыяльны дом. Ці будзе працягвацца будаўніцтва такога жылля?

– Так, сёлета пачнецца будаўніцтва чарговага сацыяльнага дома на 50 кватэр. Ён з’явіцца як бы ў двары дамоў № 4 і № 6 па вуліцы Партызанскай і таксама павінен быць здадзены пад ключ да канца года.

– А ў які бок плануецца далейшы рост Валожына, існуе план забудовы?

– Распрацаваны генеральны план развіцця Валожына да 2020 года. Развівацца ён будзе ў бок Вішнева. Мікрараён ужо акрэслены. Першыя аб’екты пачалі ўзводзіцца ў 2010 годзе.

– А што на ранейшых вуліцах-новабудоўлях, у так званым прыватным сектары, ужо няма месца?

– Там засталіся толькі ўчасткі са складаным рэльефам. Магчыма, у будучым яны зацікавяць каго-небудзь з забудоўшчыкаў. Пакуль жа не карыстаюцца попытам.

– Гарадская лазня таксама даўно не адпавядае санітарна-гігіенічным патрабаванням.

– Лазню пачнём будаваць сёлета. У стадыі распрацоўкі праектна-каштарысная дакументацыя. Выбрана месца – у канцы вуліцы Камсамольскай, у бок былой школы-інтэрната. А далей, на спартпляцоўцы, павінен з’явіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Пачалі праектаванне ФАКа, аванс ужо праплацілі.

– Яшчэ адно пытанне: чаму ў Івянцы пабудавана некалькі дыхтоўных прыватных магазінаў, а ў райцэнтры прадпрымальнікі такія нерашучыя, і магазінаў, а не прымітыўных павільёнаў у нас пакуль няма? Хіба што адзін “Максім”.

– Канкрэтна за кожнага сказаць не магу. Першыя крокі робяць ужо і нашы прадпрымальнікі. Прыватны магазін “Люстэрка” плануюць пабудаваць у гэтым годзе. У яго, дарэчы, атрымаўся вельмі прыгожы праект, і нават шкада, што з вуліцы магазін недастаткова бачны, бо будзе ўзводзіцца ў двары ў прамежку паміж дамамі № 4 і № 6 па вуліцы Партызанскай. Робіць праект свайго магазіна прадпрымальніца Л. Казакевіч, месца для яго ўжо адведзена. І. Ражноўскі выкупіў будынак былога ДТСААФ пад уласную краму, там работы вядуцца поўным ходам.

– Ведаю, Таццяна Аляксандраўна, што Вы нарадзіліся і значную частку жыцця пражылі ў сталіцы, напэўна, да правінцыі з яе своеасаблівым укладам нялёгка было прывыкаць. Дарэчы, у Вас ёсць любімае месца ў Валожыне? З чым яно звязана ці асацыіруецца?

– У Валожыне наша сям’я жыве з 1982 года, і я цалкам, усёй душой да яго прыкіпела. Мой сапраўдны дом тут, а да бацькоў прыязджаю ў госці. Калі дочкі былі малыя, з задавальненнем хадзілі катацца на каньках на гарадскі вадаём. Не ў кожным горадзе ёсць такая магчымасць. І цяпер радуюся, што гэта месца на вачах прыгажэе, ствараюцца ўмовы для разнастайнага сямейнага адпачынку летам і зімой.

– Дзякую за размову. Апошнім часам у райцэнтры і іншых населеных пунктах назіраецца шмат экскурсантаў, гасцей. Хочацца, каб уражанні ад Валожыншчыны заставаліся самыя лепшыя, каб гарады і пасёлкі, аграгарадкі запаміналіся сваёй архітэктурай, добраўпарадкаваннем і чысцінёй.

– Дарэчы, мы думаем не толькі пра Валожын. Працуем над эстэтызацыяй Івянца і Ракава.

Гутарыла Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий