на мінулым тыдні Валожын наведаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя баскетбола”
Максім Уладзіміравіч РЫЖАНКОЎ.
У рамках візіту Максім Уладзіміравіч абмеркаваў шэраг пытанняў са старшынёй райвыканкама Мікалаем Анатольевічам Астрэйкам і яго намеснікамі, сустрэўся з працоўнымі калектывамі некалькіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, у тым ліку і недзяржаўнай формы ўласнасці, а таксама завітаў на фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Ён пацікавіўся работай аддзяленняў, далейшымі перспектывамі дзейнасці ўстановы, а затым зайшоў у спартыўную залу, дзе ў той час праводзілі трэніроўку юныя баскетбалісты.
плекты формы, некалькі набораў баскетбольных мячоў з палепшанай паверхняй, а таксама новы спортінвентар – 4 шчыты. “Выбар на вас паў нездарма, – адзначыў высокапастаўлены госць. – Федэрацыя баскетбола ўзрадавана поспехамі валожынцаў на спаборніцтвах розных узроўняў. З улікам будучага расшырэння (з 1 верасня бягучага года на базе ДЮСШ раёна плануецца адкрыць аддзяленне баскетбола. – Заўвага аўтара.) мы, у сваю чаргу, пастараліся аказаць дапамогу, каб вам было камфортней развівацца на пачатковым этапе і выходзіць на новыя вяршыні”. Варта адзначыць, што такая акцыя праводзіцца і дзякуючы балельшчыкам, якія прыйшлі на матчы нацыянальнай зборнай. Беларуская федэрацыя баскетбола з партнёрам – Прэзідэнцкім спартыўным клубам – прынялі рашэнне ажыццявіць новы сацыяльны праект пад назвай “Аранжавы мяч”: выдаткаваць выручаныя за продаж білетаў сродкі на адкрыццё ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах секцый і аддзяленняў па гэтым відзе спорту. І Валожынская ДЮСШ стала самай першай у агульнарэспубліканскім спісе! Удзячныя спартсмены таксама ўручылі Максіму Уладзіміравічу памятны сувенір.
У інтэрв’ю журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі падзяліўся ўражаннямі пра наведаны фізкультурна-аздараўленчы аб’ект і вынес прапанову. “Комплекс у Валожыне больш чым дастойны, створаны ўсе ўмовы для якаснага развіцця розных спартыўных кірункаў, – сказаў Максім Уладзіміравіч. – А аснашчэння і памераў залы дастаткова для таго, каб праводзіць тут розныя зборы, спаборніцтвы і падрыхтоўку на ўзроўні юнацкіх і юніёрскіх каманд”.
Даведка:
З кастрычніка 2013 года ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры дзейнічаюць 3 групы па баскетболе, у якіх пад кіраўніцтвам трэнера Леаніда Уладзіміравіча Хвядчэні займаюцца 40 вучняў. Дзякуючы прафесіяналізму і мэтанакіраванай працы былі дасягнуты ўнушальныя спартыўныя вынікі.
2018 год:
- Першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2004-2005 г. н. – 2 месца;
- Першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2005-2006 г. н. – 1 месца;
- Першынство Рэспублікі Беларусь па баскетболе сярод юнакоў 2005-2006 г. н. – 2 месца;
- Спаборніцтвы па стрытболе «Аранжавы мяч» у рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і юнакоў, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай накіраванасці па месцы жыхарства – 1 месца ў дзяўчат і юнакоў.
2017 год:
- Першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2003-2004 г. н. – 2 месца;
- Першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2004-2005 г. н. – 2 месца;
- Першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2005 г. н. і маладзей – 1 месца;
- Дзіцяча-юнацкая баскетбольная ліга – 3 месца;
- Спаборніцтвы па стрытболе «Аранжавы мяч» – 1 месца ў дзяўчат і юнакоў;
- Рэспубліканскія спаборніцтвы па стрытболе ў рамках спартакіяды па месцы жыхарства сярод дзяцей і падлеткаў – 3 месца ў дзяўчат, 2-е – у юнакоў.
У перспектыве з мэтай далейшага развіцця баскетбола на Валожыншчыне з 1 верасня 2018 года плануецца адкрыццё аддзялення баскетбола ў ДУ “ДЮСШ Валожынскага раёна”.
Адной з задач, якія выконваў М. У. Рыжанкоў у час візіту на Валожыншчыну, была і ацэнка сітуацыі з узаемадзеяннем дзяржаўнай улады і прыватных структур на месцах. Супрацоўніцтва наладжана, канстатаваў чыноўнік пасля наведання і азнаямлення з дзейнасцю ПВГУП “Мантажбудкамплект-Профіль”. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Васільевіч Дрозд правёў невялікі экскурс па вытворчасці, пазнаёміў з працэсам выпуску прадукцыі, расказаў пра станаўленне і развіццё, а таксама падзяліўся сённяшнімі напрамкамі работы і яе аб’ёмамі. Пасля гэтага прайшла сустрэча з калектывам, падчас якой першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь закцэнтаваў увагу на некалькіх вектарах будучага развіцця краіны. У прыватнасці, шмат увагі ў бягучым годзе будзе ўдзелена стварэнню ўмоў для эканамічнага росту невялікіх гарадоў, да якіх адносіцца і Валожын, садзейнічанню максімальнай занятасці насельніцтва і яго фінансавага дабрабыту, завяршэнню мадэрнізацыі транзітных аўтамагістраляў і пераходу да рэканструкцыі дарог мясцовага значэння і кантролю за цэнамі. Максім Уладзіміравіч, як вялікі прыхільнік спорту, заклікаў прысутных весці здаровы лад жыцця і клапаціцца пра сваё самаадчуванне, а таксама адказаў на пытанні. У рамках дня затым ён пазнаёміўся з работай вытворчага ўчастка ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, завітаў у гімназію № 1 Валожына, пабываў у раённым краязнаўчым музеі і на турыстычным аб’екце – экалагічнай сцяжыне ў Налібоцкай пушчы.
Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара