У першы тыдзень лета супрацоўнікі службы ДАІ праводзяць прафілактычна-комплекснае мерапрыемства “Увага, дзеці!”, прымеркаванае да Дня абароны дзяцей. Інспектары дзяржаўтаінспекцыі не толькі кантралявалі рух на дарогах і вуліцах, але і правяралі, ці ўключаюць вадзіцелі святло бліжніх фар падчас язды, ці прытрымліваюцца правіл перавозкі непаўналетніх пасажыраў.
У райцэнтры назіранне ажыццяўлялі старшы дзяржаўтаінспектар маёр міліцыі Андрэй БОБРЫК і дзяржаўтаінспектар старшы лейтэнант міліцыі Віталь ПАШКОЎСКІ. Парушальнікаў у святочны дзень не выяўлена, што, безумоўна, радуе. Легкавушкі, у якіх на пасажырскіх месцах былі заўважаны дзеці, спыніліся па патрабаванні праваахоўнікаў. Маленькія ўдзельнікі руху атрымалі ў той дзень маляўнічыя кніжкі з забавамі, гульнямі і карыснай інфармацыяй.
Жыхар Валожына Вадзім ЛІШТВАН з дачушкай Ульянай спяшаліся па сваіх справах. Тым не менш спыненне на некалькі хвілін іх не засмуціла: звычайная паездка пасля ветлівых слоў інспектараў ДАІ і сюрпрызу для дзяўчынкі набывала прывабнасці.
Варта зазначыць, што ў Дзень абароны дзяцей у горадзе і раёне неслі службу некалькі міліцэйскіх брыгад, і кожная з іх мела чым парадаваць дзяцей-пасажыраў, юных веласіпедыстаў, маленькіх пешаходаў.
Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара