Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Мінскі аблвыканкам выдзеліў 1,5 мільёна рублёў на мадэрнізацыю сістэмы гарачага водазабеспячэння ў Валожыне.

У гэтыя дні на вуліцах Міру і Гагарына ў райцэнтры поўным ходам вядуцца будаўніча-мантажныя работы першай чаргі будаўніцтва. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А. Я. Аліеў зазначыў, што да ацяпляльнага сезона бягучага года работы плануецца завяршыць.

    У Год малой радзімы тэлеканал СТБ праз знакамітых людзей вырашыў паказаць аблічча невялікіх гарадоў і вёсак Міншчыны. Ужо ў чэрвені ў эфір выходзіць унікальная праграма “Мая малая радзіма”.

Разам з вядомымі ў краіне персонамі – палітыкамі, спартсменамі, артыстамі і людзьмі мастацтва – тэлевізіёншчыкі вырашылі праехаць па іх родных мясцінах. Героі самі раскажуць, што ёсць асабліва адметнага на іх малой радзіме, у мясцінах, дзе нарадзіліся і выраслі. З прывязкай да асобы будзе аповед пра гістарычныя і культурныя аб’екты, пра цікавых людзей, якія жывуць там сёння ці пакінулі свой след у гісторыі Беларусі. Хранаметраж новай праграмы – 26 хвілін.

У першым выпуску, які ўжо адзняты, журналісты здзейснілі падарожжа ў наш раён. Прадстаўляць Валожыншчыну будзе самы вядомы гаварун Беларусі, галоўны дрозд краіны, саліст папулярнай групы “Дразды” Віталь Карпанаў. Дзяцінства спевака і школьныя гады прайшлі ў вёсцы Сівіца, дзе і сёння жывуць яго бацькі. У праграме пакажуць таксама іншыя мясціны раёна, напрыклад, гадавальнік глушцоў у Налібоцкай пушчы, маёнтак Бенядзікта Тышкевіча, першага фатографа Беларусі, раскажуць пра знакамітую івянецкую фляндроўку і г. д.

 

 

 

    Семінар-трэнінг “Насілле ў сям’і – не асабістая справа” правяло ў Валожыне рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Прававая ініцыятыва”. Мэта яго – прадухіленне насілля ў сям’і. У семінары бралі ўдзел сацыяльныя педагогі школ, псіхолагі, спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

З цікавымі лекцыямі па тэме “Прафілактыка сямейна-бытавога насілля. Пярвічная прафілактыка псіхалагічнага насілля” і “Забеспячэнне правоў чалавека ў сям’і як гарантыя непрымянення насілля” выступілі кандыдаты псіхалагічных навук Н. А. Цыркун і Н. А. Маскалёва. Не менш цікавымі і карыснымі былі і практычныя рэкамендацыі па самаабароне для жанчын, якія даў інструктар, майстра спорту па рукапашным боі С. В. Лабкоўскі.

 

 

    Юныя выканаўцы нашага раёна прынялі ўдзел у творчым конкурсе “Майскі фэст”. Танцоры выязджалі ў Барысаў, а спевакі выступалі на сцэне Маладзечанскай школы мастацтваў.

Па два танцы прадстаўлялі на суд журы ансамбль “Непаседы” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна, якім кіруе Н. П. Шыркова, і харэаграфічны калектыў Ракаўскай СШ пад кіраўніцтвам Т. А. Ястрэмскай. А васьмікласніца СШ № 1 райцэнтра Настасся Барадака выканала песню “Як Рамэо і Джульета”. Яе рыхтавала да конкурсу настаўніца Л. А. Саухіна. Юныя выканаўцы атрымалі дыпломы за ўдзел у творчым іспыце.

 

 

    Актывісты клуба “Залатая восень”, які дзейнічае пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра, пабывалі на экскурсіі ў парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі “Сула” ў суседнім Стаўбцоўскім раёне. На адваротным шляху валожынцы заехалі ў Рубяжэвічы, дзе наведалі мясцовы касцёл і дэндрапарк, што існуе пры ім.

 

    У семінары мікс-арт “Да поспеху і мараў на крылах творчасці”, які прайшоў 22 мая ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў рамках праекта “Крокі да майстэрства”, прынялі ўдзел іх калегі з Маладзечанскага цэнтра творчасці “Маладзік”, з Вілейкі, Беразіно і Рудзенска Пухавіцкага раёна.

Спачатку для гасцей арганізавалі экскурсію па цэнтры творчасці. Затым пачалася работа ў майстар-класах. Падарожжа ў “Краіну арыгамі” арганізавала педагог дадатковай адукацыі І. І. Каваленка, “У свет ляпных вырабаў” запрасіў прысутных яе малады калега П. А. Ляшчынскі, “Адкрытку на памяць” усе рабілі разам з А. І. Собалевай. У якасці рэфлексіі быў прапанаваны тэатр-экспромт “Ініцыятыва і творчасць”, які правяла С. М. Кірасірава. У завяршэнне семінару яго ўдзельнікі наведалі раённы краязнаўчы музей, дзе не толькі пазнаёміліся з экспазіцыяй, але і набылі сувенірную прадукцыю, звязаную з Валожынскім раёнам.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars