Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Кранальная гісторыя Альбара перамагла ў конкурсе штотыднёвіка “Аргументы и факты” “Человек с собакой вдруг”. 27 мая завяршылася галасаванне, якое праходзіла на сайце газеты на працягу двух тыдняў.

У выніку перамогу атрымала гісторыя сабакі Альбара, што даслала на конкурс валанцёр Наталля Папова – 4606 галасоў. Другім прызёрам стала Лада, пра лёс якой расказала наша зямлячка Алена Крэйніс – 4211 галасоў. У Герды, якая заняла трэцяе месца, 2653 галасы. Відавочная розніца.

У любым выпадку перамаглі два сабакі, што ўтрымліваюцца ў сабачым прытулку (гасцініцы) у вёсцы Алешчаняты Гародзькаўскага сельсавета. І ў гэтым ёсць уклад многіх чытачоў раённай газеты, якія аддалі ім свае галасы ў сацыяльных сетках. 31 мая гаспадары Крэйнісы завезлі Альбара ў Мінск, спачатку ў грумінг-салон, дзе ў якасці ўзнагароды ён атрымаў некалькі працэдур, а потым – у прэс-цэнтр “АиФ”, дзе сям’і і іх гадаванцам уручылі падарункі, сувеніры.

 

     Рамонтныя работы не так даўно завяршыліся ў СШ № 2 райцэнтра. Тут быў праведзены бягучы рамонт раздзявалак і душавых для хлопчыкаў і дзяўчынак. Работы выконвалі рабочыя ААТ “ПМК-188”. На іх было выдаткавана амаль 30 тысяч рублёў.

У залежнасці ад фінансавання шмат значных работ запланавана на дні летніх канікулаў. У любым выпадку касметычны рамонт будзе зроблены ва ўсіх установах адукацыі раёна.

 

     Х Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” прайшоў у Мінску на плошчы Свабоды, ля Ратушы.

У фестывалі годна прадставілі сябе члены народнага аб’яднання “Скарбніца” раённага Цэнтра культуры Крысціна Лямбовіч, Алег Капуста, Алена Мурашова і Канстанцін Матус. Яны прывезлі на продаж работы з хатніх калекцый. Мінчане і госці сталіцы набывалі івянецкую кераміку, закладкі-выцінанкі, асаблівым попытам карысталіся работы на бяросце. К. Лямбовіч давала майстар-клас па пляценні паясоў на ніту. Майстрысе быў уручаны Дыплом за другое месца і грашовая прэмія. Наш раён прадстаўляў таксама малады каваль з Івянца Вадзім Буглак, які даў майстар-клас і быў адзначаны Дыпломам за трэцяе месца і грашовай прэміяй.

 

     Адначасова з “Вясновым букетам” праводзіўся фестываль “Гальшанскі замак”. Валожынскія ўмельцы таксама прынялі ў ім удзел.

Мядовую прадукцыю прадстаўляў Аляксандр Хаўрук, вырабы са шкла – Васіль Рубцоў. Марына Саевіч дэманстравала і прадавала ўпрыгажэнні для дзяўчынак, зробленыя сваімі рукамі ў рознай тэхніцы.

 

    У Стоўбцах адбыліся фінальныя гульні абласнога этапу Рэспубліканскага турніру па футболе “Кубак Соса-Соla. Уступай у гульню!” сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 12-13-гадовага ўзросту. У ім прынялі ўдзел па пяць каманд. У гэтых спаборніцтвах ёсць адна акалічнасць: за каманду павінны выступаць вучні адной школы.

Абедзве каманды нашага раёна былі сфарміраваны з вучняў гімназіі № 1. Дзяўчаты занялі першае месца і 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей прынялі ўдзел у рэспубліканскім турніры. Да перамогі іх прывёў настаўнік І. І. Філістовіч. Хлопчыкі, выхаванцы трэнера А. П. Кавязы, прапусцілі наперад каманду гаспадароў і занялі другую прыступку п’едэстала гонару. Юныя футбалісты былі ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі, кубкамі. Прынеслі радасць ігракам фірменная атрыбутыка “Соса-Соla” і скрыня папулярнага напітку.

 

     З 26 па 31 мая ў Валожыне праходзілі выпускныя балі для выхаванцаў дзіцячых садоў і вучняў пачатковай школы. Некаторыя бацькі пажадалі правесці іх не традыцыйна ў сценах устаноў, а зрабіць для дзяцей свята больш запамінальным. Спецыяльныя праграмы падрыхтавалі да гэтай падзеі культработнікі РЦК і работнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

На тэатралізаваную гульнявую праграму “Квест Доктара Айбаліта і яго сяброў” запрашаў РЦК. Яе паказалі вучням 4 класа СШ № 1 і дзвюм групам дзіцячага сада № 2. У цэнтры творчасці праграму “Аліса ў краіне цудаў” правялі для вучняў яшчэ аднаго класа СШ № 1, а “Поле цудаў” – для дзвюх груп дзіцячага сада № 3 і адной – дзіцячага сада № 6. І дзеці, і іх бацькі былі вельмі задаволены такімі выпускнымі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars