Валянціна Фамінічна ШАВЯРДА: “Я ганаруся, што стала ўрачом”

Валянціна Фамінічна ШАВЯРДА амаль чатыры дзясяткі гадоў стаяла на варце аховы здароўя маленькіх жыхароў Валожыншчыны: з 1974-га па 1991-ы была раённым педыятрам, а пасля – намеснікам галоўнага ўрача райбальніцы па дзяцінстве і родадапамозе. За вялікія працоўныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. А колькі падзяк і грамат – не злічыць. Галоўны дэвіз – “Не нашкодзь!” – В. Ф. Шавярда пранесла праз усё жыццё, кожны дзень дорачы радасць вылячэння сваім пацыентам і іх бацькам. “Я ганаруся, што стала ўрачом, – з пачуццём задавальнення расказвае Валянціна Фамінічна. – А чаму? Стаю на аўтобусным прыпынку, спыняецца легкавушка – вадзіцель ветліва запрашае падвезці. Я адказваю, што не саджуся ў чужыя машыны. Чуецца голас: “Чаму ж чужая?! За рулём мужчына, якому Вы выратавалі жыццё. Сядайце, мы Вас давязём, куды трэба”. Ці еду ў аўтобусе. Жанчына на ўвесь салон крычыць: “А вы ведаеце, хто гэта сядзіць? Шавярда Валянціна Фамінічна”. Я ёй кажу: “Ну што Вы крычыце?” “Дык яна ж у Войштавічах выратавала майго сына. Гэта яна, во!” – гучыць у працяг размовы… А прайшло з таго моманту больш за 40 гадоў”.

    Колькі выратаваных жыццяў, у прамым сэнсе слова, на рахунку доктара ад Бога – цяпер і не ўзгадаць. А вось людзі памятаюць усё і праз гады, а гэта, пагадзіцеся, самая вялікая адзнака працы. Нездарма ж яе называлі Матуляй дзяцінства.

 

Сярод ганаровых прафесій, якія патрэбны чалавецтву, па меркаванні В. Ф. Шавярды, прафесія медыка займае найвышэйшую ступень. Пра яе мараць многія, марыла і яна. Прыкладам стала любімая цётачка – так ласкава і з цеплынёй мая гераіня называе сваячніцу, што дала ёй пуцёўку ў жыццё. Нарадзілася Валянціна Фамінічна ў вёсцы Таль Любанскага раёна. Бацька не вярнуўся з фронту, а ў сям’і, акрамя яе, падрасталі яшчэ два меншыя браты. Маці было цяжка адной спраўляцца з усім, таму пасля заканчэння мясцовай пачатковай школы Валянціну ўзяла да сябе на выхаванне цётачка, якая жыла ў гарпасёлку Дзівін Кобрынскага раёна. Там яна з залатым медалём скончыла школу і збіралася паступаць у медыцынскі інстытут. Аднак нечакана трапіла ў аварыю і атрымала сур’ёзныя траўмы, таму на два гады паступленне давялося адкласці. Але без справы не сядзела: на практыцы спасцігала азы будучай прафесіі, працуючы ў паліклініцы памочнікам рэгістратара, санітаркай.

У Віцебскі медыцынскі інстытут на лячэбны факультэт яна прайшла з першага разу і ўвесь час вучылася на павышаную стыпендыю: ведала, што дапамагаць матэрыяльна няма каму. Па размеркаванні патрапіла ў горад Горкі Магілёўскай вобласці на пасаду ўчастковага ўрача-педыятра. Неўзабаве тут сустрэла свой лёс і разам з мужам, які быў родам з Багданава, у 1969 годзе пераехала на Валожыншчыну. Загадчыца дзіцячага аддзялення Валожынскай райбальніцы Валянціна Дзянісаўна Сакалоўская па-мацярынску цёпла прыняла маладога доктара-цёзку – па словах В. Ф. Шавярды, гэта ўрач высокай кваліфікацыі і вялікай душы. Успамінае, што ў аддзяленні было 40 ложкаў і пасля выхадных хворыя дзеці ляжалі не толькі ў палатах, але і на калідоры. А працавалі тады 2 урачы-педыятры, зараз іх налічваецца 9, а па раёне – 15. Да таго ж назіралася вельмі высокая нараджальнасць – на абслугоўванні знаходзіліся больш за 2 тысячы дзяцей.

Праз пяць гадоў Валянціну Фамінічну прызначылі на пасаду раённага педыятра. Сваю работу пачала з павышэння ведаў: кожныя тры гады вучылася не толькі ў Медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску, але ў Ленінградзе і ў Маскве. У 1976 годзе ёй была прысвоена першая кваліфікацыя ўрача-педыятра, праз адзінаццаць гадоў – вышэйшая катэгорыя. На той час В. Ф. Шавярда стала адзіным урачом у раёне з такой кваліфікацыяй.

За час працы былі дасягнуты добрыя паказчыкі: на працягу 4 гадоў ні ў радзільным, ні ў дзіцячым аддзяленнях не рэгістравалася дзіцячая смяротнасць – а гэта самы галоўны паказчык паспяховай работы дзяцінства. На высокім узроўні праводзіліся дыспансерызацыя і аздараўленне дзяцей. Малышоў да года ў абавязковым парадку 2 разы ў год аглядаў раённы педыятр, а школьнікаў – адзін раз у год камісійна ўсе спецыялісты. На жорсткім кантролі знаходзіліся нядобранадзейныя сем’і, асабліва дзе выхоўваліся маленькія дзеці. У райбальніцы па ініцыятыве Валянціны Фамінічны быў арганізаваны савет фельчараў і акушэрак, на якім штомесяц праходзіла вучоба па актуальных пытаннях здароўя дзяцей, разглядаліся сітуацыйныя задачы па аказанні экстраннай дапамогі. Таму нездарма педыятрычная служба раёна лічылася школай перадавога вопыту: на базе Вішнеўскай і Івянецкай бальніц праводзіліся абласныя семінары, у Валожыне – дзень галоўнага ўрача па дзяцінстве, куды прыязджалі галоўныя ўрачы райбальніц і райпедыятры, а таксама галоўныя спецыялісты абласнога ўпраўлення.

Тады не было рэанімацыйнага аддзялення, і калі паступала дзіця з цяжкай хваробай, то да яго абавязкова выклікалі райпедыятра, дзе б яна ні знаходзілася, – такі быў няпісаны закон. “Самае важнае ў рабоце – высокая граматнасць і чуццё: ад гэтага залежыць правільнае назначэнне і лячэнне, а адсюль і вылячэнне; вопыт і спагадлівыя адносіны, – адзначае В. Ф. Шавярда. – Трэба зразумець гэтых матулю, бацьку, бабулю ці дзядулю: яны гарой стаяць за сваю крывіначку, і я станаўлюся ў гэты рад разам з імі, а можа, нават стаю спераду. Як цяпер памятаю выпадак, калі радзільнае аддзяленне падчас рамонту перавялі ў Пяршайскую бальніцу. Тэрмінова выклікаюць –  “пажаўцела” немаўля: рэзус-канфлікт. Калі не зрабіць яму заменнае пераліванне крыві – загіне. Не раздумваючы, разам з медсястрой прыступаю да гэтай складанай маніпуляцыі. Ад вялікай напругі адчуваю, што абамлею, але ад дзіцяці не адхожуся ні на міг – сяджу каля яго аж да раніцы, пакуль не бачу, што самае страшнае мінула. Безумоўна, была вялікая рызыка, я баялася, але іншага выхаду не існавала: ці раблю ўсё магчымае і ён гіне на маіх вачах, ці выратоўваю яго… Пасля такую маніпуляцыю праводзіла не аднойчы, была адзінай сярод калег у вобласці, хто асмеліўся на адказны і непрадказальны крок. Вось так стваралася рэпутацыя педыятрычнай службы раёна.

На адной нарадзе ракаўскі галоўны ўрач, нібы жартам, сказаў: “Ну гэта нам пакажа!” Я не старалася штосьці паказаць, але, калі патрэбна было для справы – патрабавала і не адступала. І мяне “крыху” баяліся… і слухаліся.

У маёй вялікай працоўнай біяграфіі былі цяжкасці і ўдачы, але заўсёды ведала, што побач калегі, якія дапамогуць, падкажуць. Гэта высокакваліфікаваныя і вельмі любячыя дзяцей урачы: Валянціна Дзянісаўна Сакалоўская, Эмілія Рыгораўна Янкілевіч, Святлана Віктараўна Куляшова, Ірына Юр’еўна Станкевіч, Ірына Вікенцьеўна Вінаградава.

Я ўдзячна лёсу, што даў мне магчымасць працаваць з сапраўднымі прафесіяналамі, якія сёння з’яўляюцца легендай медыцыны Валожынскага раёна – Анатоліем Пятровічам Інфаровічам, Ісакам Маісеевічам Рудбергам, Леакадзіяй Мікалаеўнай Кляпец, Святланай Фёдараўнай Ліснеўскай, Анатоліем Юльянавічам Скурановічам, Мікалаем Уладзіміравічам Пыжыкам, Генадзіем Іванавічам Скорбам і многімі-многімі іншымі. Светлая памяць аб іх назаўсёды ў маім сэрцы.

А сёння хачу звярнуцца да маладых калег. Захавайце ў сваёй душы святасць у адносінах да справы, якую вы выбралі галоўнай у жыцці. Няхай клятва Гіпакрата будзе не фармальным рытуалам, прысвячэннем у прафесію, а сапраўдным сэнсам вашага жыцця. Бо дэвіз “Не нашкодзь!” – гэта не толькі медыцына, але чалавечнасць, дабрыня, мудрасць і прафесіяналізм”.

 

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars