Сапраўдны прыклад інклюзіі

“Прывітанне, лета!” – акцыя з такой назвай, прымеркаваная да Дня абароны дзяцей, праведзена па ініцыятыве раённай структуры “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” пры падтрымцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Старшыня арганізацыі, кіраўнік аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч з просьбай аб дапамозе ў правядзенні інклюзіўнага мерапрыемства звярнулася да гаспадыні аграсядзібы “Раўнавага” Ларысы Альбертаўны Мытнік. Гэта неардынарная жанчына мае даўнія стасункі з сацыяльнай установай і ніколі не адмаўляецца ад супрацоўніцтва. Не аднойчы выключная майстрыха ўдзельнічала ў майстар-класах у рамках розных праектаў, мэта якіх – працоўная рэабілітацыя людзей з інваліднасцю. Яе хутар шмат разоў станавіўся пляцоўкай для правядзення падобных мерапрыемстваў.

Трыма рэйсамі дзеці-інваліды, маладыя інваліды, іх бацькі былі дастаўлены на маляўнічую лясную паляну з дапамогай транспарту, што прадаставіў ТЦСАН. Усяго больш за 50 удзельнікаў высадзіліся на месцы, абсталяваным усім неабходным для іх адпачынку. У залежнасці ад стану здароўя ўдзельнікі акцыі маглі выбраць занятак па душы. Яны з асалодай забаўляліся з мячом, гулялі ў дартс, у «даганялкі». Кагосьці вабіў батут, іншыя пастараліся адчуць сябе сапраўднымі коннікамі – цэлая чарга стварылася ля драўлянага каня, што ўпрыгожвае двор Мытнікаў.

Калі наваколле напоўнілася гукамі музыкі, наведвальнікі сабраліся ў круг для правядзення адкрыцця свята. Арганізатары, гаспадары павіталі хлопчыкаў, дзяўчынак, дзяўчат, юнакоў, іх матуль і запрасілі да актыўнага ўдзелу ў гульнёвай праграме. Спецыяліст аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Вольга Вяршыцкая падчас падрыхтоўкі забаў улічыла магчымасці і здольнасці кожнага. Шумна і весела прайшла працэдура знаёмства. Матулі, спецыялісты, трэнеры праекта першымі паказалі прыклад актыўнага ўдзелу ў забаўляльных выпрабаваннях. Яны, пры непасрэдным удзеле сваіх дзяцей, гатавалі марожанае, разгадвалі загадкі, выконвалі практыкаванні на каардынацыю. Ад старэйшых не адставала і юнае пакаленне. Цяжка было стрымаць смех, калі ў ход пайшлі прадметы з чароўнага кошыка (прапаноўвалася прымераць на сябе штосьці з яркіх, амаль карнавальных, аксесуараў).

Пазней мікрафон аказаўся ў руках Уладзіміра Ціханоўскага (рэжысёра РЦК), і ажыўленне ўзмацнілася. Прафесійны аніматар з памочніцамі Карынай Кашырскай (кіраўнік вакальнага ансамбля “Праменьчыкі” РЦК) і Алінай Зарой (культарганізатар ЦТДіМ) літаральна запалілі ў прысутных агеньчыкі радасці. Калі ж Уладзімір пераўвасобіўся ў вядомы персанаж – Доктара Айбаліта, захапленне, як кажуць, зашкаліла. Пад кіраўніцтвам казачнага медыка ўдзельнікі свята “папраўлялі здароўе” праз гумар, рух, добрую песню. Сапраўдны ўзрыў эмоцый выклікалі спаборніцтвы каманд “Маланка” і “Сонейка”. Сюрпрызным момантам стаў сеанс аквагрыму. Пазней да гаманкой кампаніі далучыліся персанажы мультыплікацыйнага фільма “Смяшарыкі” Нюша і Крош, якія задалі тон на дыскатэцы.

Бліжэй да полудня па наваколлі распаўсюдзіліся апетытныя пахі, і гаспадыня гасцінна запрасіла юных і дарослых гарэз да стала. Тых, хто б спрабаваў адмовіцца ад пачастункаў, не знайшлося. І не дзіва – безліч энергіі было страчана падчас забаў. Падсілкаваўшыся кулінарнымі шэдэўрамі, што складаюць меню аграсядзібы, кожны госць атрымаў шклянку самаробнага марожанага – таго самага, у стварэнні якога прымаў удзел падчас гульні.

Стомленымі, але шчаслівымі ў першы летні дзень адчувалі сябе тыя, для каго жыццё аказалася шчодрым на выпрабаванні. Цудоўную акцыю, праведзеную няўрымслівымі, самаахвярнымі людзьмі, Любоў Каткевіч і Вольга Варакса з Івянца (шматдзетныя маці выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю) назвалі сапраўдным прыкладам інклюзіі. Да гэтага меркавання далучыліся ўсе ўдзельнікі мерапрыемства.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

сапраўдны-прыклад

сапраўдны-прыклад2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars