Пайсці і вярнуцца

     Летам і восенню грамадзяне сем’ямі выбіраюцца ў лес, каб назбіраць ягад, грыбоў. Некаторых аматараў “ціхага” палявання не палохаюць незнаёмыя мясціны, ёсць смельчакі, якія не звяртаюць увагі на дрэннае самаадчуванне. Менавіта прадстаўнікі такіх катэгорый людзей найчасцей і блукаюць, а часам і знікаюць назаўсёды.

Летась на Міншчыне супрацоўнікі міліцыі 85 разоў адпраўляліся на пошукі прапаўшых грыбнікоў. Сумесна з работнікамі МНС, ваеннаслужачымі, дабравольцамі і валанцёрамі праваахоўнікі нярэдка суткамі не выходзілі з лесу. Не заўсёды гэта цяжкая работа заканчвалася радасным фіналам. У 2017 годзе 6 чалавек былі знойдзены ўжо мёртвымі. Лёс 39 грамадзян, якія заблудзіліся ў лясных масівах, не вядомы і сёння.

Міліцыя заклікае ўсіх, хто любіць пахадзіць ляснымі сцежкамі, не рабіць гэта ў адзіночку. Вазьміце з сабой спадарожніка, а лепш – некалькі. Загадзя паклапаціцеся, каб ваш мабільнік быў поўнасцю зараджаны. Удакладніце маршрут, адмоўцеся ад наведвання невядомых ці цяжкадаступных мясцін.

Калі ж зразумелі, што, нягледзячы на ўсе перасцярогі, заблудзіліся, то ў першую чаргу пастарайцеся супакоіцца і ўзяць сябе ў рукі. Успомніце, адкуль вы ішлі, прыгледзьцеся, ці ёсць вакол вас нейкія арыенціры: лініі электраперадач, пасадка, буралом і інш. Пра здарэнне паведаміце ў міліцыю і пакіньце свой мабільны ўключаным. Гэта дапаможа пошукавай групе хутчэй на вас выйсці.

Таксама папярэдзьце сваіх пажылых сваякоў, асабліва тых, хто мае праблемы са здароўем, каб нават не планавалі самастойных лясных паходаў. Такім грамадзянам рэкамендавана хадзіць па грыбы і ягады ў кампаніі з маладымі, здаровымі.

Мяркуем, не лішнім будзе нагадаць некалькі простых правіл, выкананне якіх можа не толькі засцерагчы вас ад непрыемнасцей, але і ўратаваць жыццё.

  1. Скажыце сваім блізкім і родным, куды збіраецеся пайсці.

Няхай як мага больш людзей (суседзі, знаёмыя, сябры, сваякі) ведаюць ваш маршрут. Звярніце ўвагу на буйныя арыенціры: рэчка, дарога, чыгуначная станцыя. Калі чалавек не вярнуўся дадому, то перш-наперш паведаміце пра гэта ў міліцыю. Не думайце, што вы ўласнымі сіламі зможаце адшукаць прапажу! Патраціце час, а сіл у пажылога чалавека мала, да таго вечар ці ноч могуць аказацца халоднымі. Тут і да бяды недалёка.

  1. Што ўзяць з сабой?

Найперш не забудзьце мабільны тэлефон. Прасачыце, каб ён быў зараджаны, з папоўненым балансам. Бывае, што ў лесе сотавая сувязь не заўсёды “ловіць”, таму павесьце сабе на шыю шнурок з гучным свістком. Такая “сувязь” можа аказацца самай надзейнай.

Пажадана захапіць з сабой бінт, ёд, набор запалак у непрамакальнай упакоўцы, дажджавік, невялікі запас грошай. У лес часта апранаюць старыя курткі, камуфляжную форму. Але лепш аддаць перавагу адзенню яркіх колераў – будзеце прыкметнымі.

  1. Заблудзіліся? Вашы дзеянні.

Не панікаваць! Пастарайцеся вярнуцца на тое месца, дзе вы разышліся з таварышамі. Шукайце любую сцежку, прасеку, лінію электраперадач. Калі знайшлі арыенцір – нікуды не зварочвайце, прытрымлівайцеся яго. І яшчэ: ніколі не пераходзьце раку, ручай ці іншы вадаём, балота. Надзейней рухацца ад яго ў супрацьлеглы бок.

У выпадку, калі даводзіцца заначаваць у лесе, распаліце касцёр на высокім месцы, каля вялікага дрэва. Кладзіцеся тварам да агню. Ні ў якім разе нельга спаць! Засняце – і не пачуеце тых, хто ідзе вам на выручку.

Таксама вельмі важна браць з сабой у лес пабольш ежы, вады, цёплых рэчаў, компас, зручны абутак.

  1. Для сваякоў.

Пра тое, што блізкі вам чалавек не вярнуўся своечасова з лесу, паведаміце ў міліцыю. Не марудзьце! Да пошукавай групы можаце далучыцца таксама.

Здараецца, што хтосьці натрапіў у лесе на чалавечыя астанкі ці нейкія прадметы (вопратка, абутак, вядро, кошык, веласіпед і г. д.), якія ўказваюць на магчымае знаходжанне заблудных. У такім выпадку не палянуйцеся праінфармаваць міліцыю.

Аддзел пошукавай работы

УУС Мінаблвыканкама 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars